Усясьветная арганізацыя здароўя 30 студзеня абвясьціла надзвычайную міжнародную сытуацыю з прычыны распаўсюджваньня каранавірусу. Як уплывалі на Беларусь усясьветныя эпідэміі?
Рашэньне азначае, што краіны ва ўсім сьвеце павінны ўзгадняць свае захады дзеля барацьбы зь вірусам з Усясьветнай арганізацыяй здароўя.
Паводле Міністэрства аховы здароўя, пакуль у Беларусі не зафіксавана выпадкаў захворваньня на каранавірус.
Ці даходзілі раней небясьпечныя эпідэміі і інфэкцыі да Беларусі?
Не пацьвердзілася: на Эболу праверылі шасьцёх нігерыйскіх студэнтаў
Успышкі ліхаманкі Эбола ў Заходняй Афрыцы былі ў 2014–2016 гадах (самая моцная з часу выяўленьня вірусу ў 1976 годзе) і ў 2018–2019 гадах у Конга. Апошнюю Ўсясьветная арганізацыя здароўя абвясьціла міжнароднай надзвычайнай сытуацыяй.
Лічыцца, што распаўсюднікі вірусу Эбола — лятучыя мышы сямейства крыланавыя.
У 2014 годзе шасьцёх нігерыйскіх студэнтаў, якія вучацца ў Беларусі, абсьледавалі на ліхаманку Эбола, але яна не пацьвердзілася.
Афіцыйна ў Беларусі паведамлялася, што Эбола да краіны ня дойдзе, бо тут ня могуць сфармавацца прыродныя ачагі для гэтага ўзбуджальніка. Хоць ня выключаныя выпадкі завозу Эболы.
Паміралі ад пнэўманіі, ускладненьняў ад сьвінога грыпу
Сьвіны грып (H1N1) пасьля першых успышак у Паўночнай Амэрыцы ў красавіку 2009 году хутка распаўсюдзіўся па ўсім сьвеце. Усясьветная арганізацыя здароўя абвясьціла пандэмію ў чэрвені 2009 году, калі пра лябараторна пацьверджаныя выпадкі заражэньня паведамілі 74 краіны і тэрыторыі.
У Беларусь сьвіны грып прывёз студэнт, які прыехаў вучыцца з Кітаю. Рост захворваньня быў зафіксаваны ў жніўні-верасьні, калі ў Беларусь прыехалі замежныя студэнты. Многія пробы на вірус тады пацьвярджаліся.
Паводле Аляксандра Лукашэнкі, у 2009 годзе ад пнэўманіі (ўскладненьне грыпу A (H1N1)) памерлі 19 чалавек, зь якіх у шасьцёх знайшлі падазрэньне на сьвіны грып.
Паводле naviny.by, у рэанімацыях Менску ад пнэўманіі ў 2009 годзе памерлі 123 чалавекі, зь іх у 88 быў вызначаны вірус пандэмічнага грыпу A (H1N1). З дыягназам «пнэўманія» было шпіталізавана 11 550 чалавек.
Ад адру ратуюць прышчэпкі
У 2017 годзе адзёр стаў прычынай 110 000 выпадкаў сьмерці ў сьвеце, у асноўным дзяцей ва ўзросьце да 5 гадоў. Адзёр — вельмі заразная і цяжкая вірусная хвароба.
Самая сур’ёзная сытуацыя назіраецца ва Ўкраіне, дзе ў 2018 годзе было адзначана больш за 53 тысячы выпадкаў захворваньня на адзёр — гэта больш, чым ва ўсіх астатніх эўрапейскіх краінах разам узятых. Рост захворваньня мэдыкі тлумачаць толькі адмовай ад прышчэпак.
Усясьветная арганізацыя здароўя назвала адмову ад вакцынацыі адной з галоўных пагроз у 2019 годзе.
У Беларусі прышчэпка ад адру ўваходзіць у нацыянальны каляндар прафіляктычных прышчэпак, але бацькі могуць адмовіцца ад вакцынацыі. Прадугледжаныя прафіляктычныя прышчэпкі ад адру ў 1 год і ў 6 гадоў. Паводле афіцыйнай інфармацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі, з пачатку 2019 году ў Беларусі зарэгістравана 106 лябараторна пацьверджаных выпадкаў адру. 35 выпадкаў — завозныя, астатнія — зьвязаныя з завознымі. Гэта менш, чым за аналягічны пэрыяд 2018 году, сьцьвярджае Мінздароўя.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ