Экскурсію па Парку высокіх тэхналёгій кіраўніку амэрыканскага Дзярждэпу праводзіў яго дырэктар Усевалад Янчэўскі.
ПВТ кіраўнік Дзярждэпу наведаў адразу пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Неўзабаве пасьля візыту Пампэо зрабіў допіс у сваім твітэры.
«Натхнёны тым, што ўбачыў у ПВТ, — напісаў Майк Пампэо. — Выдатны прыклад таго, як Беларусь можа рэалізаваць свой незвычайны патэнцыял росту дальнабачнай эканамічнай палітыкай і разумным рэгуляваньнем».
Экскурсію для Пампэо праводзіў асабіста Усевалад Янчэўскі. Дырэктар ПВТ паказаў Пампэо працу кампаній EPAM, Flo Health, Mapbox і Saygames.
Як паведамляе партал TUT. BY, ЗША зьяўляюцца найбуйнейшым рынкам і інвэстарам для ПВТ. У Парку працуюць 62 кампаніі з амэрыканскім капіталам. Агульны экспарт праграмнага забеспячэньня ў ЗША у 2019 годзе перавысіў 900 мільёнаў даляраў.