Візыт кіраўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Майка Пампэо ў Менск прайшоў 1 лютага. Ён сустрэўся з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімерам Макеем, наведаў Парк высокіх тэхналёгій, а таксама правёў сустрэчу з шэрагам грамадзкіх актывістаў. Падчас сустрэчы з Лукашэнкам Пампэо запэўніў, што ЗША гатовыя забясьпечваць Беларусь нафтай на 100% і па канкурэнтным кошце. А таксама выказаўся ў падтрымку незалежнасьці і дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі. Рэакцыя расейскіх СМІ, аглядальнікаў і палітыкаў зьявілася ў той жа вечар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо прыляцеў у Менск
«Гэта рэвалюцыя»
«Калі заўтра ў Беларусь прыбудзе прэзыдэнт ЗША, то МЗС РФ, афіляваныя арганізацыі і Пяскоў зноў будуць мармытаць пра тое, што „размовы аб цесных узаемаадносінах Беларусі і ЗША няма“, як і пра „безальтэрнатыўнасьць інтэграцыі“, — напісаў у суботу 1 лютага расейскі тэлеграм-канал „Бульба престолов“. — Але гаворка ідзе пра Беларусь, і калі ўспомніць яшчэ нядаўнія яе адносіны з Захадам, то на розум акурат прыходзіць рэвалюцыя. Але не аднаразовая падзея, а хутчэй культурная рэвалюцыя Мао і пэрманэнтная рэвалюцыя Троцкага. Кожны візыт амэрыканскага, эўрапейскага чыноўніка тут жа засланяецца наступным, яшчэ больш высокім візытам... Мы занадта прывыклі да ўсё новых навінаў і забываемся, наколькі чужы быў Лукашэнка Захаду яшчэ не так даўно... Роўна гэтак жа праходзіць мяккая беларусізацыя: не пасьпяваюць грамадзяне пераварыць, што руская мова зьнікла з чарговага месца, і яна тут жа зьнікае з наступнага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША гатовыя ўступіць у канкурэнцыю з Расеяй за Беларусь, — экспэрт
«Нехта ў Менску будуе ілюзіі»
«Масква і Менск праводзяць шматвектарную замежную палітыку і імкнуцца да нармальных і ўзаемавыгадных сувязяў з усімі краінамі і арганізацыямі ў сьвеце, — расказаў у камэнтары для выданьня „Эўразія. Экспэрт“ дырэктар інстытута Эўропы РАН Аляксей Грамыка. — Расея і Беларусь — чальцы Саюзнай дзяржавы і Эўразійскага эканамічнага саюза, яны складаюць ядро АДКБ, з’яўляюцца ваенна-палітычнымі саюзьнікамі. Іх адносіны — гэта не адносіны двух гандляроў, кожнага зь якіх можна перакупіць. Але калі нехта ў Менску будуе ілюзіі, што ім выгадна збліжэньне з Вашынгтонам дзеля вырашэньня праблем інтэграцыі на постсавецкай прасторы, то яны глыбока памыляюцца».
«У свой час так вывелі на новы ўзровень Януковіча»
Кіраўнік камісіі міжнароднай палітыкі расейскага Савету федэрацыі Аляксей Пушкоў выказаўся пра візыт Майка Пампэо ў сваім твітэры.
«ЗША гатовыя на 100% забясьпечыць Беларусь нафтай па канкурэнтнай цане і дашлюць новага амбасадара „для вываду адносін на новы ўзровень“, — напісаў Пушкоў. — Так абяцаў Пампэо ў Менску. Вядома: у свой час так „вывелі на новы ўзровень“ Януковіча на Украіне. Амбасадар ЗША Дж. Пает адыграў прыкметную ролю».