У храмах анэксаванага Крыму распарадзіліся маліцца пра дождж

Царкоўная служба ў Сімфэропалі, люты 2019 году

Па распараджэньні «кіруючага архірэя» у храмах Сімфэропальскай і Крымскай эпархіі пачаліся набажэнствы «пра дараваньне вільгаці», паведамляе агенцтва «Интерфакс» са спасылкай на крыніцы ў прэс-службе эпархіі.

Суразмоўца агенцтва ўдакладніў, што такія малебны арганізуюць ня першы раз, і звычайна іх пачынаюць праводзіць пасьля звароту ўладаў у эпархію. «Нехта з адміністрацыі зьвярнуўся на мінулым тыдні», — удакладніў ён.

Празь бясьсьнежную зіму і адсутнасьць ападкаў анэксаванаму Расеяй Крыму пагражае засуха: запасаў у вадасховішчах Сімфэропалю засталося толькі на 90-100 дзён. Напярэдадні стала вядома, што ў Сімфэропалі ўводзіцца абмежаваньне на падачу вады — з 10 лютага жыхары змогуць карыстацца ёй толькі на працягу чатырох гадзін раніцай і яшчэ чатырох — увечары. Гарачую ваду ў будныя дні будуць адключаць цалкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ў Беларусі зьнік спадарожнікавы сыгнал шэрагу ўкраінскіх тэлеканалаў

Да 2014 году каля 85% патрэбаў жыхароў Крыму ў вадзе забясьпечваў Паўночна-Крымскі канал — вада па ім ішла з Украіны. Але пасьля анэксіі Крыму Расеяй Украіна спыніла пастаўкі вады. З тых часоў афіцыйная пазыцыя Кіева не мянялася: канал адкрыюць толькі пасьля аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

Цяпер асноўныя вадасховішчы Крыму запоўненыя на 37%, гэтых запасаў хопіць толькі да чэрвеня. Найбольш напружаная сытуацыя ў сувязі з адсутнасьцю ападкаў склалася ў Сімфэропалі, дзе ўзровень вады ў два разы ніжэйшы, чым год таму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ФСБ абвясьціла пра затрыманьне «агента ўкраінскіх спэцслужбаў» у Крыме
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна рыхтуе марскую блякаду акупаванага Крыму