7 лютага ў Краснай паляне пад Сочы пройдуць перамовы кіраўнікоў Расеі і Беларусі. Прэс-служба Крамля паведамляе, што Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка абмяркуюць актуальныя тэмы двухбаковага супрацоўніцтва ў кантэксьце інтэграцыйных працэсаў.
Паводле набліжанага да Лукашэнкі тэлеграм-канала «Пул Первого», сустрэча ў пяцізоркавым «Гранд Отеле», які належыць канцэрну «Газпром», пачнецца прыкладна апоўдні. Пазьней зьявілася ўдакладненьне, што праз складаныя ўмовы надвор'я расейская дэлегацыя вылецела з Масквы з 2-гадзінным спазьненьнем, адпаведна, зрушыўся і графік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад падатковага манэўру Расеі летась Беларусь страціла 330 мільёнаў даляраў, — РумасЦягам 2019 году ўрады дзьвюх краінаў распрацоўвалі так званы інтэграцыйны пакет — тры дзясяткі дарожных мапаў у розных сфэрах. Аднак шэраг пытаньняў так і застаюцца адкрытымі.
Асноўныя спрэчкі зьвязаны з фармаваньнем цэнаў і пастаўкамі вуглевадароднай сыравіны. Напярэдадні прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас заявіў, што толькі падатковы манэўр Расеі ў нафтавай галіне абышоўся Беларусі ў 2019 годзе ў блізу 330 млн даляраў.
Акрамя таго, не ўрэгуляваны мэханізм кампэнсацыі расейскім бокам за пастаўленую летась у красавіку па трубаправодзе «Дружба» брудную нафту. Мазырскі і Наваполацкі нафтаперапрацоўчыя заводы былі вымушаныя зьнізіць загрузку магутнасьцяў і панесьлі істотныя страты, шкода нанесена і трубаправоднай сыстэме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што будуць гаварыць Лукашэнка і Пуцін у Сочы?Напярэдадні візыту ў Расею Аляксандар Лукашэнка сабраў нараду, прысьвечаную паліўна-энэргетычнаму комплексу. Ён нагадаў, што рознагалосьсі з Расеяй здараюцца рэгулярна на працягу апошніх 13 гадоў, нягледзячы на ўзаемныя абавязаньні.
«Хоць пры іх падпісаньні нам былі дадзены цьвёрдыя гарантыі, яны ўвесь час парушаюцца, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Так, сёлета Расея абавязалася на міжурадавым узроўні паставіць у Беларусь 24 млн тон нафты — па 2 млн кожны месяц. У студзені было пастаўлена 500 тысяч — усяго адна чвэрць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: У нас супярэчнасьці з Расеяй на працягу 13 гадоўЁсьць прэтэнзіі ў беларускага боку і да паставак расейскага газу. Лукашэнка нагадаў, што пры продажы «Белтрансзагу» была дамоўленасьць на працягу некалькіх гадоў выраўнаваць для Беларусі цэнавыя ўмовы з Расеяй. Аднак гэтага не адбылося.
У 2019 годзе цана расейскага газу для Беларусі складала 127 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. Пра новы кантракт бакі дамовіліся толькі напярэдадні Новага году, і тое па цане на студзень-люты з захаваньнем леташняга ўзроўню, хоць Менск разьлічваў на паэтапнае зьніжэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці хопіць у ЗША нафты для Беларусі і колькі яна каштуеСытуацыя з пастаўкамі энэргарэсурсаў прымушае Беларусь шукаць альтэрнатыўныя крыніцы. Адзін са шляхоў — парты на Балтыцы, такім чынам ужо закуплена партыя нарвэскай нафты. Яшчэ адзін балтыйскі маршрут — з Гданьску па адной зь нітак нафтаправоду «Дружба», які трэба запусьціць у рэвэрсным рэжыме. Вядуцца перамовы з уладамі Казахстану, а раней ужо былі апрабаваныя пастаўкі праз Украіну з Чорнага мора. Пра гатоўнасьць на 100% забясьпечыць Беларусь амэрыканскай нафтай падчас візыту ў Менск заявіў Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Параўнаем, па якой цане куплялі нафту ЗША і Расеі Беларусь і краіны ЭЗ4 лютага падчас наведваньня Добрушу Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з адносінах з Расеяй наступіў «момант ісьціны». Па яго словах, Беларусь хоча сяброўскіх адносінаў з братэрскім народам, але гэтаму замінаюць праблемныя пытаньні ў міждзяржаўным супрацоўніцтве.