Чакаецца, што адміністрацыя прэзыдэнта Дональда Трампа прызначыць Джулі Фішэр, вэтэрана дыпляматычнай службы ЗША, амбасадарам у Беларусі.
Пра гэта паведамляе амэрыканскае выданьне Foreign Policy, спасылаючыся на «людзей у Беларусі знаёмых з гэтым пытаньнем».
Джулі Фішэр цяпер займае пасаду намесьніка памочніка дзяржсакратара ў пытаньнях Заходняй Эўропы і Эўразьвязу. Раней яна займала пасаду намесьніка сталага прадстаўніка амэрыканскай місіі пры NATO ды працавала ў амбасадах ЗША ва Ўкраіне, Грузіі і Расеі.
Каб прыехаць у Беларусь, Фішэр спатрэбіцца намінацыя прэзыдэнта і яе пацьверджаньне Сэнатам.
Пра хуткае прызначэньне амбасадара ў Беларусі заявіў падчас візыту ў Менск 1 лютага дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо: ЗША неўзабаве прызначаць амбасадара ў Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо: ЗША «хочуць дапамагчы Беларусі пабудаваць сувэрэнную краіну», але санкцыі пакуль не скасоўваюцьУ Беларусі няма амэрыканскага амбасадара з 2008 году.
Як разьвіваліся адносіны Беларусі і ЗША. Галоўнае
- ЗША прызналі Беларусь у 1992 годзе.
- У 1994 годзе ЗША, разам зь Вялікай Брытаніяй і Расеяй, падпісалі Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі для Беларусі ў абмен на перадачу Беларусьсю ядзерных узбраеньняў Расеі.
- Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан быў зь візытам у Беларусі ў 1994 годзе, падчас візыту ён наведваў Курапаты.
- Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу ня быў з афіцыйным візытам у ЗША.
- Таваразварот гандлю паміж Беларусьсю і ЗША ў 2018 годзе склаў 711 мільёнаў даляраў.
- Аляксандар Лукашэнка неаднойчы казаў, што без ЗША канфлікт ва Ўкраіне ня можа быць вырашаны.
- У 2016 годзе кіраўнік Беларусі заяўляў, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША выйграе Дональд Трамп.
- У 2010-я гады Беларусь была адным са шляхоў невайсковага транзыту грузаў для амэрыканскай вайсковай групоўкі ў Аўганістане.
- У ЗША ў 2004 годзе быў прыняты закон «Акт аб дэмакратыі для Беларусі», які абмяжоўвае гандаль паміж дзьвюма краінамі і забараняе ўраду ЗША галасаваць у міжнародных фінансавых арганізацыях за выдзяленьне Беларусі крэдытаў.
- З 2006 году адносна беларускіх чыноўнікаў дзейнічаюць амэрыканскія візавыя санкцыі.
- У 2007 годзе ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў беларускага канцэрну «Белнафтахім».
- У 2008 годзе Менск запатрабаваў ад‘езду з краіны пасла ЗША Карэн Ст’юарт.
- Адначасова штат амбасады быў скарочаны з 35 супрацоўнікаў да пяці.
З таго часу і дагэтуль ЗША ў Беларусі і Беларусь у ЗША прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных.
11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю
- У 2015 годзе ЗША віталі вызваленьне палітвязьняў у Беларусі і высілкі Менску па спрыяньні ўрэгуляваньню канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
- У 2015 годзе ўлады ЗША прыпынілі дзеяньне эканамічных санкцый адносна Беларусі. У далейшым дзеяньне санкцый прыпынялася кожныя паўгода.
- У 2019 годзе Менск і Вашынгтон дамовіліся аднавіць паўнавартасныя дыпляматычныя адносіны.