Былы польскім пасол у Менску Лешак Шэрэпка апублікаваў у штодзёнцы «Rzeczposplita» артыкул, прысьвечаны сытуацыі ў Беларусі і польска-беларускім адносінам. Дыплямат заклікае Захад ня верыць Лукашэнку і сваім саюзьнікам за ўсходняй мяжой ЭЗ прапануе лічыць беларускае грамадзтва.
Дыплямат на пачатку тэксту прыгадаў, як напярэдадні выбараў 2010 году сапсаваліся адносіны паміж Менскам і Масквой, бо Расея адмовілася ад ільготных цэнаў на нафту для Беларусі. Лукашэнка тады пачаў шукаць падтрымку ў Эўразьвязе. Шэрэпка прыгадаў і візыт у Менск міністраў замежных справаў Польшчы і Нямеччыны, які быў успрыняты як падтрымка Лукашэнкі.
«Чаму я пра гэта ўзгадваю? Бо памяць палітыкаў кароткая, а палітычная сытуацыя ў Беларусі пачынае да болю нагадваць тое, што адбывалася 10 гадоў таму. Новыя прэзыдэнцкія выбары заплянаваныя на лета 2020 года. Іх фаварыт, Аляксандар Лукашэнка, ужо паклапаціўся, каб ня мець у краіне рэальнага канкурэнта. Расея ізноў адмовілася пастаўляць нафту на ільготных умовах. Беларускі лідэр пачаў дэманстратыўна шукаць альтэрнатыўныя пастаўкі сыравіны, загадзя ведаючы, што яны не гарантуюць сваім НПЗ рэнтабэльнасьці. Адначасова зьявіўся тэзіс, што гаворка не пра нафту, а пра незалежнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Макея лічаць мэнтарам Віктара Лукашэнкі». Што былы польскі пасол у Менску напісаў у кнізе пра БеларусьШэрэпка нагадаў, што нядаўна Менск наведаў амэрыканскі дзяржсакратар Майк Пампэо і прапанаваў пастаўляць у Беларусь неабходную ёй нафту па канкурэтных цэнах.
«Крызыс дзесяцігадовай даўніны скончыўся тым, што Лукашэнка, гуляючы падтрымкай Захаду, яшчэ за дзень да галасаваньня дасягнуў пагадненьня з Масквой па спрэчных пытаньнях. Пратэстоўцы, якія 19 сьнежня вышлі на вуліцы Менска, каб пратэставаць супраць фальсыфікацыяў на выбарах, былі жорстка зьбітыя. У турмы трапілі сотні людзей. Самазадаволены беларускі дыктатар публічна заявіў, што яго ўжо ванітуе ад размоваў пра дэмакратыю».
Польскі дыплямат мяркуе, што сёлета гэты сцэнар неабавязкова мусіць паўтарыцца.
«Апазыцыя значна слабейшая, чым тады. Каб яе падавіць, хопіць адміністрацыйных сродкаў. Праблемай застаецца Расея. І тут, як і ў 2010 годзе, прэзыдэнт Лукашэнка будзе намагацца выкарыстаць у перамовах падтрымку Захаду. Адкрытым застаецца пытаньне, наколькі гэта будзе эфэктыўна цяпер? Я заўсёды думаў, чаму ў дэмакратычных краінах столькі палітыкаў, якія гатовыя выканаць ролю карысных ідыётаў і ў крызісных сытуацыях кідаюць беларускаму дыктатару выратавальныя кола».
Паводле Лешэка Шэрэпкі, адныя кіруюцца цынізмам, іншыя невуцтвам ці выдаваньнем жаданага за рэальнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сікорскі: У Беларусі ідзе эвалюцыя ў правільным кірунку«Прыхільнікі такіх паводзінаў найчасьцей карыстаюцца аргумэнтам, што Аляксандар Лукашэнка цяпер — адзіны гарант беларускай дзяржаўнасьці і што лепш, каб на Бугу (на дзяржаўнай мяжы - РС) быў беларускі салдат, а не расейскі. Гэты аргумэнт непраўдзівы. Ажно карціць, каб напісаць — які гарант, такая незалежнасьць».
Дыплямат далей піша, што менавіта Лукашэнка падразаў карані беларускай дзяржаўнасьці, сьцьвярджаў, што беларусы — гэта расейцы са знакам якасьці, што сам ня ў стане свабодна размаўляць па-беларуску, а таксама рэалізуе палітыку выключэньня беларускай мовы са школаў.
«Рэжым выступае супраць адкрыцьця нават аднаго ўнівэрсытэта зь беларускай мовай навучаньня. Дзяржаўная ідэалёгія грунтуецца на савецкіх стандартах, а эканоміка на сыстэме камандаваньня і ручнога кіраваньня. Цыклічныя эканамічныя крызісы правакуюцца не варожымі сіламі, а памылковай палітыкай прэзыдэнта, якая душыць прадпрымальніцтва і паглыбляе залежнасьць ад Расеі».
Былы польскі пасол у Менску крытыкуе падыход афіцыйнай Варшавы адносна Беларусі, якая заяўляе, што неабходна стварыць альтэрнатыву Лукашэнку перад абліччам расейскай пагрозы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць фактаў пра Лешэка Шарэпку«То бок паводле прынцыпу, каб лепш у Менску быў нават д’ябал, абы не маскаль. Але гэтая палітыка грунтуецца на цалкам ілжывай аснове. Аляксандр Лукашэнка мэнтальна зьяўляецца неад’емнай часткай „рускага сьвету“. Ён перакананы, што Захад уяўляе большую пагрозу для яго ўлады, чым Расея. Прэзыдэнт Лукашэнка зацікаўлены ў заходніх фінансах, тэхналёгіях і падтрымцы ў фракцыйнай барацьбе з Масквой, але не ў інтэграцыі на ўмовах ЭЗ, бо створаны ім рэжым па сутнасьці зьяўляецца антыэўрапейскім, а таксама антыпольскім».
Самым танным і эфэктыўным крокам насустрач Беларусі былы пасол лічыць адмену візаў для беларусаў. Шэрэпка перакананы, што Польшча павінна на гэтым настойваць. Сярод прыярытэтаў палітыкі Варшавы, на думку дыплямата, павінна быць і сытуацыя палякаў у Беларусі
«Створаная Лукашэнкам палітычная сыстэма скасьцянела і ўсё больш акцэнтуе ўвагу на ўласным выжываньні. У інтарэсе сувэрэннай Беларусі як мага хутчэй зьмяніць уладу і стварыць плюралістычную палітычную сыстэму, а не кансэрваваць старую. Толькі гэта можа даць Беларусі новы імпульс разьвіцьця, які ўмацуе дзяржаву і зробіць яе больш эфэктыўнай у адстойваньні сваіх інтарэсаў ад імпэрскіх намаганьняў Расеі. Захад можа дапамагчы беларускаму грамадзтву ў дасягненьні гэтай мэты толькі ў тым выпадку, калі ён прадставіць свой каляндар і палітычны парадак дня Лукашэнкі, а ня будзе ўпісвацца ў ягоныя чаканьні». — напісаў Лешэк Шэрэпка.