Летась у Беларусі здабылі 978 тысячаў тонаў нафты, а з Расеі раней куплялі па 18 млн тонаў на год.
Па выніках 2019 году запасы нафты ў Беларусі вырасьлі на 16,3%, перадае БелаПАН заяву намесьніка міністра прыродных рэсурсаў Андрэя Хмеля з выніковай калегіі міністэрства 14 лютага.
Колькі нафты ў Беларусі?
Колькі дакладна цяпер даказаных запасаў нафты ў Беларусі, не перадаюць. Але на 2018 год Цэнтральнае выведнае ўпраўленьне ЗША ацэньвала даказаныя запасы беларускай нафты ў 198 млн барэляў (гэта каля 27,72 млн тонаў).
Паводле гэтага паказьніка Беларусь займае 56-е месца ў сьвеце — даказаных запасаў нафты амаль як у Альбаніі, удвая менш за Ўкраіну, у 400 разоў менш за Расею і ў паўтары тысячы разоў менш за Вэнэсуэлу.
Насамрэч, нафты на беларускіх тэрыторыях можа быць значна больш (ацэнкі вагаюцца аж ад 5 да 11 млрд тонаў), проста пакуль яе не знаходзілі і тым больш ня могуць здабываць.
«Беларусьнафта» ўласнымі сіламі за 2019 год «забясьпечыла прырост запасаў нафты» на 1,7 млн т, выдаткавала на гэта 50,7 млн рублёў. За 2016–2019 гады прадпрыемства і Навукова-вытворчы цэнтар геалёгіі разам павялічылі гэты паказьнік на 3,5 млн тонаў, выканаўшы на 115% заданьне ўладаў на «пяцігодку» (2016–2020 гады).
Колькі яе здабываюць?
Летась, расказаў намесьнік міністра, у Беларусі здабылі 978 тысячаў тонаў нафты. Пры тым Савет міністраў разьлічваў толькі на 600 млн т. Годам раней здабылі 638 тысячаў тонаў. З пачатку здабычы, ад 1965 году ў Беларусі здабылі 136 млн т нафты.
Для параўнаньня: да цяперашняга нафтавага канфлікту Беларусь купляла ў Расеі каял 18 млн т нафты штогод на ўласныя патрэбы, атрымлівала яшчэ 6 млн т на «перамытненьне».
Такім чынам, у Беларусі за год здабываюць менш нафты, чым раней атрымлівалі з Расеі на месяц, і прыблізна столькі, колькі атрымаюць з Расеі за разам узятыя студзень і люты 2020 году. «Беларусьнафта» плянуе павялічыць здабычу да 1,71 млн т у 2020 годзе.
Чаму так мала здабываюць?
Паводле «Беларусьнафты», большая частка даказаных запасаў нафты ў Беларусі адносіцца да тых, што цяжка здабываць. Гэта значыць, беларускую нафту тэарэтычна магчыма здабываць у большых аб’ёмах, але пры цяперашніх тэхналёгіях гэта эканамічна нявыгадна.
Андрэй Худык дадаў, што абсталяваньне цэнтру геалёгіі зношанае да крытычнага ўзроўню — і трэба тэрмінова яго абнаўляць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Расея падпісалі дамову аб пастаўках газу, кантрактаў па нафце няма ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыгразіў забіраць расейскую транзытную нафтуРасея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі