Нацыянальная пракуратура Нідэрляндаў прад’явіла абвінавачваньні чатыром фігурантам справы аб катастрофе рэйсу MH17 «Малайзійскіх авіяліній», паведамляе ТАСС са спасылкай на адвакатку аднаго з абвінавачаных, грамадзяніна Расеі палкоўніка Алега Пулатава.
Абвінавачаных выклікалі ў Нідэрлянды для правядзеньня сьледчых дзеяньняў. Судовы працэс над імі павінен пачацца 9 сакавіка 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 298 загінулых, зь іх 80 дзяцей. Што вядома праз 5 гадоў пасьля катастрофы MH17Пасажырскі «Боінг-777» «Малайзійскіх авіяліній», які рухаўся з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, разьбіўся 17 ліпеня 2014 году ў Данецкай вобласьці Ўкраіны. Загінулі 298 чалавек, грамадзяне 10 дзяржаў. Улады Ўкраіны заяўлялі, што самалёт зьбілі апалчэнцы з дапамогай зэнітна-ракетнага комплексу «Бук», які ім дала Расея. Масква гэтыя абвінавачваньні адхіляе.
У чэрвені 2019 году сьледчая група па справе аб катастрофе (у яе ўваходзяць прадстаўнікі Аўстраліі, Бэльгіі, Малайзіі, Нідэрляндаў і Ўкраіны) назвала чацьвярых падазраваных. Сярод іх трое грамадзян Расеі (генэрал-маёр Сяргей Дубінскі, палкоўнік Алег Пулатаў, колішні «міністар абароны „ДНР“» Ігар Стралкоў (Гіркін), а таксама ўкраінец Леанід Харчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародныя сьледчыя выяўляюць сувязі Сяргея Шайгу з данецкімі сэпаратыстамі