Офіс прэзыдэнта Ўкраіны падае ў суд на праграму «Схемы» — сумесны праект ўкраінскай службы Радыё Свабода і ўкраінскага тэлеканалу «UA: Першы» — з патрабаваньнем абвергнуць інфармацыю пра сустрэчу Ўладзіміра Зяленскага з кіраўніком Рады бясьпекі Расеі Мікалаем Патрушавым ў Амане.
У расьсьледаваньні «Схем» сьцьвярджаецца, што Патрушаў прыляцеў у Аман з Масквы ў ноч на 8 студзеня сёлета самалётам Bombardier Global Express 6000 з бартавым нумарам 9H-VJN. А ўвечары 8 студзеня на тым жа самалёце Зяленскі вярнуўся ў Кіеў. Гаворка ня йдзе пра асабісты самалёт Патрушава, але пра чартэрны самалёт, які можа быць зафрахтаваны любой асобай.
Інфармацыю пра тое, што на борце рэйсу ў Аман быў Патрушаў, «Схемы» даюць са сваіх крыніц, у тым ліку, як сьцьвярджаецца ў праграме, знаёмых з базай дадзеных аб перасячэньні расейскай мяжы. Тое, што на борце таго ж самалёта з Аману ў Кіеў быў Зяленскі, афіцыйна не пацьверджана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна адказала наконт прызначэньня пасла ў РасеюУ адміністрацыі ўкраінскага прэзыдэнта заявілі, што інфармацыя ў сюжэце праграмы пра гэтую сустрэчу «цалкам не адпавядае рэчаіснасьці», «прэзыдэнт Украіны ніколі ў жыцьці не сустракаўся (асабіста або ў рамках міжнародных мерапрыемстваў), не размаўляў і ня меў зносін іншым спосабам з Мікалаем Патрушавым».
Расьсьледаваньне праграмы «Схемы» украінскія ўлады разглядаюць як «здагадкі і зьвесткі зь нейкіх таемных крыніц» і маніпуляцыю грамадзкай думкай і просяць даць абвяржэньне.
Раней прэсавы сакратар Зяленскага Юлія Мендзель напісала ў Фэйсбуку, што «складана абвергнуць, што хтосьці з чыноўнікаў РФ лётае ў Аман», але катэгарычна адпрэчыла, што прэзыдэнт Украіны сустракаўся ў гэтай краіне з Патрушавым. «Яны сапраўды ніколі не сустракаліся і не размаўлялі», — напісала Мендзель.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канфлікт у камандзе Зяленскага прывёў да замены кіраўніка Офісу прэзыдэнта ЎкраіныКіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак раней назваў расьсьледаваньне «Схем» «хлусьнёй ад пачатку да канца».
Прэсаы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў сказаў, што паведамленьні пра сустрэчу Патрушава і Зяленскага — «брахня» і «клясычны прыклад фэйк-ньюс».
«Па-расейску гэта называецца хлусьнёй, а па-ангельску гэта завецца фэйк-ньюс. Гэта абсалютна клясычны прыклад фэйк-ньюс», — сказаў Пяскоў.
- «Схемы» таксама сьцьвярджаюць, што сакратар Рады бясьпекі Расеі ў сьнежні сустракаўся ў Маскве з мэрам Харкава Генадзем Кернесам і Робертам Тедзеевым, сваяком былога дэпутата ад Партыі рэгіёнаў Эльбруса Тедзеева, памочнікам якога некалі быў нядаўна прызначаны кіраўніком Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.
- Мікалай Патрушаў лічыцца адным з найбольш блізкіх да Ўладзіміра Пуціна расейскіх чыноўнікаў. Ён неаднаразова выступаў з жорсткімі заявамі адносна Ўкраіны.
- У студзені 2019 году ён заяўляў, што Ўкраіна можа «страціць дзяржаўнасьць», калі працягне цяперашнюю палітыку, а ў сакавіку 2019-га выказваў меркаваньне, што «Ўкраіна кіруецца звонку, а менавіта — з Вашынгтону».