На пляцоўцы Petitions.by ініцыявалі збор подпісаў супраць прапановы каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў спыніць «ЛГБТ-прапаганду сярод дзяцей і моладзі». Пэтыцыя ЛГБТ-супольнасьці называецца «Мы не прапаганда».
Пра пэтыцыю вернікаў заявіў на сустрэчы з моладзьдзю 6 лютага ў менскім Чырвоным касьцёле мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Паводле яго, праваслаўныя сабралі каля 20 тысяч подпісаў, яшчэ тысячу пратэстанты, а рэшту — каталікі. Пэтыцыю абяцаюць накіраваць у Адміністрацыю прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія хрысьціяне сабралі 55 тысяч подпісаў супраць «прапаганды ЛГБТ»
«Расейскі закон прывёў да таго, што людзі ЛГБТ успрымаюцца як ворагі»
Як вынікае з пэтыцыі вернікаў, тыя хочуць забараніць любую інфармацыю пра ЛГБТ, мяркуе адна з аўтараў пэтыцыі «Мы не прапаганда», праваабаронца ініцыятыўнай групы «Ідэнтычнасьць і права» Натальля Манькоўская.
«Прычым выказваюцца яны даволі жорстка: „забараніць прапаганду ЛГБТ і любыя праявы гомасэксуалізму“. Гэта азначае, усіх падвесьці пад крымінальную адказнасьць. Атрымліваецца, што калі аднаполая пара, якая жыве, можа, 25 гадоў разам, трымаецца за рукі на вуліцы, то яны крымінальнікі», — тлумачыць праваабаронца.
Натальля Манькоўская прыводзіць прыклад Расеі, дзе Дзярждума 11 чэрвеня 2013 году прыняла закон, якім вызначаецца адказнасьць за «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных стасункаў сярод непаўналетніх».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гамафобныя публікацыі газэты «Вечерний Могилёв» не прызналі экстрэмісцкімі«Гэты фэдэральны Закон аб так званай гей-прапагандзе за 6 гадоў дзеяньня прывёў да таго, што ЛГБТ-людзі сталі проста ахвярамі ў грамадзтве, бо гэтыя людзі ўспрымаюцца як вонкавы вораг, якога ўсё грамадзтва быццам бы мае права зьбіваць, абражаць, перасьледаваць», — перакананая Натальля Манькоўская.
На яе думку, пакутуюць ад такога закону найперш ЛГБТ-падлеткі, якія адчуваюць сваю гомасэксуальнасьць, бісэксуальнасьць, трансгендэрнасьць.
«Яны нават ня могуць зьвярнуцца да псыхоляга, каб падзяліцца, што зь імі адбываецца. Бо псыхоляг ня можа сказаць, што гомасэксуальнасьць — гэта варыянт нормы. Калі псыхоляг гэта скажа, ён будзе пакараны паводле гэтага закону. І гэта страшна. Бо ў Расеі аднаполыя сем’і зь дзецьмі ці семʼі, дзе хтосьці з бацькоў трансгендэр, сутыкаюцца з тым, што дзяцей могуць проста забраць зь сямʼі», — кажа Натальля Манькоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ініцыятыва Кандрусевіча». Навошта каталікі зьбіраюць подпісы за закон супраць прапаганды аднаполых адносінАўтары пэтыцыі заклікаюць Адміністрацыю прэзыдэнта не рабіць ніякіх заканадаўчых ініцыятыў, каб дыскрымінаваць ЛГБТ.
«Таксама мы зьвяртаемся да Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў, каб зрабіць аналіз тых заканадаўчых навэл, якія прапаноўваюцца — як гэта суадносіцца з прынцыпам роўнасьці і недыскрымінацыі», — дадае праваабаронца.
«Трэба шукаць кампраміс, а не забараняць»
Каардынатар кампаніі «Справа Пі» памяці Міхаіла Пішчэўскага Андрэй Завалей кажа, што падобныя пэтыцыі вернікаў аб забароне так званай гей-прапаганды да іншыя ініцыятывы прывядуць да таго, што ўсё больш моладзі будзе вымушана проста зьяжджаць з краіны.
«Пэтыцыя супраць так званай „прапаганды“, на маю думку, моцна грае пад „расейскую дудку“, дзе ЛГБТ-супольнасць аб’яўлена прычынай усіх праблем.
Дэмаграфічны крызіс, супраць якога, у тым ліку, нібыта накіраваны закон „супраць прапаганды“, толькі паглыбляецца праз такія заканадаўчыя акты: атмасфэра нянавісьці сее варожасьць паміж людзьмі, павышаецца ўзровень гвалту, павялічваецца колькасьць грамадзян, якія ўцякаюць у іншыя краіны, з больш камфортным і талерантным сацыяльным асяродзьдзем.
Ахвяры злачынстваў на глебе гамафобіі ў Беларусі вельмі часта прымаюць рашэньне зьехаць з краіны з прычыны немагчымасьці абараніць сваю годнасьць і гарантаваць сваю фізычную і эмацыйную бясьпеку.
Калі мы хочам спыніць працэс масавай эміграцыі з Беларусі, трэба шукаць кампраміс і ўзаемапавагу ў розных пытаньнях — замест рознага кшталту забаронаў і нянавісьці», — перакананы Андрэй Завалей.