Крывавыя рэпрэсіі і перасьлед палякаў бальшавікамі ў БССР у 1930-я гады, перайшлі пасьля 17 верасьня 1939 г. у заходніх абласьцях Беларусі ў арышты, расстрэлы і дэпартацыю польскага насельніцтва ў паўночныя і паўночна-ўсходнія раёны Савецкага Саюза, піша Тадэвуш Гавін, першы кіраўнік Саюзу палякаў Беларусі.
На падставе савецкага заканадаўства прыналежнасьць да некаторых грамадзкіх і прафэсійных груп была ўжо сама па сабе злачынствам. Уладальнікі прадпрыемстваў, якія выкарыстоўвалі наёмную працоўную сілу, землеўласьнікі, заможныя сяляне і сьвятары згодна з савецкімі законамі зьяўляліся «антысавецкімі, контррэвалюцыйнымі і нацыяналістычнымі элемэнтамі».
Усе, хто меў фармальную сувязь з былымі структурамі польскай дзяржавы, такімі як армія, паліцыя, дзяржаўныя служачыя, лесьнікі аўтаматычна лічыліся «ворагамі народа». Да злачынцаў далучалі чальцоў «буржуазных», «кулацкіх», «контррэвалюцыйных» палітычных партый. У прынцыпе, гэта датычылася ўсіх, хто да 17 верасьня 1939 г. займаўся палітычнай дзейнасьцю.
Паколькі перад вайной элітай у асноўным зьяўляліся палякі, то яны сталі той нацыянальнай групай, якая найбольш пацярпела падчас увядзеньня так званага савецкага правапарадку.
Рэпрэсіі, што праводзіліся Чырвонай арміяй і НКУС, пачаліся ўжо ў першыя дні ўсталяваньня савецкай улады на акупаваных тэрыторыях усходніх ваяводзтваў Польскай рэспублікі. Да сярэдзіны кастрычніка 1939 г. было арыштавана 3 535 чалавек, у асноўным гэта былі палітычныя дзеячы, паліцэйскія, прадстаўнікі памежнай службы і дзяржаўнай адміністрацыі. Да канца 1939 г. сярод арыштаваных былі 5 256 палякаў, 2 422 беларусы, 661 габрэй.
Варта заўважыць, што колькасьць рэпрэсаваных беларусаў, нягледзячы на распаўсюджанае тады меркаваньне, што прыйшла іх улада, іх вызваліцелі, была даволі значнай.
Вывозілі ўсіх тых, хто мог несьці пагрозу СССР
Тэрор і арышты, што пачаліся адразу пасьля 17 верасьня 1939 года, працягваліся ў Беларусі і ў 1940 годзе, калі па палітычных матывах было арыштавана 13 414 палякаў, 9 482 габрэі, 4 461 беларус. У студзені-лютым 1941 г. сярод арыштаваных былі 940 палякаў, 488 беларусаў, 190 габрэяў. Галоўнай мэтай арыштаў было вычляненьне зь беларускага грамадзтва людзей з пэўнымі палітычным і сацыяльным статусамі, якія ў будучым маглі ўдзельнічаць у антысавецкім супраціве.
5 сьнежня 1939 г. Савет народных камісараў СССР прыняў пастанову, паводле якой трэба было вывезьці з акупаваных абласьцей былой Польскай рэспублікі ўсіх тых, хто патэнцыйна мог несьці пагрозу аслабленьня бясьпекі СССР, у тым ліку і ў памежнай паласе.
Перад тым, як пачалася найбольш вядомая і трагічная першая масавая дэпартацыя, у канцы кастрычніка — пачатку лістапада 1939 г. у межах апэрацыі «ачышчэньня» памежнай паласы ад нядобранадзейных элемэнтаў, было вывезена з заходніх абласьцей БССР ва ўсходнія яе раёны больш за 22 тысячы чалавек.
Апэрацыю па перасяленьню рыхтавалі на працягу шасьці тыдняў. Да ўдзелу ў ёй было прыцягнута каля 10 тысяч супрацоўнікаў НКУС, чырвонаармейцаў і міліцыянэраў. Усе партыйныя і камсамольскія органы абавязаны былі аказваць усебаковую дапамогу НКУС у вырашэньні гэтага пытаньня. Была падрыхтавана адпаведная колькасьць цягнікоў, кантроль над якімі перадаваўся супрацоўнікам НКУС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Годзе называць беларускіх палякаў «спалянізаванымі беларусамі», — Тадэвуш ГавінКолькасьць высланых з БССР людзей была большай, чым з астатніх рэспублік
Усяго на дэпартацыю было зарэгістравана 52 892 чалавека, зь іх 34 203 асаднікі і чальцы іх сем’яў, а таксама 18 689 працаўнікоў лясной гаспадаркі разам зь іх сем’ямі.
У 1940 — 1941 гады савецкія органы ўлады правялі на былых усходніх тэрыторыях Польскай рэспублікі чатыры асноўныя прымусовыя дэпартацыі.
Верагодна колькасьць высланых з БССР людзей была большай, чым з астатніх рэспублік. Гэта вынікае з ліста наркама НКУС Берыі да Сталіна (ліст датычыўся палякаў, якіх дэпартавалі ў глыб СССР). Берыя паведамляў:
«На верасень месяц 1941 г. на ўліку было раней арыштаваных і высланых у глыб СССР з заходніх абласьцей Беларусі і Украіны (з тэрыторыі былой Польшчы) 389 382 чалавека. З гэтай агульнай колькасьці знаходзіліся ў турмах, лягерах і месцах высылкі 120 962 чалавека, у спэцыяльных пасяленьнях (асаднікі і іншыя) 243 106 чалавек, у лягерах для ваеннапалонных 25 314 чалавек».
Улічваючы тое, што сьмяротнасьць падчас дэпартацыі па розных ацэнках дасягала ад 10 да 30%, то агульная колькасьць высланых будзе на 38-100 тысяч большай. Можна меркаваць, што зь Беларусі ў 1940 — 1941 гады былі дэпартаваны ня менш за 170 тысяч чалавек.
З кастрычніка 1939 г. да 20 чэрвеня 1941 г. было выслана 120 тысяч чалавек. Зь іх палякаў – 90 тысяч, габрэяў – 23 тысячы, некалькі тысяч беларусаў.
Частка дакумэнтаў была сьвядома зьнішчана
Амэрыканскі навуковец Цімаці Снайдэр лічыць, што савецкія органы ўлады рэпрэсавалі ў СССР у 1939 — 1941 гг. каля паўмільёна былых польскіх грамадзян. Пры гэтым прыблізна 315 тысяч зь іх былі дэпартаваныя. Арыштаваных было каля 110 тысяч, зь якіх прыкладна 30 тысяч расстралялі. Да таго ж, каля 25 тысяч зьняволеных памерла ў турмах з прычыны цяжкіх умоў.
Вялікая розьніца ў колькасных дадзеных арыштаў і дэпартацый палякаў, беларусаў, габрэяў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцей з былых тэрыторый Польскай рэспублікі, узьнікае ў сувязі з тым, што пакуль яшчэ не адкрыты для вольнага доступу архівы ў Расеі і Беларусі, асабліва архівы КДБ і МУС. Апроч таго, па дадзеных расейскіх дасьледчыкаў частка дакумэнтаў, такія як эшалённыя сьпісы спэцперасяленцаў, была сьвядома зьнішчана.
Арышты, перасяленьні і дэпартацыі палякаў у Заходняй Беларусі сталі другой пасьля «польскай апэрацыі 1937 — 1938 гг». масавай акцыяй іх зьнішчэньня на тэрыторыі БССР. Галоўнай задачай пры гэтым была ліквідацыя польскай эліты, якая ўключала інтэлігенцыю, вайскоўцаў, духавенства, дзяржаўных служачых, прыватных прадпрымальнікаў, заможных сялян, адукаваных людзей, а таксама тых, хто мог бы перашкодзіць савецкім партыйнымі і адміністрацыйным органам нівэляваць сацыяльна-палітычнае аблічча былых польскіх земляў.
Паводле вышэйшага кіраўніцтва СССР, гэтыя мерапрыемствы павінны былі запалохаць польскае насельніцтва і стварыць усе неабходныя ўмовы для яго няўхільнай саветызацыі.
Тадэвуш Гавін, першы кіраўнік Саюзу палякаў Беларусі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.