Сьцісла:
- З пачатку 2018 году да сьнежня 2019 году колькасьць прыхільнікаў саюзу з Расеяй зьменшылася з 64% да 40%
- Прарасейскія настроі упалі ніжэй за «дакрымскі» ўзровень
- Фактары, якія вызначылі зьніжэньне прарасейскіх настрояў — расейскі ціск, пазыцыя беларускай улады, тон дзяржаўных мэдыя, агітацыя і пратэсты супраць інтэграцыі
- Спраўдзіўся прагноз сацыёляга Вардамацкага — на расейскі ціск беларускае грамадзтва адказала зьніжэньнем прарасейскі настрояў
- Колькасьць рэспандэнтаў, якія выступаюць за адносіны з Расеяй з адкрытымі межамі, бязь візаў і мытняў, не зьмянілася і складае 75%
Менавіта пра абвал прарасейскіх настрояў сьведчаць дадзеныя апытаньня, якое правяла ў Беларусі ў сьнежні 2019 году Беларуская аналітычная майстэрня (БАМ).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыхільнікаў саюзу з Расеяй у Беларусі стала менш за палову, падзеньне рэзкае, — сацыёлягі ВардамацкагаБылі апытаныя 1061 чалавек ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, гранічная памылка рэпрэзэнтатыўнасьці 3.2%, кантроль выбаркі ажыцьцяўляўся паводле ўзросту, рэгіёну і месца пасяленьня (горад/вёска).
Апытаньне праводзілася з 18 па 31 сьнежня 2019 году, пасьля першых акцыяў пратэсту супраць інтэграцыі 7-8 сьнежня. Падчас апытаньня 40.4% рэспандэнтаў аддалі перавагу саюзу Беларусі і Расеі, пры гэтым 32% выказаліся за ўступленьне Беларусі ў Эўразьвяз.
У апытаньні ў жніўні мінулага году суадносіны былі іншымі: 54.8% — за саюз з Расеяй, 24.4% — за далучэньне да ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З кім ваюе Беларусь? Апытаньне ў Менску. ВІДЭАПікам прарасейскіх настрояў у Беларусі быў 2017 год, тады доля прыхільнікаў саюзу з РФ складала паводле апытаньняў складала ажно 70%.
Але з 2018 году пачалося зьніжэньне, са студзеня 2018 году па жнівень 2019 году колькасьць прыхільнікаў беларуска-расейскага саюзу зьменшылася прыкладна на 10 адсоткавых пунктаў, з 63.9% да 54.8%.
За апошняе паўгодзьдзе 2019 году тэмп зьніжэньня прарасейскіх настрояў рэзка павялічыўся, доля прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй пераадолела псыхалягічна важную мяжу ў 50%.
Ніжэй за ўзровень да анэксіі Крыму
Варта заўважыць, што ў сьнежні 2019 году колькасьць тых, хто выступаў за саюз з Расеяй, упала ніжэй за ўзровень, на якім гэты паказьнік быў у пэрыяд да анэксіі Расеяй Крыму — у 2013 годзе. Тады гэты паказьнік складаў 54%. Анэксія Крыму, вайна на ўсходзе Ўкраіны, узмацнілі прарасейскія настроі, цяпер ківач масавых настрояў пайшоў у адваротны бок, перакрочыўшы даваенны ўзровень.
Прычыны рэзкага падзеньня прарасейскіх настрояў напрыканцы 2019 году відавочныя. Гэта канфлікты паміж Менскам і Масквой наконт паглыбленьня інтэграцыі, абмежаваньні расейскай эканамічнай дапамогі, рэзкія заявы беларускага кіраўніцтва наконт замахаў на беларускі сувэрэнітэт, агітацыя супраць інтэграцыі з боку беларускай грамадзянскай супольнасьці.
Гледзячы па ўсім, не апошнюю ролю адыграла і зьмена тону беларускіх афіцыйных СМІ. Паводле маніторынгу БАЖ у 2019 годзе дзяржаўныя мэдыя Беларусі сталі істотна менш прарасейскімі.
Супольнае ўзьдзеяньне гэтых фактараў і дала такі эфэкт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі экспэрт патлумачыў, чаму Пампэо падтрымаў Беларусь, а не ЛукашэнкуТакім чынам акцыі пратэсту супраць паглыбленьня інтэграцыі ў сьнежні 2019 году адлюстроўвалі ня толькі меркаваньні некалькіх тысячаў іх удзельнікаў, але і істотны зрух у масавых меркаваньнях, ва ўстаноўках сотняў тысячаў і мільёнаў беларусаў.
Гэтую ж тэндэнцыю ў масавай сьвядомасьці адлюстроўвалі і дзеяньні беларускай улады, Аляксандра Лукашэнкі, які не падпісаў праграму паглыбленьня інтэграцыі.
Як мяккая беларусізацыя зьмянілася цьвёрдай
Apriori рэакцыя беларускага грамадзтва на канфлікты паміж Менскам і Масквой, на расейскі ціск, магла быць і адваротнай: ай, як мы будзем жыць без Расеі, яны ж браты, ня дасьць Расея танных газу і нафты — прападзем, Лукашэнка ўпарціцца, а ў выніку мы зьбяднеем.
Такая лёгіка прывяла б не да зьніжэньня, а да росту прарасейскіх настрояў. І шмат якія чыньнікі дзейнічалі на карысьць гэтай лёгікі: Беларусь вельмі залежная ад Расеі, шмат беларусаў працуе на прадпрыемствах, якія працуюць на расейскі рынак, у мэдыйнай прасторы краіны калі не дамінуюць, то маюць велізарную вагу расейскія мэдыя, якія рэтрансьлююць расейскі погляд, у тым ліку і на двухбаковыя адносіны.
Гэтыя чыньнікі маглі б стаць вызначальнымі, схіліць шалі вагаў геапалітычнага выбару ў бок Расеі. Але не схілілі, схіліліся яны ў другі бок. Трэба сказаць, што кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні прафэсар Андрэй Вардамацкі яшчэ год таму прадказваў менавіта тую рэакцыю грамадзкай думкі, якую пазьней зафіксавалі апытаньні: паводле яго тагачаснага прагнозу інтэграцыйнае дужаньне выкліча падзеньне прарасейскіх настрояў. Мяккая беларусізацыя можа стаць цьвёрдай у выпадку вонкавага ціску — казаў тады Вардамацкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Траціна беларусаў чытаюць навіны ў расейскіх СМІ. Чаму так і што з гэтым рабіцьГод таму апытаньні не дэманстравалі выразна гэтай тэндэнцыі, тагачасны свой прагноз Вардамацкі рабіў на падставе папярэдняга досьведу.
Паводле яго ў 2006 годзе канфлікты ў двухбаковых адносінах прывялі да зьніжэньня ўзроўню прарасейскіх настрояў. Сёлетнія апытаньні цалкам пацьвердзілі прагноз сацыёляга.
За адмысловыя адносіны, супраць зьліцьця
Аднак варта заўважыць, што грамадзкая думка — зьява складаная і супярэчлівая.
У сьнежаньскім 2019 году апытаньні БАМ задавалася таксама пытаньне пра розныя варыянты стасункаў з Расеяй:
- «Беларусь і Расея павінны быць незалежнымі, але дружалюбнымі краінамі — з адкрытымі межамі, бязь віз і мытняў»,
- «Адносіны Беларусі і Расеі павінныя быць такімі ж, як зь іншымі краінамі — з закрытымі межамі, зь візамі, мытнямі»
- «Аб’яднаньне Беларусі і Расеі ў саюзную дзяржаву»
- «Уваходжаньне Беларусі ў Расейскую Фэдэрацыю ў якасьці субʼекта фэдэрацыі».
У пытаньні пра выбар паміж саюзам з РФ і ўваходжаньнем Беларусі ў ЭЗ — зьмены кардынальныя. У адказах на пытаньне пра варыянты стасункаў з РФ зьменаў амаль не адбылося. Як і раней прыкладна тры чвэрці апытаных — за першы варыянт, бяз візаў і мытняў, прыкладна 7% — за стасункі, як з астатнім сьветам, за саюзную дзяржаву — каля 13%, за далучэньне да РФ — каля 4%.
Крыху зьмянілася толькі апошняя лічба, раней за аншлюс было 2%, цяпер стала 4%. Гэта ў межах памылкі рэпрэзэнтатыўнасьці выбаркі. Іншымі словамі, зьменаў у адказах на гэтае пытаньні па сутнасьці не адбылося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У тым, што для расейцаў Беларусь — недадзяржава, ёсьць і віна беларусаў», — расейскі лібэрал ГозманТак што з адказаў на пытаньне пра геапалітычны выбар паміж РФ і ЭЗ не вынікае, што беларусы адвярнуліся ад Расеі, што ня хочуць ніякіх адмысловых сувязяў з усходнім суседам. У большасьці хочуць.
Але распушчэньня ў Расеі, страты сувэрэнітэту, істотнага паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй — не, ня хочуць. І ціск выклікае жаданьне не падпарадкоўвацца, а супраціўляцца яму. Хай сабе і не выходзячы на вуліцу, але прынамсі не згаджацца.
І гэта важная зьмена ў масавай сьвядомасьці.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.