Алена Агарэлышава ўжо больш за 10 год тлумачыць людзям, што такое гендэр і як гендэрная тэорыя дапамагае ў звычайным жыцьці. Тлумачыць ня толькі студэнтам лібэральнага каледжу ECLAB, але і міліцыянтам, настаўнікам і сацыяльным работнікам.
«Часткі цела не вызначаюць, якія мы людзі»
«Калі зусім груба тлумачыць, то традыцыйнае ўяўленьне — гэта пра тое, што мая маціца ці мой пэніс вызначаюць мой лёс, — тлумачыць Алена Агарэлышава. — Ёсьць людзі, і яны падзяляюцца ў залежнасьці ад іх рэпрадуктыўнай сыстэмы. Калі дзіця нараджаецца, а ўсе дзеці нараджаюцца сінюшнымі, лысымі і ў крыві, то мы думаем — як азначыць гэтага чалавека? Вось гэта дзяўчынка, вось гэта хлопчык».
Пол дзіцяці ўплывае на тое, як яго ці яе гадуюць. У лепшым выпадку бацькі набываюць дзіцяці сінія ці ружовыя рэчы. У горшым — жанчыны робяць сэлектыўныя аборты, калі даведваюцца на УГД, што чакаюць дзяўчынку.
Згодна з гендэрнай тэорыяй, нашы рэпрадуктыўныя органы не вызначаюць наш лёс. І грамадзтва не павінна да нас ставіцца па палавой прыкмеце. Рэпрадуктыўныя органы проста ёсьць, як рука ці нага, як частка цела, якая, аднак, не вызначае, якімі людзьмі мы робімся з часам. Гендэр — гэта не пра біялягічную прадвызначанасьць, не пра прыроду, а пра сацыяльнае, пра культуру.
«Гендэр — гэта сацыяльны пол. Што гэта значыць? У розных частках сьвету ў розныя часы да мужчын і да жанчын прад’яўлялі розныя патрабаваньні, — разважае Алена. — У розныя часы мужчыны і жанчыны выглядалі па-рознаму. Значыць, гэта не біялёгія, таму што ў розныя часы ў людзей было дзьве рукі, дзьве нагі і выгляд геніталій не зьмяніўся».
«Я магу абіраць працу, мужчын, абіраць, як мне жыць — і гэта выбух»
Гендэрная тэорыя — гэта пра тое, што ў сваім жыцьці ўсё можна абіраць самастойна. Кім быць, як выглядаць, якой сэксуальнасьці быць. Гэта выбар.
«І людзям, якія жылі ў сытуацыі, калі выбару не было, патлумачыць гэта складана», — кажа Алена.
Агарэлышава прыводзіць у прыклад нямецкага філёзафа Эрыха Фрома і яго панятак «уцёкаў ад свабоды». Людзям прасьцей слухацца нейкага правадыра, чым самастойна несьці адказнасьць за свае рашэньні. Часам Алена бачыць, што пэрсанальная адказнасьць палохае людзей, бо ўстаноўка «былі такія абставіны» зьмяняецца на «выходзіць, я мог/магла зьмяніць нешта ў сваім жыцьці?»
«Раней людзі думалі: мой бацька быў селянінам, я буду селянінам і мае дзеці будуць сялянамі, і мы будзем жыць на гэтым канкрэтным кавалку зямлі, — тлумачыць Алена. — Потым зьявілася магчымасьць пераяжджаць, потым можна было жыць у гарадах, абіраць сабе прафэсію. Для жанчын сьвет не зацыкліўся на ролях жонкі і маці пры забесьпячэньні нейкага мужчыны. Яны змаглі працаваць. Я магу і абіраць працу, і абіраць мужчын, і абіраць, як мне жыць. І гэта выбух. Таму што чым больш выбару, тым больш адказнасьці».
Пра гендэр Алена вядзе асобны курс у ECLAB — Эўрапейскім каледжы ў Беларусі, заснаваным на прынцыпах нефармальнай адукацыі. Асноўная мэта Агарэлышавай ня ў тым, каб даць правільныя адказы, а каб навучыць студэнтаў і студэнтак крытычнаму асэнсаваньню інфармацыі.
«Я магла б яму сказаць, што ён сэксіст і нічога не разумее»
Па такім жа прынцыпе Алена выкладае і на трэнінгах у дзяржаўных установах. Людзі ў нас маюць траўматычны вопыт пасьля фармальнай сыстэмы адукацыі, лічыць яна. І каб давесьці новую інфармацыю, трэба пераадолець унутраныя блёкі, прымусіць чалавека адчуваць.
Так, на трэнінгу па супрацьдзеяньні хатняму гвалту для ўчастковых міліцыянтаў Алена спачатку правяла зь імі інтэрактыўны занятак на вуліцы. Міліцыянты ў поўным абмундзіраваньні бегалі адзін за адным у «даганялкі» і сьмяяліся. Толькі пасьля такога сэансу разьнявольваньня яны былі гатовыя размаўляць і слухаць пра хатні гвалт, уключацца і адчуваць спагаду.
Некалькі год таму Агарэлышава з калегамі рабіла выставу аб праблемах, зь якімі сутыкаецца жанчына на працы. Туды прыйшоў мужчына зь сям’ёй. І выстава яму адразу не спадабалася.
«І я кажу яму: «Праблемы на працы маюць і мужчыны. Да мужчыны прад’яўляюць падвышаныя патрабаваньні, бо лічыцца, што ён здабытчык. Таму ўзрастае псыхалягічнае і фізычнае напружаньне, сьмяротнасьць раней наступае, у асноўным праз сардэчны прыступ. Да таго ж мужчына ня звык клапаціцца пра сваё здароўе, таму што „сапраўдны мужык не павінен праяўляць падобную слабасьць“, — кажа Алена. — І гэты мужчына кажа: „Ведаеце, на пачатку 90-х мяне ня бралі на працоўныя спэцыяльнасьці, таму што ў мяне ў дыплёме была вышэйшая адукацыя. А мне трэба было карміць сям’ю“. І я бачу па яго твары, што ён пра гэта ні з кім ніколі не размаўляў. Я магла б яму сказаць, што ён сэксіст і нічога не разумее. Але цяпер большая верагоднасьць таго, што ён прыслухаецца. Магчыма, цяпер ён падумае: у мяне баліць — і ў іншых недзе баліць».
Алена кажа, што гендэрную тэорыю часта крытыкуюць: маўляў, фэміністкі напрыдумлялі — і цяпер у нас шмат праблем. Але не было такога, што зьявіўся панятак «хатні гвалт» і людзі пасьля гэтага пачалі зьбіваць жонак, дзяцей і старых. Гендэрная тэорыя — гэта спроба патлумачыць тое, што ўжо даўно існуе.
«Трэба думаць пра тое, як гендэрны падыход можа дапамагчы вырашыць бягучыя праблемы, — кажа Алена. — Гэта ня штосьці новае, ня новы галаўны боль. Гэта тое, што дапамагае».
«Гэта асабісты выклік»
Апошняя лекцыя Алены была прысьвечаная гендэрнай будучыні. Але ніякіх дакладных сцэнараў у яе няма. Агарэлышава ўвогуле не аматарка адназначных адказаў, заўжды кажа: «Тут трэба разьбірацца».
Пра гендэрную будучыню дакладна зразумела адно: сьвет будзе вельмі розны. Калі, вядома, не ператворыцца ў антыўтопію ў стылі «Аповеду служанкі» Маргарэт Этвуд, дзе ўсе людзі будуць аднолькавымі «балванкамі».
«Значна складаней грамадзтва зьмяняць. Таму што часам гэта вельмі марудныя сацыяльныя працэсы, уплывы пакаленьняў і культуры, выклікі, — кажа Алена. — Дыктаваць, што „трэба насіць чырвонае“ (як у „Аповедзе служанкі“ — РС) значна прасьцей. І простыя тэзісы працуюць. Я ўспрымаю гэта як асабісты выклік, у тым ліку на сваіх лекцыях: як зрабіць няпростыя ідэі простымі для тлумачэньня. Часам праз эмоцыі, праз асабісты вопыт, праз стратэгіі — як так прыдумаць, каб людзі зразумелі і абстрагаваліся ад цэбраў прапаганды, у якой значна больш рэсурсаў».