Заўтра ў расейскім горадзе Сочы пройдуць перамовы кіраўнікоў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. БелТА паведамляе, што Лукашэнка ўжо сёньня прыбыў у Сочы.
Напярэдадні візыту кіраўнік Беларусі правёў урадавую нараду па забесьпячэньні працы паліўна-энэргетычнага комплексу краіны.
«Мы сабраліся для таго, каб абмеркаваць шэраг мер па выкананьні прагнозных паказчыкаў і, няма чаго хаваць, пераадоленьні тых нэгатыўных тэндэнцыяў, якія намеціліся ў нашай эканоміцы ў сувязі з апошнімі падзеямі ў сьвеце і перш за ўсё ва ўзаемаадносінах з Расіяй. Гэта ня толькі вузкія пытаньні. Яны ва ўсіх на слыху — накшталт паставак нафты, газу, прадуктовыя войны, якія, на жаль, сталі звыклымі ў апошні час» — цытуе БелТА Лукашэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што будуць гаварыць Лукашэнка і Пуцін у Сочы?Ён нагадаў, што чарговы раз паўсталі рознагалосьсі па энэргетычных пытаньнях з найбліжэйшым партнэрам — Расеяй. «Гэта адбываецца рэгулярна ўжо на працягу 13 гадоў, нягледзячы на ўзаемныя абавязацельствы» — заўважыў кіраўнік Беларусі.
«Хоць пры падпісаньні дамоваў нам былі дадзеныя цьвёрдыя гарантыі. Да прыкладу, у гэтым годзе Расея абавязалася на міжурадавым узроўні паставіць у Беларусь 24 млн тонаў нафты — па 2 млн кожны месяц. У студзені было пастаўлена 500 тысячаў тонаў — адна чвэрць. Вы мне паведаміце, што зроблена для таго, каб Расея выконвала абавязаньні», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Параўнаем, па якой цане куплялі нафту ЗША і Расеі Беларусь і краіны ЭЗЁн адзначыў, што Беларусь занадта часта вымушаная карэктаваць пляны разьвіцьця сваёй эканомікі. «Таму хацелася б пачуць пра мэханізмы кампэнсацыі стратаў, якія нашая краіна непазьбежна нясе ў гэты пэрыяд не па сваёй віне. Патрабаваньні вядомыя — ніводны жыхар Беларусі, ніводнае прадпрыемства не павінны адчуць на сабе наступствы ад усякага роду манэўраў нашых партнэраў», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка таксама пацікавіўся прапановамі ўрада па пошуку альтэрнатыўных пастаўнікоў энэргарэсурсаў і надзейных каналаў іх пастаўкі.
«Яшчэ раз, ужо публічна, паўтараю: усе нафтаперапрацоўчыя заводы павінны працаваць. Мы павінны забясьпечваць нафтапрадуктамі не толькі ўнутраны рынак, як гэта адбываецца цяпер, але і нашы абавязацельствы па кантрактах на зьнешніх рынках, гэта значыць продаж нафтапрадуктаў Эўропе, Украіне, іншым краінам», — падкрэсьліў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нафта з Казахстану: віцэ-прэм’ера Крутога ўпаўнаважылі падпісаць дамову ад БеларусіЁн сказаў, што ўрад павінен мець пляны рэагаваньня на любы магчымы выклік.
«Перш за ўсё эканамічнаму блёку ўраду і ўраду ў цэлым неабходна мець пляны рэагаваньня на любы магчымы выклік, а не закрываць амбразуру целамі, калі ўжо пачаўся бой. Галоўнае — захаваць мір і спакой у краіне, устойлівасьць эканомікі і ўпэўненасьць грамадзянаў у заўтрашнім дні» — падкрэсьліў Аляксандр Лукашэнка.