Сярэдняя тэмпэратура паветра ў студзені ў Беларусі склала +1,1°С, піша Белгідрамэтцэнтар. Гэта вышэй за кліматычную норму на 5,5°С — і гэта абсалютны рэкорд у гісторыі назіраньняў.
Найбольшае адхіленьне ад кліматычнай нормы назіралі ў Віцебскай вобласьці (плюс 6,3°С да нормы), найменшае — у Берасьцейскай (плюс 4,8°С).
Тэмпэратура перавышала нормы цягам усяго месяца: у першай дэкадзе на 4,7°С, у другой — на 5,8°С, у трэцяй — на 6°С.
Звычайна ж канец студзеня і пачатак лютага лічацца самым халоднай парою ў Беларусі.
Ападкаў было крыху менш за кліматычную норму: 38,6 мм за месяц, 92% нормы студзеня (найменш ад нормы — 72% у Берасьцескай вобласьці).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кліматычная норма зімы для Беларусі скарацілася на тыдзень
Што там зь лютым?
Пачатак лютага таксама выдаўся даволі цёплым (1 лютага было каля +10°С — новыя рэкорды адзначылі ў 22 месцах па краіне). Але цяпер тэмпэратура днём часам апускаецца ніжэй за нуль, а ноч на 5 лютага была самай халоднай з пачатку зімы: даходзіла да –6,1°С.
У Менску на дзень 5 лютага прагназуюць ад –3 да –5°С удзень і адсутнасьць ападкаў, на 6 лютага зноў невялікі «плюс» з мокрым сьнегам, на 7-га невялікі «мінус» без ападкаў, 8-га — каля нуля і сьнег з магчымай завеяй, 9-га — невялікі «плюс» без ападкаў.
У Баранавічах, Берасьці, Пінску і некаторых іншых гарадах на поўдні прагназуюць, што да канца тыдня ўдзень тэмпэратура ня будзе апускацца ніжэй за нуль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вінаград і кавуны, мінус месяц зімы. Што будзе зь беларускім кліматам праз 20-30 гадоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 4 месяцы лета, 93 мільёны даляраў стратаў. Як на Беларусь уплывае зьмена клімату