Адміністрацыя Дональда Трампа абвясьціла ў пятніцу, што абмяжоўвае легальную іміграцыю з шасьці дадатковых краін, якія, па словах чыноўнікаў, не адпавядаюць стандартам бясьпекі. Беларусі сярод іх няма, паведамляе агенцтва AP.
Чыноўнікі заявілі, што імігранты з Кіргізстана, М’янмы, Эрытрэі, Нігерыі, Судана і Танзаніі сутыкнуцца з новымі абмежаваньнямі ў атрыманьні пэўных візаў для прыезду ў ЗША. Але гэта не поўная забарона на ўезд, у адрозьненьне ад папярэдніх намаганьняў прэзыдэнта Трампа, якія выклікалі абурэньне ва ўсім сьвеце за несправядлівае вылучэньне мусульман.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ЗША ня будуць патрабаваць, каб Беларусь адышла ад статусу саюзьніка Расеі», — палітолягНа працягу тыдня гучалі чуткі аб магчымай новай забароне, і першапачаткова сярод краін, якія зь ёю сутыкнуцца, разгалядалася і Беларусь. Але ў выніковым сьпісе яе няма. 1 лютага Менск наведае амэрыканскі дзяржсактар Майк Пампэо.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напярэдадні прыезду дзяржсакратара ЗША ў Менск беларускія партыі перадалі зварот на яго імяВыконваючы абавязкі міністра ўнутранай бясьпекі Чад Вольф заявіў, што чыноўнікі па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі будуць працаваць з краінамі, каб дапамагчы ім выйсьці са сьпісу.
Выданьне Politico паведаміла 21 студзеня, спасылаючыся на ананімныя крыніцы ў Белым доме, што сьпіс краінаў, на якія распаўсюджваюцца амэрыканскія візавыя абмежаваньні, можа быць пашыраны.
Паводле зьвестак Politico, гаворка вялася пра:
- Беларусь
- Кіргізстан
- М’янму
- Нігерыю
- Судан
- Танзанію
- Эрытрэю.
Пра магчымасьць пашырэньня амэрыканскага сьпісу такіх краінаў, сярод якіх можа апынуцца і Беларусь, паведамілі таксама The Wall Street Journal і The New York Times, адзначаючы, аднак, што гэтая інфармацыя афіцыйна не пацьверджаная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агрэсія Расеі, інтэграцыя ў NATO. Што абмяркоўваў дзяржсакратар ЗША з уладамі Ўкраіны