Аляксандар Лукашэнка павітаў дзяржаўнага сакратара ЗША, запэўніўшы, што гатовы «абмеркаваць ўсе пытаньні, якія сёньня ў парадку дня нашых стасункаў, і шчыра адказаць на ўсе пытаньні», перадае карэспандэнт Радыё Свабода зь менскага Палацу Незалежнасьці.
Яшчэ перад афіцыйнай сустрэчай Лукашэнка пажартаваў, што «дыктатура ў Беларусі адрозьніваецца тым, што ў суботу-нядзелю ўсе адпачываюць, а прэзыдэнт працуе». Ён назваў Пампэо «адным з архітэктараў сучаснай палітыкі ЗША».
«Добра, што вы пасьля рознага кшталту абсалютна беспадстаўных непаразуменьняў мінулых уладаў рызыкнулі прыехаць у Менск і паглядзець на гэтую краіну — што тут за народ, што за людзі, што за дыктатура, што за дэмакратыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо: ЗША неўзабаве прызначаць амбасадара ў Беларусі«З ЗША аб’ядноўвае супольная гісторыя барацьбы з нацызмам»
Кіраўнік Беларусі адзначыў, што ў Беларусі «мірны народ», які з ЗША аб’ядноўвае супольная гісторыя барацьбы з нацызмам.
«Уся краіна была пакрытая канцлягерамі, габрэйскімі гета, кожны трэці чалавек загінуў», — сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка згадаў, што напярэдадні візыту «ворагі» шмат пісалі пра стасункі Беларусі і ЗША. «Жартавалі, зьдзекаваліся, блазнавалі», — ахарактарызаваў Лукашэнка зьмест такіх допісаў.
«Завочна знаёмыя»
Паводле Лукашэнкі, ён ужо знаёмы з Майкам Пампэо, «на жаль, завочна», падчас працы таго на папярэдняй пасадзе.
«Мы сумесна з амэрыканцамі праводзілі шэраг захадаў з удзелам нашых спэцслужбаў у барацьбе супраць тэрарызму, гандлю людзьмі. Правялі некалькі сур’езных апэрацыяў супрацьдзеяньня распаўсюду ядзерных элементаў і на мяжы зь Беларусьсю. Я памятаю некалькі выпадкаў: мы разам затрымалі некалькі злачынцаў, якія перамяшчалі празь мяжу ядзерныя матэрыялы ў бок Захаду», — сказаў Лукашэнка.
Майк Пампэо ў сваю чаргу заявіў, што яму прыемна сустрэцца з прэзыдэнтам Лукашэнкам.
«Мы ўсе працуем сумесна для барацьбы з тэрарызмам і высока цэнім вашую працу. Спадзяюся, мы можам разьвіваць дачыненьні, каб у Беларусі былі магчымасьці мець суверэнітэт і незалежнасьць. Я так разумею, гэта тое, што вы хочаце. Мы разумеем, што вы суседзі з Расеяй, у вас доўгая гісторыя, але мы ня кажам пра выбар паміж вамі і імі, мы кажам пра дыпляматычныя стасункі. Неўзабаве мы прызначым амбасадара», — сказаў Пампэо.
«ЗША занепакоеныя станам правоў чалавека»
Майк Пампэо зазначыў, што для ЗША важнае пытаньне правоў чалавека і яны занепакоеныя іх становішчам. Вашынгтон будзе працягваць працу ў галіне абароны правоў чалавека.
Пасьля афіцыйнага вітаньня прэсу папрасілі пакінуць залю перамоваў.
«Мне падабаецца амэрыкаская прэса і тое, калі яна сыходзіць», — пажартаваў Пампэо.
Лукашэнка падтрымаў ягоны жарт: «Журналістаў называюць „чацьвёртая улада“, і я заўсёды кажу: вы не забывайце, што чацьвёртая ўлада, а ня першая». Далей у прэс-цэнтры было чуваць словы перакладніцы Пампэо.
«Так, мы таксама іх ап...» — на гэтым сувязь з прэс-цэнтрам перарвалася. Што робіць Пампэо з журналістамі, засталося невядомым.
Аляксандар Лукашэнка і Майк Пампэо працягваюць перамовы сам-насам. Яны доўжацца ўжо больш за 1,5 гадзіны.
Другі ў гісторыі візыт дзяржаўнага сакратара ЗША ў Беларусь
Пампэо наведвае Беларусь у рамках эўрапейскага турнэ. Перад Менскам ён ужо пабываў у Лёндане і Кіеве, пасьля наведае Нур-Султан (Казахстан) і Ташкент (Узбэкістан).
Спачатку плянавалася, што Пампэо прыляціць у Беларусь раней, 4 студзеня. Аднак усё эўрапейскае падарожжа давялося адкласьці з прычыны падзей у Іране.
Анансуючы візыт, дзяржаўны дэпартамэнт адзначыў, што яго мэта — «падкрэсьліць прыхільнасьць ЗША сувэрэннай, незалежнай, стабільнай і квітучай Беларусі і пацьвердзіць нашае жаданьне нармалізаваць нашыя двухбаковыя дачыненьні».
Майк Пампэо — другі за гісторыю дзяржаўны сакратар ЗША, які наведвае Рэспубліку Беларусь. Да яго на пачатку 1990-х у Беларусь прыяжджаў Уорэн Крыстафэр. Але гэта ня самыя высокія амэрыканскія госьці ў гісторыі Беларусі: у 1994 годзе Беларусь наведаў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.
17 верасьня летась у Беларусь прыляцеў намесьнік дзяржаўнага сакратара Дэвід Гэйл. На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ён абвясьціў рашэньне вярнуць у Беларусь амэрыканскага амбасадара.
Беларусь выслала амбасадара ЗША ў 2008 годзе пасьля таго, як Вашынгтон наклаў на яе санкцыі за парушэньні правоў чалавека.
Як разьвіваліся адносіны Беларусі і ЗША. Галоўнае
- ЗША прызналі Беларусь у 1992 годзе.
- У 1994 годзе ЗША, разам зь Вялікай Брытаніяй і Расеяй, падпісалі Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі для Беларусі ў абмен на перадачу Беларусьсю ядзерных узбраеньняў Расеі.
- Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан быў зь візытам у Беларусі ў 1994 годзе, падчас візыту ён наведваў Курапаты.
- Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу ня быў з афіцыйным візытам у ЗША.
- Таваразварот гандлю паміж Беларусьсю і ЗША ў 2018 годзе склаў 711 мільёнаў даляраў.
- Аляксандар Лукашэнка неаднойчы казаў, што без ЗША канфлікт ва Ўкраіне ня можа быць вырашаны.
- У 2016 годзе кіраўнік Беларусі заяўляў, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША выйграе Дональд Трамп.
- У 2010-я гады Беларусь была адным са шляхоў невайсковага транзыту грузаў для амэрыканскай вайсковай групоўкі ў Аўганістане.
- У ЗША ў 2004 годзе быў прыняты закон «Акт аб дэмакратыі для Беларусі», які абмяжоўвае гандаль паміж дзьвюма краінамі і забараняе ўраду ЗША галасаваць у міжнародных фінансавых арганізацыях за выдзяленьне Беларусі крэдытаў.
- З 2006 году адносна беларускіх чыноўнікаў дзейнічаюць амэрыканскія візавыя санкцыі.
- У 2007 годзе ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў беларускага канцэрну «Белнафтахім».
- У 2008 годзе Менск запатрабаваў ад‘езду з краіны пасла ЗША Карэн Ст’юарт.
- Адначасова штат амбасады быў скарочаны з 35 супрацоўнікаў да пяці.
З таго часу і дагэтуль ЗША ў Беларусі і Беларусь у ЗША прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных.
11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю
- У 2015 годзе ЗША віталі вызваленьне палітвязьняў у Беларусі і высілкі Менску па спрыяньні ўрэгуляваньню канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
- У 2015 годзе ўлады ЗША прыпынілі дзеяньне эканамічных санкцый адносна Беларусі. У далейшым дзеяньне санкцый прыпынялася кожныя паўгода.
- У 2019 годзе Менск і Вашынгтон дамовіліся аднавіць паўнавартасныя дыпляматычныя адносіны.