«Сутыкнуцца з вайной, калі захочуць застацца незалежнымі», — украінскі міністар пра Беларусь

Міністар замежных справаў Украіны Вадзім Прыстайка

Міністар замежных справаў Украіны Вадзім Прыстайка ў інтэрвію чэскаму выданьню Respekt выказаўся пра найбліжэйшую будучыню Беларусі.

Адносна ўкраінска-беларускіх стасункаў міністар заявіў, што «мы ня можам скардзіцца», бо «заўсёды была добрая дыскусія».

На пытаньне пра тое, ці была тая дыскусія канструктыўнай, Вадзім Прыстайка адзначыў, што чуе ў голасе журналіста «лёгкую іронію», якую палічыў недарэчнай: Украіну і Беларусь цяпер яднаюць сярод іншага нафтавыя пытаньні ў сувязі з расейскімі пастаўкамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна мусіць мець агульную з Эўразьвязам пазыцыю па атамнай энэргіі зь Беларусі, — экс-кіраўнік украінскага МЗС

«Беларусь чакаюць цяжкія часы, — сказаў Вадзім Прыстайка. — Пару гадоў таму я размаўляў зь некалькімі беларускімі журналістамі, і калі не пад запіс сказаў ім, што, калі яны хочуць застацца незалежнымі, іх чакае з Расеяй тая ж вайна, тыя ж цяжкасьці і тыя ж пакуты, што маем мы, яны мне не паверылі. Цяпер мо менш сумняваюцца».

Журналіст перапытаў украінскага міністра, калі такое можа адбыцца. Прыстайка адказаў, што перадусім хацеў бы памыляцца ў такім прагнозе.

«Беларусы спакойныя і трывучыя, — разважаў міністар. — Але і мы былі спакойнымі і трывучымі людзьмі — трываеш да моманту, пакуль цябе не пачнуць забіваць. Тады таксама пачынаеш забіваць. Хоць другі мацнейшы, што табе застаецца?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна ці не вайна? Адкажы як Лукашэнка! ТЭСТ

Прыстайка адзначыў: і Аляксандар Лукашэнка дапускаў, што беларускім салдатам давядзецца ваяваць. Украінскі міністар назваў два варыянты дзеяньняў у выпадку нападу Расеі:

«З дапамогай замежных партнэраў будзьце разумнымі і спакойнымі — і прайграйце. Або пачніце змагацца проста зараз».