Ужо сёньня: гадавіна прэм'еры «Ідыліі»

Помнік кампазытару Станіславу Манюшку і драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Менску

Падзеі 9 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

9 лютага 1852 году ў Менску прайшла прэм’ера першай беларускай опэры «Ідылія» («Сялянка»). Музыку да п’есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча напісаў кампазытар Станіслаў Манюшка разам з Канстанцінам Кжыжаноўскім. У сярэдзіне 19 стагодзьдзя на месцы гасьцініцы «Эўропа» быў Менскі гарадзкі тэатар, дзе і адбылася прэм’ера «Ідыліі». У гэтым спэктаклі ўпершыню пасьля доўгага перапынку прагучала са сцэны беларуская мова.

Таксама ў гэты дзень

1667 — адбылося падпісаньне Андрусаўскага замірэньня паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай, згодна зь якім апошняя страціла смаленскія землі і левабярэжную Ўкраіну.

1893 — на сцэне Мулен Руж паказаны першы стрыптыз.

1913 — у Вільні Беларускі музычна-драматычны гурток упершыню паставіў камэдыю Янкі Купалы «Паўлінка».

1991 — рэфэрэндум аб незалежнасьці Літвы ад СССР.

У гэты дзень нарадзіліся

1930 — Валянцін Тарас, беларускі паэт, перакладчык, публіцыст.

1946 — Эдуард Зарыцкі, беларускі кампазытар, народны артыст Беларусі.

1959 — Віктар Шалкевіч, беларускі бард, актор, паэт і шоўмэн.

1960 — Міхась Казлоўскі, беларускі бібліяфіл, краязнавец, грамадзкі дзяяч, крытык, публіцыст, выдавец.

У памяці

1881 — памёр Фёдар Дастаеўскі, расейскі пісьменьнік.

1984 — памёр Юры Андропаў, кіраўнік КДБ СССР (1967–1982) і генэральны сакратар ЦК КПСС (1982–1984).