Патрыярх РПЦ Кірыл прапанаваў запісаць Бога ў канстытуцыю Расеі

Патрыярх РПЦ Кірыл

Расейскія інфармацыйныя агенцтвы паведамілі ў суботу, 1 лютага, аб прапанове патрыярха Расейскай праваслаўнай царквы Кірыла ўпісаць у Канстытуцыю Расеі згадку пра Бога. Ён заклікаў маліцца і працаваць, каб «і ў нашым асноўным законе згадваўся Бог. Таму што большасьць расейскіх грамадзянаў у Бога вераць», — сказаў Кірыл.

Ён падкрэсьліў, што гаворка ідзе ня толькі аб праваслаўных. Кірыл лічыць, што вера ў Бога — узьнёслая ідэя, якая фармуе асабістую, грамадзкую і палітычную маральнасьць. Кіраўнік РПЦ запрапанаваў пачаць дыскусію аб неабходнасьці такой папраўкі.

15 студзеня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у пасланьні Фэдэральнаму сходу абвясьціў аб намеры зьмяніць Канстытуцыю. Была створаная спэцыяльная камісія, члены якой апрацоўваюць прапановы грамадзян.