Жыхарка Сан-Францыска Рэйчэл Крол узяла з прытулку ката па мянушцы Беларусь (Belarus) у чэрвені 2018 году. Ад таго часу касавокі кот з амэрыканскага штату Каліфорнія зрабіўся зоркай сацыяльных сетак — ягоная старонка ў Інстаграме на сёньня мае 262 тысячы падпісчыкаў, а на рэчах зь ягонай выявай атрымалася зарабіць ужо больш за 12 тысяч даляраў. Усё гэтыя грошы пайшлі на дабрачыннасьць.
Рэйчэл Крол расказала Радыё Свабода пра тое, як кот увайшоў у яе жыцьцё, як ён дапамагае іншым жывёлам і пра ягонае незвычайнае імя.
— Я тры гады сачыла за абвесткамі прытулкаў для жывёлаў. Калі я яго пабачыла, дык адразу падумала, што ён чароўны. У той самы дзень я адклала ўсе іншыя справы, паехала ў прытулак і дамовілася ўзяць яго да сябе.
Калі Беларусь трапіў у прытулак, хвост у яго быў зламаны, ён быў вельмі худы і вядома ж, меў касавокасьць. Мне не сказалі амаль нічога пра тое, у каго ён раней жыў. Сказалі толькі, што тыя людзі ад яго адмовіліся, бо яны здымалі жытло, а ў тым будынку не дазвалялі трымаць жывёлаў.
Вэтэрынар сказаў, што ягоная касавокасьць магла быць вынікам траўмы, але таксама магла быць і прыроджаная. Ён патлумачыў, што звычайна такімі нараджаюцца сіямскія каты, таму ў яго хутчэй за ўсё была траўма, бо ён не выглядае, як сіямскі.
Здаецца, касавокасьць не замінае яму бачыць, рухацца і забаўляцца — у сацсетках можна пабачыць на відэа, як ён гуляе зь мячыкамі і зь іншымі цацкамі.
Я сама працую ў кампаніі, якая дапамагае людзям выбраць, куды яны хацелі б ахвяраваць грошы на дабрачыннасьць. Мы супрацоўнічаем з кампаніяй, якая вырабляе футболкі зь ягонай выявай, я атрымоўваю за гэта грошы і перадаю іх у дабрачынныя фонды. Летась такіх было тры — той цэнтар у Сан-Францыска, адкуль я яго ўзяла, прытулак для катоў у Оўклэндзе, [іншым каліфарнійскім горадзе], а таксама арганізацыя якая займаецца ратаваньнем жывёлаў пры лясных пажарах.
На жаль я ня ведаю, чаму яго назвалі Беларусь. Але мне спадабалася імя — мне падалося, што яно яму пасуе. Я і да таго ведала, што ёсьць такая краіна. Шмат людзей зь Беларусі — напрыклад, зь Менску, — мне пішуць, які ён сымпатычны і як ім падабаецца імя, — расказала Рэйчэл Крол.