Пяты прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў менскія перамовы 12 лютага 2015 году «найжахлівейшай ноччу» ў жыцьці. У калёнцы для «Української правди» палітык заявіў, што перад перамовамі ён езьдзіў у Краматорск Данецкай вобласьці. 10 лютага 2015 году там у ракетнай атацы загінулі 17 чалавек.
«Стамляльны 19-гадзінны маратон з [прэзыдэнтам Расеі] Пуціным, халодным, жорсткім і глыбока варожым да Ўкраіны „перамоўнікам“ — гэта нішто ў параўнаньні з узрушэньнем, якое выпала перад тым перажыць усходнеўкраінскаму гораду», — піша Парашэнка.
Ён лічыць, што краматорская трагедыя «не кранула ніводнай струны» ў душы Пуціна.
«Пасьля [былы прэзыдэнт Францыі] Франсуа Алянд напіша, як «шмат разоў Парашэнка і Пуцін падымалі голас адзін на аднаго. Так, гэта была найжахлівейшая ноч у маім жыцьці. Аднак вырашальная для таго, каб стрымаць агрэсара... Ключавая задача Менску-2 палягала ў тым, каб спыніць наступ расейскіх рэгулярных войскаў, прадухіліць акружэньне нашых салдат, выратаваць жыцьці тысяч людзей, вайскоўцаў і цывільных асобаў», — успамінае пяты прэзыдэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 пунктаў Менскіх пагадненьняў аб мірным урэгуляваньні канфліктуПаводле яго, Пуцін настойваў, што 8 тысяч украінскіх вайскоўцаў — у атачэньні.
«Мы адназначна заявілі, што ніякага акружэньня няма, а нашы зброі не складуць. Але, каб пераканаць у гэтым усіх удзельнікаў сустрэчы, украінская дэлегацыя на нейкі час перамясьцілася ў асобнае памяшканьне. Адтуль празь лінію закрытай сувязі мы кантактавалі з Генштабам. Урэшце атрымалі яснае паведамленьне, што нашы працягваюць абарону па лініі, вызначанай у Менску 19 верасьня 2014 году, і акружэньня не дапусьцяць», — сказаў Парашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Менск-2»: гібрыдны мірНа яго думку, Пуцін «цягнуў час», каб украінскія вайскоўцы былі акружаныя і зьнішчаныя, альбо, «у найлепшым выпадку, — раззброеныя і захопленыя ў палон. Нягледзячы на гэта, Масква ўрэшце пагадзілася на прыпыненьне агню з 15 лютага.
«Галоўнае, што менскія пагадненьні далі Ўкраіне — гэта каштоўны час. Час для сыстэмнага разьвіцьця арміі. Час засяродзіцца на пераадоленьні сацыяльнага крызісу, выкліканага вайной і блякаваньнем доступу ўкраінскіх тавараў на расейскі рынак. Час для таго, каб умацаваць міжнародную кааліцыю ў падтрымку Украіны. Час, каб стварыць і ўтрымліваць санкцыйны мэханізм супраць Расеі», — заявіў былы прэзыдэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бандарэнка: Я захапляюся тым, як Парашэнка вёў дыпляматычную гульню