Мантаж у ваенных фота і таямнічая газэта Дуніна-Марцінкевіча. Пра што расказвае скандальная «Гісторыя беларускай фатаграфіі»

Зборнік «Гісторыя беларускай фатаграфіі»

У Менску прэзэнтавалі аналітычны зборнік з амбітнай назвай — «Гісторыя беларускай фатаграфіі». Але адразу пасьля прэзэнтацыі вакол кнігі разгарэўся скандал з аўтарскім правам — цяпер зборнікі просяць вярнуць. Даведаліся прычыны скандалу і чым усё ж адметная «Гісторыя».

Сьцісла:

— Парушэньне аўтарскага права — ненаўмыснае.
— «Гісторыя беларускай фатаграфіі» — не фотаальбом.
— Кніга не забаўляльная, але зразумелая кожнаму.
— Гісторыя не разьбітая па дзесяцігодзьдзях, а прадстаўленая ў асобах фатографаў і людзей, якія стваралі фатаграфічную інфраструктуру.
— У беларускай фатаграфіі шмат асобаў, «выключаных» з прафэсійнага поля; кніга іх «уключыла». Гэта жанчыны і фатографы з рэгіёнаў Беларусі.

«Мы адмовіліся ад таго, каб і самім дасьледаваць, і прадставіць беларускую фатаграфію як нейкі бесьперапынны аповед, — кажа аўтарка Антаніна Сьцебур. — Ведаеце, як звычайна мы адкрываем падручнік па гісторыі, і там адна падзея зь дзікай рацыянальнай непазьбежнасьцю ідзе за іншай падзеяй. Але мы ня можам сказаць, што ў нас ёсьць нейкая адзіная школа фатаграфіі ці нейкі адзіны кірунак і што адно пакаленьне выцякала з другога».

Антаніна Сьцебур

«Тут не па паняцьцях жывуць, а па законе»

Адразу пасьля прэзэнтацыі на «Гісторыю беларускай фатаграфіі» абрынулася крытыка. Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна заўважыла недарэчнасьці: ISBN (міжнародны стандартны кніжны нумар, каштуе каля 15 рублёў) кнігі належыць «Іліядзе» Гамэра, выпушчанай выдавецтвам «Азбука»; пад некаторымі фота ня быў падпісаны аўтар ці хоць бы крыніца запазычаньня. Скарысталі ў кнізе і фатаздымкі яе мужа, фатографа Сяргея Гудзіліна — таксама без папярэдняга ўзгадненьня.

«Любая фатаграфія, якая публікуецца ў кнізе, павінна падпісвацца яе аўтарам, таму што гэта асабістае немаёмаснае права, якое не адчужаецца і не перадаецца, — тлумачыць Марыя. — Калі ты ня ведаеш аўтара, напішы, адкуль узяў гэты здымак.

(Сярод спонсараў. — РС) заяўляюцца арганізацыі, якія дбаюць пра захаваньне аўтарскіх правоў. І для мяне гэта вельмі дзіўная гісторыя, бо адзін з суаўтараў са мной удзельнічаў у сэмінары пра аўтарскае права. І гэта нонсэнс».

Марыя Колесава-Гудзіліна — кандыдат юрыдычных навук і дакладна ведае, як афармляць навуковую працу. А «Гісторыя» — гэта заяўка на дысэртацыю, і патрабаваньні да яе адпаведныя. Марыя падкрэсьлівае: у яе не было мэты некага пакрыўдзіць, і яна не мастацтвазнаўца, каб аналізаваць зьмест. Яе мэта — зьвярнуць увагу на невыкананьне аўтарскага права. Сытуацыя балючая і непрыемная, але менавіта так людзі вучацца.

«Гэта добра, што такая кніжка выходзіць, — кажа Марыя. — Гэта клясна, насамрэч. Але калі мы можам зрабіць добра, чаму гэтага нельга зрабіць адразу? Людзі будуць пісаць яшчэ кнігі, і шмат, і мне ўжо напісалі асабіста: „Дзякуй, мы ня ведалі, як трэба падпісваць, цяпер мы гэтым пацікавімся“. Значыць, гэта спрацавала. І калі аўтары прызнаюць, што яны ня маюць рацыі ў дачыненьні да аўтарскага права, гэта пакажа, што мы не ў Расейскай Фэдэрацыі жывём. Тут не па паняцьцях жывуць, а па законе».

30 студзеня, праз чатыры дні пасьля прэзэнтацыі кнігі, аўтары выступілі з афіцыйнай заявай: памылкі — вынік ня злога намеру, а нявопытнасьці. Гэта першая настолькі глябальная і маштабная праца творчай каманды — Ганны Самарскай, Антаніны Сьцебур і Андрэя Лянкевіча.

Каб выдаць другі наклад кнігі з выпраўленымі памылкамі, пакуль няма грошай. Тым часам аўтары спынілі распаўсюджваньне першага накладу і просяць вярнуць прададзеныя дагэтуль асобнікі. Гэта можна будзе зрабіць з 7 па 9 лютага, дзе і калі канкрэтна — удакладняць пазьней.

Асаблівую ўдзячнасьць аўтары выказалі адвакатцы Марыі Колесавай-Гудзілінай — за юрыдычныя кансультацыі.

У размове з аўтаркамі Антанінай Сьцебур і Ганнай Самарскай разабраліся, з чаго ўсё ж складаецца гэтая суб’ектыўная гісторыя беларускай фатаграфіі. Прынамсі, чаго чакаць ад другога выданьня.

Антаніна Сьцебур і Ганна Самарская

«У любой гісторыі ёсьць канкрэтныя людзі, менавіта яны ствараюць падзеі»

Першы фатаздымак, які зьявіўся на тэрыторыі Беларусі, датуецца 1862 годам. Пэрыяд, які разглядаецца ў «Гісторыі беларускай фатаграфіі», адпаведна, — ад 1862 да 2010 г. Але часавага аналізу і падзелу на дзесяцігодзьдзі вы ў кнізе ня знойдзеце. Гісторыя тут падаецца праз асобаў — і выбітных фатографаў, і тых, хто будаваў інфраструктуру беларускай фатаграфіі.

«У любой гісторыі ёсьць людзі і героі, менавіта яны ствараюць гэтыя вялізныя падзеі, — кажа Антаніна. — Ня нейкі гістарычны рух, які нешта там утварае. Ёсьць канкрэтныя людзі».

«Гісторыя» наўмысна створаная так, каб задаволіць ня толькі прафэсіяналаў фатаграфіі, але і проста цікаўных людзей. Ёю можна карыстацца як энцыкляпэдыяй — на любой старонцы з падзеяй ці пэрсонай ёсьць інфармацыя ня толькі пра герояў матэрыялу, але і пра іх сувязь зь іншымі пэрсонамі, гістарычнымі падзеямі і фатаграфічнымі плынямі. У кожным матэрыяле ёсьць дакумэнт эпохі: асабісты тэкст, здымкі ці што іншае. «Гісторыя беларускай фатаграфіі» — гэта гіпэртэкст з мноствам перагуканьняў.

Сувязі паміж інфраструктурнымі пэрсонамі

Зьмест фармавалі па пяці канцэптуальных крытэрах:

— інфраструктурныя пэрсоны;
— «выключаныя» пэрсоны, якія выпалі з поля фатаграфічнай гісторыі па гэндэрнай прыкмеце альбо таму што працавалі ў рэгіёнах, а ня ў Менску;
— падзея;
— супольнасьць і аб’яднаньне;
— візуальны аналіз.

Канцэпцыю фармавалі год. Яшчэ год спатрэбіўся аўтаркам, каб давесьці яе права на існаваньне.

Маладая беларуская фатаграфія

«Напрыклад, сьцьверджана, што „Фатаграфікі“ (наватарскія фотавыставы 70–80-х. — РС) ствараліся Юрыем Васільевым і Яўгенам Казюлем, — расказвае Ганна Самарская, аўтарка кнігі. — Але чамусьці ўвесь час забываецца, што на старце гэты праект стаў магчымым дзякуючы сакратарцы, мэтадыстцы і фатографцы, чалавеку, які інвэставаў свой прафэсійны рэсурс і стварыў магчымасьці для беларускай фатаграфіі — Валерыі Бархатавай».

«Мы пачалі капаць яе біяграфію, і раптам аказалася, што яна арганізоўвала ўсе інфраструктурныя арганізацыі, — дадае Антаніна. — Але мы двойчы адпраўлялі запыт у Нацыянальны архіў, і там сьцьвярджалі, што такога чалавека не існуе. Мы знайшлі нейкія згадкі ў альбомах, нейкія тэксты, дзе яна пісала. У нас дагэтуль няма году сьмерці Валерыі Бархатавай. Мы ведаем, што ў 1981–82 гг. яна яшчэ жыла, таму што яна дае інтэрвію ў тэлеперадачы „Аўтограф“ і ў нас ёсьць сцэнар гэтай тэлеперадачы. Вось літаральна па такіх крупінках мы сабралі яе гісторыю».

Антаніна Сьцебур і Ганна Самарская

«Маці беларускай фатаграфіі» мела ключ ад фоталябараторыі і пускала друкаваць здымкі начамі

Сутыкнуўшыся з асобай Бархатавай, аўтаркі пачалі шукаць іншых жанчын. Так яны знайшлі Ірыну Сухій, якую выбітны беларускі фатограф і крытык Валеры Лабко называў «маці беларускай фатаграфіі». Цяпер Ірына вядомая найперш як экалягічная актывістка, а некалі яна сабрала вакол сябе ўвесь «Беларускі клімат» (беларуская арт-група, якая ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў займалася фатаграфіяй, музыкай і пэрфарматыўным мастацтвам).

У 1980-я Ірына працавала лябарантам у фатаклюбе. У яе быў доступ да рэактываў, фотапавелічальніка, да ўсяго неабходнага. Яна мела ключ ад лябараторыі і ўпускала туды фатографаў, якія выкарыстоўвалі здымкі як сродак выйсьці за прасавецкія, прасыстэмныя межы. Менавіта Ірына літаральна дала фотаапараты ў рукі «Беларускаму клімату» і заахвоціла здымаць.

Ірына Сухій, актывістка па духу, і сама была выбітным фатографам. Праз брата ў яе зьявілася магчымасьць выяжджаць у Швэцыю. Тады яна бярэ з сабой ня толькі свае здымкі, а здымкі ўсіх, і едзе ў музэй Moderna, адну з самых буйных інстытуцый сучаснага мастацтва. Музэй набывае гэтыя працы ў сваю калекцыю і робіць выставу.

Але ў нейкі момант працы Ірыны былі выпадкова страчаныя. «З гэтага часу я не здымаю. Мне не было больш чаго прадэманстраваць сьвету», — кажа Ірына ў інтэрвію для кнігі. Дарэчы, інтэрвію з Ірынай рабіла яе дачка, Сафія Садоўская.

Мантаж выставы да прэзэнтацыі кнігі

«Людзі паміраюць, і здабыць у іх нейкую інфармацыю больш немагчыма»

Падчас падрыхтоўкі кнігі адзін з Ірыніных фатаздымкаў выпадкова знайшоў і перадаў аўтарцы беларускі фатограф Ігар Саўчанка.

Яшчэ адзін сюжэт, які разгарнуўся вакол «Гісторыі беларускай фатаграфіі», зьвязаны з групоўкай «Правінцыя». Яе чальцоў, былых удзельнікаў фатаклюбу «Мінск», сабрала разам Алена Пратасевіч, калі рыхтавала матэрыял для кнігі. Фатографы з «Правінцыі» ня бачыліся больш за 20 год. У Алены засталіся ўнікальныя аўдыёзапісы, як фатографы сумесна ўзнаўлялі па яе пытаньнях падзеі тых часоў. Адзін з удзельнікаў «Правінцыі», фотамастак Аляксандар Угляніца, не дажыў да выхаду кнігі.

«Гэта яшчэ адзін з ключавых людзей у беларускай фатаграфіі, які пайшоў з жыцьця», — кажа Ганна Самарская.

Ганна Самарская

«Раней менавіта з нагоды сьмерці Юрыя Васільева (вядомы беларускі фатограф. — РС) мы і пачалі думаць пра кнігу аб гісторыі беларускай фатаграфіі, — дадае Антаніна. — Зрабілася ясна, што людзі сыходзяць, і здабыць у іх нейкую інфармацыю больш немагчыма».

«Гэта вядомы фатаздымак разбуранага Менску, зьмешчаны ў падручніках. Але арыгінал фота выглядае зусім інакш»

На аб’ектыўнасьць аўтаркі не прэтэндуюць. Наадварот, кніга дасьледуе, сярод іншага, як зьмяняецца гісторыя ў залежнасьці ад таго, хто яе «піша». Ніякай аб’ектыўнасьці пры такім падыходзе не існуе апрыёры.

Так, працуючы з ваенным пэрыядам, аўтаркі дасьледавалі, у першую чаргу, як візуальныя вобразы адаптаваліся да патрабаваньняў часу: гэта быў росквіт мантажу, рэтушы і пастановачных здымкаў. Адзін з тагачасных майстроў — вядомы беларускі ваенны фотакарэспандэнт Васіль Аркашоў. У кіна- і фотаархіве Беларусі, што ў Дзяржынску, аўтаркі знайшлі два фатаздымкі аўтарства Аркашова: фота разбуранага Менску да мантажу і пасьля.

«Гэта вельмі вядомы фатаздымак разбуранага Менску, ён зьмешчаны ў шматлікіх падручніках, — кажа Антаніна. — Але арыгінал фота выглядае зусім інакш. У архіў ён у 1993 ці ў 1994 годзе здаў некалькі фота, дзе быў і арыгінал, і мантаж. Мы ня ведаем, чаму ён рабіў мантаж. Магчыма, з ідэалягічных прычын, а магчыма, каб паказаць майстэрства. Уявіце, што такое ў ваенных умовах, дзе ў цябе няма фоталябараторыі, плёначны кадар вось так мантаваць! Але гэта вялікая справа, што ён здаў і арыгінал, і мантаж».

У дзяржынскім архіве аўтаркам вельмі дапамагалі мясцовыя супрацоўнікі. Адна з архівістак пазнаёміла Ганну і Антаніну яшчэ з адной «выключанай» асобай беларускай ваеннай фатаграфіі.

«Яна (супрацоўніца архіву. — РС) дастае альбом і кажа: «Вось ёсьць яшчэ адзін цудоўны чалавек, Аляксей Багамолаў. Ён не сапраўдны фатограф, ён знайшоў сваю камэру дзесьці напрыканцы 1944 году», — прыгадвае Ганна.

«Вось, напрыклад, гэты кадар, — паказвае Антаніна. — Мы бачым абсалютна разгубленых салдатаў, ніхто не глядзіць на яго (на Багамолава. — РС), яны ўсе глядзяць у розных кірунках. Яны зьнятыя ў вельмі авангарднай форме, калі ён зьверху ўніз іх здымае, але гэта не выглядае масавым ці дамінантным».

Салдаты 544-га стралковага палка 152-й стралковай дывізіі на мітынгу ў Чэхаславаччыне. Багамолаў А

«Ён рабіў здымкі на памяць, здымкі тых людзей, зь якімі ён перажываў нейкія сапраўды істотныя падзеі, — дадае Ганна. — У Багамолава ёсьць некалькі кадраў запар, калі ён проста браў і фатаграфаваў свайго кіраўніка. Той стомлены, паглыблены ў нейкія развагі. Твар, па якім відаць, што ён шмат працы перанёс, шмат маральнай і фізычнай зьнямогі. І другі кадар з таго ж ракурсу, але кардынальна іншы, калі чалавек сабраўся і настроіўся для здымка».

«Тут усё істотна: ува што Дунін-Марцінкевіч апрануты, на якім крэсьле ён сядзіць, якую газэту трымае і чаму яе зацерлі з часам»

У кнізе досыць шмат здымкаў, хоць аўтаркі ня раз падкрэсьліваюць — гэта не альбом. Ёсьць і фатаграфічны аналіз, але не з мастацкага пункту гледжаньня. Сьвятло, ракурсы і іншыя дэталі фота былі для аўтарак ня так істотныя, як кантэкст. Напрыклад, для вядомага партрэта Дуніна-Марцінкевіча, выкананага Антонам Прушынскім, аўтаркі папрасілі дасьледчыцу гісторыі беларускай фатаграфіі Надзею Саўчанку зрабіць сацыяльна-палітычны аналіз здымка.

«Тут усё істотна: ува што Дунін-Марцінкевіч апрануты, на якім крэсьле ён сядзіць, якую газэту трымае і чаму яе зацерлі з часам, — тлумачыць Антаніна. — Дакумэнт (а фатаздымак, нават мастацкі, — гэта заўжды дакумэнт) часта кажа больш, чым мы здольныя ўбачыць. Трэба ведаць кантэкст, каб зразумець. І вы тады пабачыце ня проста клясны стары здымак сярэдзіны 19 стагодзьдзя».

«Гісторыю беларускай фатаграфіі» Ганна Самарская і Антаніна Сьцебур прысьвяцілі беларускаму фатографу Валерыю Лабко — выдатнаму стратэгу і мэнэджару фотасупольнасьці.

Ідэю зрабіць гэтую кнігу аўтаркам падказала само фатаграфічнае асяродзьдзе.

«У нейкі момант мы псыханулі, таму што ўсе чарговым разам кажуць: „Вось бы напісаць гісторыю беларускай фатаграфіі! Вось бы напісаць гісторыю беларускай фатаграфіі! Ніхто ня піша гісторыю беларускай фатаграфіі!“» — прыгадвае Антаніна.

Наважыліся на праект падчас тэлефоннай гутаркі паміж Менскам (тут жыве Ганна) і Санкт-Пецярбургам (там жыла Антаніна). Частку кнігі так і рабілі «на адлегласьці». Антаніна сьмяецца, прыгадваючы, што ўступ яны напісалі ў аэрапорце: у яе была перасадка ў Менску на 4 гадзіны, і Ганна прыехала да яе ў аэрапорт, каб напісаць тэкст разам.

«Спадзяёмся, кніга стане штуршком, каб гаварыць пра тое, што не было сказана нашай камандай»

Антаніна і Ганна падкрэсьліваюць: гэтую кнігу яны ніколі не маглі б напісаць удваіх. Разам зь імі над кнігай працавалі трынаццаць аўтараў, ад самага пачатку іх падтрымліваў Андрэй Лянкевіч (адзін з арганізатараў «Месяца фатаграфіі ў Менску»). Агулам праца над «Гісторыяй» заняла тры гады.

«Калі мы вычытвалі кнігу, уся мая гасьцёўня была засыпаная гэтымі аркушамі з кнігі, — прыгадвае Антаніна. — І мы выйшлі на вуліцу, і я разумею, што я гляджу на жоўта-зялёныя дрэвы, бо быў ужо кастрычнік, і я пачынаю плакаць. Сьлёзы цякуць, бо я не прызвычаілася да гэтага сьвятла і колераў».

Антаніна Сьцебур

Кніга не забаўляльная. Але аўтаркам і аўтарам было істотна захаваць даступнасьць мовы для шырокага кола чытачоў.

«Гэта аналітычнае выданьне, — кажа Ганна. — Але гэта аналітычнае выданьне, ад якога зможа кайфануць і чалавек, які прысутнічае ў фатаграфіі, які аналізуе візуальную культуру або цікавіцца беларускай гісторыяй, сацыяльнымі і палітычнымі або фатаграфічнымі зьменамі. І, безумоўна, яна будзе цікавая і звычайнаму чалавеку, які кайфуе ад мастацтва. Ці хацеў бы кайфаваць ад мастацтва на сто адсоткаў».

«Мы вельмі спадзяёмся, што кніга стане нагодай, каб гэтыя тэмы пачалі распрацоўвацца далей, — кажа Ганна. — Ідэальная сытуацыя, каб кніга стала добрым штуршком гаварыць пра тое, што не было сказана нашай камандай».