Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт у камандзе Зяленскага прывёў да замены кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьмяніў кіраўніка свайго офісу — замест Андрэя Багдана, якога ва Ўкраіне зьвязвалі з алігархам Ігарам Каламойскім, адміністрацыю кіраўніка ўкраінскай дзяржавы ачоліць Андрэй Ярмак.

Адпаведныя ўказы апублікаваныя на афіцыйным сайце прэзыдэнта Ўкраіны.

Да свайго прызначэньня кіраўніком офісу прэзыдэнта Андрэй Ярмак працаваў памочнікам Уладзіміра Зяленскага і ў гэтым статусе праводзіў нефармальныя перамовы з Расеяй аб абмене палоннымі ў канцы мінулага году, а таксама быў дарадцам на перамовах «нармандзкім» фармаце.

10 лютага ў інтэрвію ўкраінскаму тэлеканалу «Україна» Андрэй Ярмак назваў «канструктыўнымі» свае кантакты з Дзьмітрыем Козакам, намесьнікам кіраўніка адміністрацыі расейскага прэзыдэнта:

«Мне здаецца, ён больш настроены на дыялёг, і па тых пытаньнях, па якіх я зь ім камунікаваў, я магу сказаць, што ў нас была канструктыўная размова, безь якой, напэўна, не адбылося б тое, што адбылося (абмен палоннымі — РС). Таму ў мяне дастаткова пазытыўнае ўражаньне».

Адказваючы на пытаньне, ці верыць ён у тое, што пуцінская Расея і сам Пуцін настроеныя на вырашэньне сытуацыі на Данбасе, Андрэй Ярмак сказаў: «Я перакананы ў тым, што прэзыдэнт Зяленскі шчыра хоча спыніць вайну, я і перакананы ў тым, што наш бок сёньня робіць усё неабходнае для таго, каб гэта адбылося, на ўсіх узроўнях, і ў нармандзкім фармаце, і ў Менску».

Канфлікт у атачэньні Зяленскага

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пацьвердзіў, што ў ягонай камандзе ёсьць канфлікты. Пра гэта ён заявіў падчас рабочай паездкі ў Львоўскую вобласьць. «Ёсьць канфлікты. Яны перашкаджаюць працаваць. Я заўсёды супраць такіх канфліктаў, таму што ў іх няма пераможцаў і няма нічыіх. На жаль. Такім чынам, мы альбо страчваем час, альбо губляем людзей. То бок мы страцім кагосьці на сто адсоткаў. Таму што нельга жыць у пастаянным канфлікце. Вось і ўсё», – сказаў прэзыдэнт Украіны.

Паводле ўкраінскіх СМІ, між Андрэем Ермаком і Андрэем Богданам даўно існуе канфлікт. Апошні напісаў заяву аб сваёй адстаўцы пасьля «непрыемнай» размовы з Уладзімірам Зяленскім.

На думку дырэктара Communication group, палітычнага экспэрта Ўладзіміра Манько, Андрэй Ярмак фактычна «падседзеў» Андрэя Богдана ў выніку ўнутранай барацьбы ў камандзе Ўладзіміра Зяленскага некалькіх групаў уплыву – «95 кварталу», маладых рэфарматараў, якіх ва Ўкраіне атаясамліваюць з прэм’ерам Аляксеем Ганчаруком, і Ігара Каламойскага.

«Калі б не было «вайны» усярэдзіне каманды, то не было б і гэтай замены. Галоўная прычына – ухіліць Богдана і аслабіць пазыцыі Ігара Каламойскага. Цяпер Андрэй Ярмак, атрымаўшы большы ўплыў на Зяленскага, будзе працягваць працу на расейскім напрамку. І цяпер больш уважна трэба назіраць за тым, якія тут будуць вынікі. Адметнасьць Ермака ў тым, што ён больш сыстэмны чалавек, які любіць падкілімныя гульні – тут ён моцны. І мы бачым, што менавіта такім чынам ён перамог», – мяркуе палітычны экспэрт.

Паводле Уладзіміра Манько, цяпер украінская палітыка ўсё больш нагадвае расейскую:

«Падпарадкаваньне праваахоўных органаў, эканоміка і ўрад таксама падпарадкоўваюцца цяпер Банкавай (вуліца, на якой знаходзіцца Офіс прэзыдэнта – РС). І дадаткова – падкілімныя гульні. Гэта традыцыі расейскай палітыкі. У нас было больш празрыста і публічна».

Андрэю Ермаку 49 гадоў. Ён скончыў Кіеўскі ўнівэрсытэт імя Тараса Шаўчэнкі па спэцыяльнасьці «міжнароднае прыватнае права». Займаўся прыватнай юрыдычнай практыкай і надаваў прававую дапамогу мэдыйным групам і тэлеканалам. Сябруе з сям’ёй Зяленскіх з 2011 году. У 2017 году выступіў прадусарам адразу двух украінскіх мастацкіх фільмаў — «Правіла бою» і «Мяжа» і стаў сябрам Украінскай кінаакадэміі і Эўрапейскай кінаакадэміі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG