Стартаваў збор подпісаў супраць будаўніцтва кадэцкай вучэльні на замчышчы ў Полацку 

Сафійскі сабор у Полацку

На пляцоўцы Petitions.by ініцыявалі збор подпісаў супраць маштабнага будаўніцтва ў Полацку на замчышчы — гісторыка-культурнай каштоўнасьці нацыянальнага значэньня.

Зварот будзе накіраваны ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, Міністэрства культуры і ў Віцебскі аблвыканкам.

Полацкі Верхні замак — гісторыка-культурная каштоўнасьць, якая, згодна зь дзейным заканадаўствам, мае найвышэйшую рэспубліканскую катэгорыю і абаронена законам. Пры выкананьні адпаведных патрабаваньняў UNESCO мае пэрспэктыву стаць помнікам міжнароднай вартасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Полацку побач з Сафійскім саборам разьмесьцяць кадэцкую вучэльню. Гісторыкі абураюцца

«Аднак сёньня над ім навісла рэальная пагроза. Тут распачалося будаўніцтва комплекса вучэбна-вайсковай установы — кадэцкага корпуса. Зносяцца будынкі колішняга шпітальнага гарадка пад будаўніцтва казармаў, у гістарычны пласт забіваюцца палі пад спартовы комплекс. Гэта нясе наўпроставую страту ня толькі культурным напластаваньням, але і Сафійскаму сабору», — пішуць аўтары пэтыцыі.

Яны патрабуюць тэрмінова спыніць усе будаўнічыя работы на Полацкім Верхнім замку, стварыць дзяржаўна-гарамадзкую камісію дзеля экспэртызы праекту, правесьці шырокае публічнае абмеркаваньне па рэгенэрацыі і прыстасаваньні Верхняга замка ў адпаведнасьці зь яго гісторыка-культурнай значнасьцю для Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іншароднае цела ў калысцы беларускай дзяржаўнасьці. Сафійскі сабор супраць кадэцкай вучэльні

«Полацак — пачатак і сэрца нашай дзяржавы, адсюль пачалася гісторыя Беларусі, — гаворыцца ў звароце. — Гэтае сэрца пачало біцца там, дзе цякуць воды Палаты і Дзьвіны, дзе гарадзішча першага нашага князя — Рагвалода (гістарычае Гарадзішча) і ягонага праўнука Ўсяслава Чарадзея (Верхні замак). Менавіта ў Полацку быў пабудаваны першы і галоўны хрысьціянскі храм на нашай зямлі — Сафійскі сабор. На Верхнім замку знаходзіліся рэзыдэнцыі ўсіх полацкіх япіскапаў ад ХІ стагодзьдзя. Тут стаялі манастыры, у тым ліку той, куды прыйшла у самым пачатку свайго падзьвіжніцтва сьвятая Эўфрасіньня».

За апошнія 100 гадоў дасьледаваньняў на Верхнім замку навукоўцамі знойдзеныя сьцены і падмуркі двух храмаў ХІІ ст., княжага церама, жылых дамоў, вытворчых пабудоў і тысячы артэфактаў Х-ХVІІ ст., працягваюць аўтары, дадаючы, што навукова дасьледавана толькі нязначная частка помніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйныя гісторыкі апраўдалі разьмяшчэньне кадэцкай вучэльні ля Сафійскага сабора ў Полацку 

Паводле Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, гістарычны цэнтар Полацку ўключае ў сябе збудаваньні, планіровачную структуру на тэрыторыі, абмежаванай з поўначы вуліцай Кастрычніцкай, з поўдня — вуліцай Дзяржынскага, з усходу — вуліцай Юбілейнай, з захаду — вуліцамі Гастэлы, Багдановіча, Шэнягіна.

Згодна з Кодэксам аб культуры, тут забаронены любыя земляныя і будаўнічыя работы без папярэдніх навуковых дасьледаваньняў.