Экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі ў Кітай вырас на 59,6%, але амаль 80% усяго экспарту гэтай катэгорыі па-ранейшаму ідзе ў Расею.
Летась Беларусь недапаставіла ў Расею 44 тысячы тон мяса і каля 200 тысяч тон малочных прадуктаў. Але агулам па выніках мінулага году Беларусь экспартавала ў Расею харчоў на 4,3 млрд даляраў з ростам на 3% параўнальна з папярэднім годам.
«Малочных і мясных войнаў з Расеяй не было»
У мінулым годзе «асаблівых узрушэньняў, малочных і мясных войнаў з Расеяй не было, такіх, якія былі раней», — заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску Аляксей Багданаў, начальнік галоўнага ўпраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Мінсельгасхарчу Беларусі, адказваючы на пытаньне карэспандэнта Свабоды.
«Усе пытаньні вырашаюцца даволі хутка. Уся прадукцыя, якая паступае на расейскі рынак, падкантрольная дэпартамэнту вэтэрынарнага нагляду. То бок абсалютная празрыстасьць тавараў», — сказаў Багданаў.
Вясной 2019 году Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі ялавічыны на костцы зь Беларусі. Паводле Багданава, гэтае закрыцьцё доступу было «пасьпешлівым рашэньнем» расейскага боку.
«На пачатку мінулага году былі праблемы зь ялавічынай, якія ўдалося вырашыць толькі з удзелам Міжнароднага эпізаатычнага бюро недзе ў сярэдзіне году. Мы 4-5 месяцаў не маглі пастаўляць ялавічыну, і таму экспарт ялавічыны ў Расею зьнізіўся. Крыху меней летась паставілі на расейскі рынак мяса птушкі, каўбасных вырабаў і сьвініны. Але склады беларускіх вытворцаў на сёньня пустыя. Тавары, якія недапаставілі на расейскі рынак з тых ці іншых прычын, перанакіравалі на іншыя рынкі збыту», — сказаў Аляксей Багданаў.
Паводле прадстаўніка беларускага Мінсельгасхарчу, «любыя праблемы, якія ўзьнікаюць у двухбаковых адносінах, здымаюцца апэратыўна».
Беларусь экспартавала ў Расею ў 2019 годзе харчоў на 4,3 млрд даляраў з ростам на 3% параўнальна з папярэднім годам. Дадатковая выручка склала 120 млн даляраў. Але долю Расеі ў агульным экспарце харчоў Беларусь зьменшыла на 1,2%.
«Дывэрсыфікуючы экспарт харчоў у 2019 годзе, мы зьнізілі долю расейскага рынку на 1,2 працэнтнага пункта. Але ўсё роўна доля застаецца даволі высокай. Гэта абсалютна нармальная сытуацыя, бо паміж суседзямі гандаль традыцыйна ідзе большымі тэмпамі, жывей, гэтаму спрыяе і лягістыка. Мы рухаемся па шляху дывэрсыфікацыі, але стараемся захаваць нашы традыцыйныя рынкі», — сказаў Аляксей Багданаў.
«Асноўным драйвэрам росту», паводле Багданава, была малочная прадукцыя. У грашовым вымярэньні яе экспартавалі на 23% больш, чым у 2018 годзе. Апроч малочнай прадукцыі, у мінулым годзе ўдалося больш паставіць у Расею яек, ільновалакна, жэлятыны, насеньня, рапсавага алею, а таксама мясных прадуктаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія аграрыі ня могуць «адвязацца» ад расейскага рынкуПаводле Багданава, што тычыцца падпісаных з Расеяй балянсаў попыту і прапановы на 2019 год, «ня ўсе пазыцыі былі выкананыя».
«Што да мяса і мясапрадуктаў згодна з балянсам на 2019 год, то недапаставілі 44 тысячы тон рознага мяса, і каля 200 тысяч тон недапастаўлена малочных прадуктаў», — сказаў Багданаў.
Балянсы з Расеяй на 2020 год падпісаныя, заплянаваны экспарт малочнай прадукцыі і мяса практычна на ўзроўні мінулага году.
Вырас экспарт у Кітай
Экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі і харчоў у Кітай вырас на 59,6% і склаў 131,5 млн даляраў. Сярод іншага, гэта малочныя прадукты, ялавічына і мяса птушкі.
Аб’ём паставак перапрацаванай мясной прадукцыі (ялавічыны і птушкі) павялічыўся на 53,3 млн даляраў і склаў 44,1% у агульнай структуры экспарту ў Кітай.
«Мы ўжо маем добрую практыку паставак беларускіх харчоў цэлымі кантэйнэрнымі цягнікамі. Гэта 41 вагон, 1025 тон аднамомантавай пастаўкі. Што да малочнай прадукцыі, то маем добры вопыт, за гэтыя гады паставілі 20 цягнікоў. І плянавалі напрыканцы мінулага году адправіць яшчэ адзін цягнік зь мясам ялавічыны і птушкі. Але пляны адносна такога цягніка перанесьлі на 2020 год. Тут былі аб’ектыўныя прычыны. Было выгадней і таньней пастаўляць гэтыя аб’ёмы марскім шляхам», — сказаў Багданаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Якое шчасьце, што ў свой час выбралі курс на сяброўства з Кітаем»У Беларусі ўжо 13 мясакамбінатаў, 8 птушкафабрык і 54 «малочныя» прадпрыемствы маюць сэртыфікаты на пастаўкі прадукцыі ў Кітай. Павялічваецца і асартымэнт прадукцыі, экспартаванай у гэтую краіну. Да таго ж 4 прадпрыемствы могуць пастаўляць жамерыны цукровых буракоў і некалькі прадпрыемстваў — рыбную прадукцыю.
Новымі рынкамі збыту сталі Аўганістан, Ангола, Бэнін, Буркіна-Фасо, Гвінэя, Кенія, Маўрытанія, Мазамбік, Нігер, Судан, Уганда, Бэліз, Куба, Уругвай, Люксэмбург, Фінляндыя, Альбанія, Босьнія і Герцагавіна.
Напрыклад, ва Ўругвай пачалі пастаўляць алькагольныя напоі, у Фінляндыю — пушна-футравую сыравіну, у Альбанію — цукар і бульбу, у Анголу і Буркіна-Фасо — солад, на Кубу — малочныя кансэрвы і сухое малако.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На чым Беларусі зарабляць, апроч нафтапрадуктаў? Разам з экспэртам шукаем альтэрнатыву ў малацэ і ІТШто кажа статыстыка?
У 2019 годзе Беларусь агулам паставіла на экспарт сельгаспрадукцыі і харчоў на 5,5 млрд даляраў — на 4,5% больш, чым у 2018 годзе.
У Расею сёлета паставілі сельгаспрадукцыі на 4,3 млрд даляраў, што на 3% больш, чым у 2018 годзе.
«Каб нахіліць, прынізіць»
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што расейскі бок закрывае для Беларусі свой рынак прадуктаў харчаваньня. Ён лічыць, што гэта робіцца з мэтай «нахіліць і прынізіць».
«Мы ўжо сёньня асабліва не пакутуем, што яны закрываюць нам рынак па прадуктах харчаваньня. Прытым нахабна, беспардонна, без прычыны. Каб нахіліць, прынізіць. Мы гэтым не адказваем», — заявіў Лукашэнка падчас паездкі ў Шклоў.
«Але ж мы можам і адказаць. Калісьці было, калі яны пачалі нас тарпэдаваць. Мы пачалі іх аўтамабілі правяраць пад Смаленскам. І чарга выстраілася па чыгунцы і аўтатранспарце да Крамля. Тады ўбачылі, што так рабіць нельга», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 227 камбайнаў, 39 664 трактары. Хто і пачым набывае «гонар беларускай прамысловасьці»