Летальнасьць новага каранавірусу склала 2,1%, — улады Кітаю

Ілюстрацыйнае

Паводле апошніх зьвестак, праз новы каранавірус у сьвеце памерла звыш 420 чалавек.

Прэс-сакратарка міністэрства замежных справаў Кітаю Хуа Чуньін заявіла на прэс-канфэрэнцыі 4 лютага, што ўзровень сьмяротнасьці ад новага каранавірусу ў Кітаі «вельмі нізкі» — 2,1%.

Чыноўніца адзначыла, што летальнасьць вірусу 2019-nCoV у разы ніжэй за каранавірусы SARS (атыповая пнэўманія, зарэгістраваная ў 2002 годзе) і MERS (бліжняўсходні рэсьпіраторны сындром, 2015 год), а таксама за ліхаманку Эбола.

Узровень пасьпяховага лекаваньня ад пнэўманіі, выкліканай новым каранавірусам, расьце, дадала яна. У Кітаі «цалкам упэўненыя», што здольныя перамагчы ўспышку.

Раней паведамлялася, што новы каранавірус найбольш пагражае людзям сталага веку, якія ўжо маюць праблемы са здароўем.

Паводле апошніх зьвестак, праз новы каранавірус памерла звыш 420 чалавек, але цалкам вылекаваліся звыш 650. Агулам пацьверджана звыш 20 600 выпадкаў захворваньня, зь якіх звыш 20 400 — у Кітаі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У эвакуаваных з Уханя беларусаў каранавірусу не знайшлі

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ