Рада Эўразьвязу 17 лютага працягнула абмежавальныя захады адносна Беларусі да 28 лютага 2021 году. Міністэрству замежных спраў Беларусі гэта не спадабалася.
Эўрапейскія санкцыі ўключаюць эмбарга на пастаўкі зброі і абсталяваньня, якія могуць быць ужытыя ў Беларусі дзеля рэпрэсій, замарожваньне рахункаў і забарону на паездкі адносна чатырох чалавек. Пры тым Эўразьвяз працягнуў выключэньне, якое дазваляе пастаўляць пэўную колькасьць спартовых вінтовак і пісталетаў.
Першапачаткова ў санкцыйны сьпіс ЭЗ уваходзілі чатыры беларускія чыноўнікі — Уладзімер Навумаў, Віктар Шэйман, Юры Сівакоў і Дзьмітры Паўлічэнка. Паводле ЭЗ, яны маюць дачыненьне да зьнікненьня ў Беларусі апанэнтаў улады ў 1999–2000 гадах.
У сьнежні 2004 году, пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, па выніках якога Аляксандар Лукашэнка атрымаў права абірацца на пасаду прэзыдэнта неабмежаваную колькасьць разоў, сьпіс папоўнілі кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына і камандзір палку міліцыі спэцпрызначэньня Юры Падабед.
У 2006 годзе сьпіс пашырыўся да 41 чалавека, якія, на думку ЭЗ, былі адказныя за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі. У сьпіс быў уключаны і Аляксандар Лукашэнка.
У кастрычніку 2008 году санкцыі ў дачыненьні да Лукашэнкі і яшчэ 35 чыноўнікаў былі прыпыненыя.
Дзеяньне санкцый ЭЗ у дачыненьні да Беларусі было адноўлена і пашырана пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, якія завяршыліся жорсткім разгонам мірнай дэманстрацыі ў Менску, арыштам большасьці альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты і масавымі рэпрэсіямі ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці.
На працягу наступных пяці гадоў «чорны сьпіс» ЭЗ неаднаразова мяняўся: некаторыя фізычныя асобы і кампаніі зь яго выключаліся, іншыя — уносіліся. Акрамя гэтага, у 2011 годзе ЭЗ увёў эмбарга на пастаўкі зброі ў Беларусь.
15 лютага 2016 году Рада ЭЗ пастанавіла скасаваць абмежавальныя меры ў дачыненьні да 170 фізычных асоб і 10 кампаній. Пад санкцыямі засталіся Ўладзімер Навумаў, Віктар Шэйман, Юры Сівакоў і Дзьмітры Паўлічэнка. Таксама былі захаваныя эмбарга на пастаўкі зброі і забарона на экспарт тавараў для ўнутраных рэпрэсій.
МЗС расчараваны
Прэс-служба Міністэрства замежных спраў Беларусі распаўсюдзіла заяву пра расчараваньне ад працягу абмежавальных захадаў Эўразьвязу. МЗС заклікае Эўразьвяз да пашырэньня дыялёгу зь Беларусьсю і выказвае спадзяваньні на тое, што беларуска-эўрапейскія стасункі неўзабаве «набудуць напраўду недыскрымінацыйны характар».
«Лічым гэтыя абмежаваньні беспадстаўнымі перажыткамі мінулага і праявай палітычнай інэрцыі ў падыходах Эўразьвязу да выбудоўваньня дыялёгу зь Беларусьсю, — піша прэс-служба МЗС. — Бо відавочна, што за апошнія гады ў беларуска-эўрапейскіх адносінах дасягнута значна больш, чым за папярэдняе дзесяцігодзьдзе санкцый.
Упэўненыя, што і ў самім Эўразьвязе ўсьведамляюць, што рытуальнае падаўжэньне абмежавальных захадаў супраць Беларусі не прыводзіць ні да якіх станоўчых вынікаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо: ЗША «хочуць дапамагчы Беларусі пабудаваць сувэрэнную краіну», але санкцыі пакуль не скасоўваюць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША адкажуць санкцыямі ў выпадку расейскай агрэсіі супраць Беларусі, — амэрыканскі палітоляг