Перад Захадам стаіць дылема: як падтрымаць незалежнасьць Беларусі ад экспансіі Расеі, пры гэтым не ўмацоўваючы прарасейскага дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі?
Сьцісла:
- Захад працягвае рабіць жэсты ў падтрымку Беларусі.
- Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка перасьцерагае Захад ад памылковай стратэгіі, бо Лукашэнка выкарыстоўвае заляцаньні з боку Захаду ў сваёй гульні з Масквою.
- Уся праблема беларускага кейса з гледзішча Захаду палягае ня толькі ў тым, што рэжым Лукашэнкі зьяўляецца аўтарытарным, а яшчэ і ў тым, што ён выразна прасавецкі і прарасейскі.
- З другога боку, і перад Расеяй паўстала новая дылема. Калі эканамічная дапамога Беларусі рэзка скарачаецца, то як забясьпечыць яе ранейшую палітычную ляяльнасьць?
13 лютага Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг заклікаў Расею «паважаць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць усіх дзяржаў у Эўропе, у тым ліку Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Washington Post: Пуцін нацэліўся на Беларусь. Захад можа дапамагчы яго стрымаць11 лютага вядучая амэрыканская газэта Washington Post у рэдакцыйным артыкуле заклікала падтрымаць Беларусь, каб не даць Расеі яе паглынуць. У артыкуле адзначаецца, што, хоць тут пануе дыктатура, але трэба дапамагчы Беларусі эканамічна, пакуль Лукашэнка супраціўляецца Маскве. Дарэчы, якраз крокам у гэтым кірунку быў нядаўні візыт у Менск дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо.
Таксама відавочныя жэсты ў бок афіцыйнага Менску апошнім часам рабілі суседзі Беларусі — Латвія, Літва, Польшча.
Прыкладна ў гэты ж час (12 лютага) былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка ў газэце Rzeczpospolita перасьцерагае Захад ад ілюзіяў. Праблема, паводле Шарэпкі, ня столькі ў тым, што Лукашэнка дыктатар і ў Беларусі няма дэмакратыі. Галоўная ягоная тэза палягае ў тым, што беларускі кіраўнік выкарыстоўвае заляцаньні з боку Захаду ў сваёй гульні з Масквою. Што ён «мэнтальна зьяўляецца неад’емнай часткай «русского мира» і ідэйным праціўнікам Захаду, гарантам не незалежнасьці Беларусі, а яе прарасейскасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы польскі пасол у Менску расказаў, як Захаду не наступаць на «тыя самыя граблі» ў БеларусіШарэпка нагадвае, як моцна памыліліся эўрапейскія палітыкі ў 2010 годзе, спрабуючы ангажаваць Лукашэнку, а той падмануў, павярнуў у бок Расеі і жорстка разграміў дэмакратычную апазыцыю. Сёлета ў Беларусі зноў прэзыдэнцкія выбары, такі ж канфлікт з Расеяй, пацяпленьне адносін з Захадам, аднак гісторыя дзесяцігадовай даўнасьці можа паўтарыцца.
Сапраўды, Лешэк Шарэпка сфармуляваў дылему, якая сёньня стаіць перад Захадам: як падтрымаць незалежнасьць Беларусі ад экспансіі Расеі, пры гэтым не ўмацоўваючы прарасейскага дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі? Здаецца, што гэтая дылема невырашальная. З дыктатурай там неяк зьмірыліся. Калі б яна была нацыянальнай, арыентаванай на беларускую этнакультурную ідэнтычнасьць, то ня ўзьнікла б вялікіх пытаньняў. Ці мала ў сьвеце падобных рэжымаў, зь якімі Захад падтрымлівае добрыя стасункі. Уся праблема беларускага кейса ў тым, што рэжым Лукашэнкі выразна прасавецкі і прарасейскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Захад падае знакі: Беларусь гатовыя падтрымацьЗ другога боку, і перад Расеяй паўстала новая дылема. Калі эканамічная дапамога Беларусі рэзка скарачаецца, то як забясьпечыць яе ранейшую палітычную ляяльнасьць? Не выпадкова такую балючую рэакцыю ў РФ выклікаў візыт Пампэо ў Менск. І пагрозы расейскіх палітыкаў і мэдыя ў адрас Лукашэнкі зводзяцца да аднаго: не загуляйся і не паўтары лёсу Януковіча.
Выглядае, што ў такой геапалітычнай гульні адзіны, хто адчувае сябе як рыба ў вадзе, гэта сам Лукашэнка. Ён прымае ўсе заляцаньні Захаду, спрабуе выбіць з Расеі парэшткі эканамічных датацый і душыць апазыцыю. Галоўнае — захоўваць пачуцьцё меры, не пераходзіць чырвоныя лініі. Пакуль народ маўчыць, пытаньне «Што яму рабіць?», якое задаюць экспэрты і журналісты, перад ім не стаіць. І ён будзе рабіць тое, што рабіў і раней. Навошта адмаўляцца ад пасьпяховага 25-гадовага досьведу?
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.