Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш сустрэла цяжкасьцямі пад'езду, цісканінай, мінімальным бытавым камфортам і парадоксамі існаваньня сучаснай беларускай літаратуры. Цяпер беларускаму аўтару прасьцей дагрукацца да беларускага чытача праз расейскае выдавецтва расейскай мовай. «Время» выбрало их». «Время» – гэта выдавецтва, якое заапекавалася некаторымі беларускімі творцамі.
Мэханічны банэр «Россия» круціцца над галовамі наведнікаў Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Пляцоўка з прэзэнтацыяй выдавецтва «Время» месьціцца на самым прыкметным месцы. Под «Россией» партрэт пісьменьніка з подпісам «Ольгерд Бахаревич». Сам Альгерд Бахарэвіч тут сама расказвае пра свой раман «Собаки Европы» — аўтарскі пераклад зь беларускай.
Уся карцінка нагадвае майму знаёмаму другую частку «Сабак Эўропы». Там намалявана ня надта аддаленая будучыня, у якой Расейская імпэрыя перамагла, няма незалежнай Беларусі, ад беларускасьці засталіся пэўныя фанэтычныя згадкі ў гаворцы вяскоўцаў. Але пакуль сытуацыя іншая: суседняя імпэрыя робіць прамоцыю беларускаму аўтару на беларускай зямлі. Расейскаму выдавецтву беларускія ўлады адмовіць ня могуць, альбо, хутчэй, не жадаюць лішняга скандалу. Наагул, сучасных беларускіх пісьменьнікаў на кірмашы вы сустрэнеце ня так шмат. Нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч ня будзе.
Расейскае выдавецтва «Время» ёсьць арганізатарам шэрагу прэзэнтацый расейскамоўных беларускіх аўтараў. Ганна Севярынец выступае з кнігай прозы «Вспоминая Вегас». Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак — з кнігай для падлеткаў «Я бы на твоем месте». Расейскі пісьменьнік беларускага паходжаньня Саша Філіпенка ўдзельнічае ў імпрэзе з кнігай «Возвращение в Острог».
З расейскамоўным варыянтам кнігі «Ноч» мае выступіць Віктар Марціновіч.
Калі жартаваць у стылі сацыяльных сетак, можна напісаць: «З вамі была рубрыка „Ніхто не чытае па-беларуску“». Дзяржава як сабака на сене. Сама ня можа крэатыўна падыходзіць да супрацы з аўтарамі, але іншым замінае. Большасьць кнігарань у Беларусі дзяржаўныя. Калі вы і сустрэнеце там сучасных, і тым больш папулярных беларускіх беларускамоўных аўтараў, то, за рэдкім выключэньнем, яны будуць схаваныя ў якім-небудзь закутку. Хоць справа ня столькі ў мовах, колькі ў «наш — ня наш» з гледзішча сыстэмы. І гэта я пішу пра сталіцу. За Менскай кальцавой дарогай сытуацыя значна горшая.
І вось беларускія аўтары, як могуць, абыходзяць перашкоды. Выхад на расейскі рынак сёньня — ці не адзіная магчымасьць для аўтара, які хоча жыць зь літаратуры. Гэта ўжо «вітаньне» ня толькі маральна і фізычна састарэлай дзяржаўнай сыстэме ідэалягічнага кантролю за пісьменьнікамі. Незалежная літаратурная прэмія імя Гедройця таксама крытыкуецца. У прыватнасьці, за адарванасьць ад рэакцыі чытачоў на таго ці іншага аўтара.
Напрыклад, Альгерд Бахарэвіч спыніў свой удзел у «Гедройці», патлумачыўшы, што бачыць у прэміі рулетку. А ў азартныя гульні Бахарэвіч не гуляе. І тут ужо на расейскі імпэрыялізм, а нават і на дзяржаўную коснасьць сытуацыю ня сьпішаш. Гэта ўжо такія глыбінныя праблемы, якія шырокаму чытачу ня тое каб не зразумець, але нецікава ў іх паглыбляцца. Чытачу цікавыя новыя тэксты.
«Сабакі Эўропы» — аб’ёмная кніга. Дэ-факта гэта шэсьць аповесьцяў, сабраных пад адной вокладкай і аб’яднаных пэўным гучаньнем. Такія раманы чытаюцца доўга. Кніга выйшла крыху больш за два гады таму. Беларускамоўная вэрсія хутка разышлася. На цяперашняй сустрэчы ў Альгерда Бахарэвіча пыталіся, дзе купіць менавіта беларускамоўную кнігу. Альгерд разводзіў рукамі, маўляў, выдавецтва абяцае дадрукаваць, але пакуль няма. Аўтар папулярны, кніга карыстаецца попытам, а купіць няма дзе. Ёсьць рэчы, якія ня сьпішаш проста на абсурд дзяржаўнай сыстэмы. «Пачні зь сябе», як той казаў, тады твае прэтэнзіі да дзяржавы зазьзяюць новымі фарбамі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Часовая павераная ЗША Джэніфэр Мур: «Вершы Янкі Купалы мне нагадваюць паэзію Ўолта Ўітмэна»