Урад Беларусі створыць Раду ў справе замежных інвэстыцый, якую ўзначаліць прэм’ер-міністар краіны, а сустаршынём стане прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР), інфармуе агенцтва «Інтэрфакс».
Стварэньне новай структуры, якая заменіць дзеючую Кансультатыўную раду ў справе замежных інвэстыцый (КСЗІ) пры ўрадзе, прадугледжана праектам пастановы Савету міністраў РБ. Дакумэнт апублікаваны на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале для грамадзкага абмеркаваньня.
У адпаведнасьці з праектам прадугледжваецца, што фінансаваць дзейнасьць новай рады будзе ЭБРР, які выдзеліць трохгадовы грант на гэтыя мэты. Урад Беларусі прадставіць офіс для сакратарыяту рады ў памяшканьні «Нацыянальнага агенцтва інвэстыцый і прыватызацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад хоча грошы наперад, а Эўрапейскі банк чакае ад Беларусі рэалізацыі ўгодаў аб прыватызацыі
У пачатку лютага сёлета прэзыдэнт ЭБРР Сума Чакрабарці, пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляў аб плянах правядзеньня першага пасяджэньня рады ў справе замежных інвэстыцый увосень сёлета.
Чакрабарці таксама сказаў, што ЭБРР прыступіць да распрацоўкі новай краінавай стратэгіі для Беларусі ў канцы 2020 году:
«Да канца гэтага году мы плянуем перайсьці да распрацоўкі новай краінавай стратэгіі для Беларусі. Мы будзем чакаць завяршэньня прэзыдэнцкіх выбараў і пасьля правядзеньня рады ў справе замежных інвэстыцый пяройдзем да падрыхтоўкі новай 5-гадовай стратэгіі на 2021-2025 гады», — сказаў Чакрабарці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь атрымае 259 мільёнаў эўра крэдыту на рамонт мастоў і дарог
Паводле слоў Чакрабарці, у новай стратэгіі «знойдуць адлюстраваньне пытаньні, у якіх мы зацікаўленыя — праца зь дзяржбанкамі, дзяржпрадпрыемствамі, інфраструктурныя праекты на муніцыпальным узроўні». Таксама «магчымая падтрымка» зялёнай «эканомікі, якую плянуюць разьвіваць у Беларусі», адзначыў прэзыдэнт ЭБРР.