Прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару рэзка скрытыкаваў папу Францішка пасьля таго, як пантыфік выступіў з просьбай аб абароне амазонскага трапічнага лесу.
Бразыльскі лідэр выказаў незадаволенасьць заявай папы, што Амазонка належыць яму, усяму сьвету, усім. Балсанару заявіў: «Папа можа быць аргентынцам, але Бог — бразылец».
Камэнтар прэзыдэнта Бразыліі зьявіўся на наступны дзень пасьля таго, як папа Францішак заклікаў католікаў выказаць абурэньне эсплюатацыяй карэнных жыхароў і разбурэньнямі, якія выкліканы здабычай кары і вырубкай лясоў у Амазоніі.
Камэнтары Балсанару таксама супалі зь візытам у Ватыкан былога прэзыдэнтам Бразыліі — зацятага апанэнта дзейнага прэзыдэнта. Лула да Сілва атрымаў дабраславеньне ад папы Францішка.
За першы год кіраваньня новага прэзыдэнта вырубка лясоў у бразыльскай Амазоніі павялічылася на 85%, дасягнуўшы 9 тысячаў квадратных кілямэтраў. Гэта выклікае вострую крытыку эколягаў і мэдыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бразылія адмовілася ад $20 млн дапамогі на тушэньне пажараў праз «мэнталітэт калянізатараў»Адным з крытыкаў палітыкі прэзыдэнта зьяўляецца экалягічная арганізацыя «Грынпіс». Яе Балсанару назваў «сьмеццем».
Зьвяртаючыся да журналістаў бразыльскі лідэр заявіў, што у сьвеце не было асабліва вострай рэакцыі на нядаўнія пажары ў Аўстраліі, дзе згарэла значна больш лясоў.
«Уся Аўстралія загарэлася, і ніхто не кажа пра Аўстралію», — сказаў ён.