ЗША вырашылі выдаткаваць $ 1 млрд на фінансаваньне праектаў у Эўразьвязу, якія дазволяць зьнізіць залежнасьць ад расейскіх энэргарэсурсаў, заявіў у суботу на Мюнхэнскай канфэрэнцыі дзяжсакратар ЗША Майк Пампэо.
«Злучаныя Штаты Амэрыкі праз Міжнародную фінансавую карпарацыю разьвіцьця і пры падтрымцы Кангрэсу ЗША маюць намер выдаткаваць да 1 мільярда даляраў для краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы з ініцыятывы «Трох мораў», — сказаў Пампэо на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў галіне бясьпекі.
«Наша мэта — прыцягненьне інвэстыцый прыватнага сэктару ў энэргетычную галіну», — дадаў дзяржаўны сакратар ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дылема Захаду: як падтрымаць незалежнасьць Беларусі, не ўмацоўваючы рэжыму Лукашэнкі?
Ініцыятыва «Тры моры» — клюб з 12 краін Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, членаў ЭЗ, якія пасьля анэксіі Крыму Расеяй у 2014 годзе сталі усё больш занепакоеныя расейскім уплывам.
На нарадзе «Трох мораў» у 2017 годзе прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў паставіць групе звадкаваны прыродны газ ЗША, каб яны ніколі не былі «закладнікамі» адзінага расейскага пастаўшчыка.
Прапанова Вашынгтона адбываецца на фоне жорсткага процістаяньня ЗША расейскаму газаправоду «Паўночны паток 2», які ўдвая павялічвае пастаўкі газу ў Нямеччыну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо: ЗША «хочуць дапамагчы Беларусі пабудаваць сувэрэнную краіну», але санкцыі пакуль не скасоўваюць
Пасьля заявы Пампэо прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Морган Ортагус патлумачыла ў Твітэры, што гэтыя сродкі дапамогуць забясьпечыць «сувэрэнітэт, росквіт і энэргетычную незалежнасьць нашых эўрапейскіх сяброў».
Акрамя таго Пампэо падчас свайго выступу заклікаў ня верыць запэўніваньням Расейскай Фэдэрацыі аб тым, што газаправод «Паўночны паток 2» — гэта чыста эканамічны праект.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп наведае рэгіянальны саміт «Ініцыятывы трох мораў». Што гэта такое?
Як разьвіваліся адносіны Беларусі і ЗША. Галоўнае
- ЗША прызналі Беларусь у 1992 годзе.
- У 1994 годзе ЗША, разам зь Вялікай Брытаніяй і Расеяй, падпісалі Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі для Беларусі ў абмен на перадачу Беларусьсю ядзерных узбраеньняў Расеі.
- Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан быў зь візытам у Беларусі ў 1994 годзе, падчас візыту ён наведваў Курапаты.
- Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу ня быў з афіцыйным візытам у ЗША.
- Таваразварот гандлю паміж Беларусьсю і ЗША ў 2018 годзе склаў 711 мільёнаў даляраў.
- Аляксандар Лукашэнка неаднойчы казаў, што без ЗША канфлікт ва Ўкраіне ня можа быць вырашаны.
- У 2016 годзе кіраўнік Беларусі заяўляў, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША выйграе Дональд Трамп.
- У 2010-я гады Беларусь была адным са шляхоў невайсковага транзыту грузаў для амэрыканскай вайсковай групоўкі ў Аўганістане.
- У ЗША ў 2004 годзе быў прыняты закон «Акт аб дэмакратыі для Беларусі», які абмяжоўвае гандаль паміж дзьвюма краінамі і забараняе ўраду ЗША галасаваць у міжнародных фінансавых арганізацыях за выдзяленьне Беларусі крэдытаў.
- З 2006 году адносна беларускіх чыноўнікаў дзейнічаюць амэрыканскія візавыя санкцыі.
- У 2007 годзе ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў беларускага канцэрну «Белнафтахім».
- У 2008 годзе Менск запатрабаваў ад‘езду з краіны пасла ЗША Карэн Ст’юарт.
- Адначасова штат амбасады быў скарочаны з 35 супрацоўнікаў да пяці.
З таго часу і дагэтуль ЗША ў Беларусі і Беларусь у ЗША прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных.
11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю
- У 2015 годзе ЗША віталі вызваленьне палітвязьняў у Беларусі і высілкі Менску па спрыяньні ўрэгуляваньню канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
- У 2015 годзе ўлады ЗША прыпынілі дзеяньне эканамічных санкцый адносна Беларусі. У далейшым дзеяньне санкцый прыпынялася кожныя паўгода.
- У 2019 годзе Менск і Вашынгтон дамовіліся аднавіць паўнавартасныя дыпляматычныя адносіны.