«ЗША ня будуць патрабаваць, каб Беларусь адышла ад статусу саюзьніка Расеі», — палітоляг

Майк Пампэо і Дональд Трамп, архіўнае фота

1 лютага Беларусь наведае дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо. Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч тлумачыць, чаму такая важная для Менску падтрымка незалежнасьці Беларусі з боку Вашынгтону, і заяўляе, што Беларусь пры гэтай уладзе не адмовіцца ад саюзьніцкіх адносін з Расеяй, а Вашынгтон ня будзе гэтага патрабаваць.

Сьцісла:

  • Калі раней пытаньні рэгіянальнай бясьпекі ЗША абмяркоўвалі без удзелу Беларусі, то цяпер прамыя кантакты сталі нормай.
  • Мэта пакуль — гэта нармалізацыя адносін, а не стварэньне нейкіх сумесных альянсаў і саюзаў.
  • Для ЗША няма сэнсу дзеля Беларусі вельмі моцна злаваць Расею.
  • Любая форма анэксіі Беларусі Расеяй ня будзе прызнаная ЗША легітымнай.

— Пра што сьведчыць сам факт візыту дзяржаўнага сакратара ЗША Майка Пампэо ў Менск? Візыт ужо загадзя можна назваць «гістарычным», бо гэта самы высокі амэрыканскі чыноўнік, які наведвае Беларусь пасьля візыту прэзыдэнта Біла Клінтана ў 1994 годзе. Як зьмянілася стаўленьне ЗША да беларускай тэматыкі за апошнія гады?

— Я б разглядаў гэты візыт як працяг той пазытыўнай дынамікі ў двухбаковых стасунках, якая ўсталявалася за апошнія два гады. У мінулым годзе мы таксама бачылі «гістарычныя» візыты амэрыканскіх чыноўнікаў у Беларусь, якія так і называліся. Таму візыт Пампэо — гэта лягічны працяг. Сапраўды, адносіны зьмяніліся, зьмянілася тое, якім чынам Беларусь успрымаецца ў ЗША.

Андрэй Казакевіч

Калі раней пытаньні рэгіянальнай бясьпекі ЗША абмяркоўвалі без удзелу Беларусі як дзяржавы, праз сваіх партнэраў у рэгіёне, то цяпер прамыя кантакты сталі нормай.

— Якія цяпер галоўныя тэмы і патэнцыйныя дасягненьні ў беларуска-амэрыканскіх дачыненьнях? Якія рэалістычныя мэты бакі могуць паставіць перад сабой, чаго варта дасягнуць найбліжэйшым часам?

— Сытуацыя разьвіваецца вельмі дынамічна, пазытыўныя зьмены адбываюцца толькі два гады. Бакі пачынаюць зь вельмі нізкага старту, Беларусь фармальна дагэтуль мае самыя горшыя стасункі з ЗША ў рэгіёне — Менск дагэтуль ня мае амэрыканскага амбасадара.

Таму кароткатэрміновая мэта — вывесьці стасункі на нармальны эўрапейскі ўзровень. Каб Беларусь мела нармальныя дыпляматычныя стасункі, змагла аднавіць свой удзел у розных амэрыканскіх праграмах, каб быў абмен інфармацыяй, каб у ЗША лепш разумелі пазыцыю і інтарэсы Менску, каб гэта ўсё ўлічвалася. Таксама распрацоўка мапы кропкавага ўзаемадзеяньня, напрыклад, у вайсковай сфэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў, Менск, Нур-Султан, Ташкент — «дарожная мапа» дзяржаўнага сакратара Пампэо

То бок мэта пакуль — гэта нармалізацыя адносін, а не стварэньне нейкіх сумесных альянсаў і саюзаў. Хоць сытуатыўна ЗША могуць быць вельмі карыснымі для Беларусі.

— Зьяўленьне ў Менску амбасадара ЗША і аднаўленьне поўнамаштабнай працы амбасады ЗША ў Беларусі. Бакі могуць урачыста абвясьціць пра гэта падчас візыту і нарэшце паставіць тут кропку?

— Гэта было б прыгожа, і, магчыма, гэтага можна чакаць. Дэталі пакуль не публікуюцца, аднак гэта было б лягічным.

— Якія ёсьць чырвоныя лініі ў адносінах Менску і Вашынгтону — улічваючы розныя палітычныя сыстэмы і розныя геапалітычныя накіраванасьці? Дзе тая мяжа, за якую ЗША і Беларусь (пры цяперашняй уладзе) ніколі не пяройдуць, нават калі ўдасца наладзіць нейкі паўнавартасны дыялёг?

— Хутчэй за ўсё, у бліжэйшай пэрспэктыве Беларусь не адмовіцца ад саюзьніцкіх адносін з Расеяй. Гэта будзе зрабіць вельмі складана, нават пры наяўнасьці вялікіх праблемаў паміж Менскам і Масквой, што мы зараз і назіраем. Выйсьці з АДКБ і пачаць шчыльна супрацоўнічаць з NATO — гэта для Менску амаль выключана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цыганкоў vs Шрайбман: Разрыў Лукашэнкі з Расеяй альбо «яны зноў, як заўсёды, памірацца»?

Таксама ня думаю, што Беларусь можа радыкальна зьмяніць сваю зьнешнюю палітыку, напрыклад, падтрымліваць ЗША пры галасаваньні ў ААН. Асабліва па такіх адчувальных для Расеі пытаньнях, як Украіна ды іншыя.

Думаю, што чырвоная лінія для Менску (як і для Вашынгтону) — не парушаць статус-кво як саюзьніка Расеі ў рэгіёне. Беларускія ўлады да гэтага не гатовыя, гэта можа выклікаць непрадказальную рэакцыю Расеі. У сваю чаргу, для ЗША таксама няма сэнсу дзеля Беларусі вельмі моцна злаваць Расею. Таму ЗША ня будуць заахвочваць Беларусь моцна адыходзіць ад Расеі ці займаць радыкальна антырасейскую пазыцыю на міжнароднай арэне. Я думаю, што абодва бакі гэта разумеюць і бачаць, што ёсьць шмат чаго рабіць у двухбаковых дачыненьнях і бяз гэтага.

— Якім дыпляматычным і палітычным спосабам ЗША могуць «абараніць» Беларусь ад інтэграцыйнага націску Расеі? Што яны ў стане зрабіць, а чаго яны ня будуць і спрабаваць рабіць, каб не злаваць тую ж Расею?

— Перш за ўсё, пазыцыя ЗША як звышдзяржавы вельмі важная ў пытаньні беларускага сувэрэнітэту. Што ён для іх азначае? Калі б ЗША паказвалі, што ім усё роўна, ці зьнікне беларуская незалежная дзяржава — то гэта значна спрашчала б радыкальныя крокі з боку Расеі. Калі ж выказваецца адназначная пазыцыя, як цяпер, што ЗША падтрымліваюць незалежнасьць Беларусі і ня прымуць зьнікненьня беларускай дзяржавы з мапы Эўропы — то любыя такія захады Расеі ня будуць прызнаныя ЗША, а значыць, і іхнімі саюзьнікамі. Усё гэта вельмі моцны чыньнік стрымліваньня для Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці хочуць расейцы далучэньня Беларусі да РФ?

Заручыцца такой падтрымкай для беларускіх уладаў вельмі важна. Такая падтрымка ўжо ёсьць, і яна мае характар непасрэднай камунікацыі.

Акрамя гэтага, ЗША могуць быць крыніцай энэрганосьбітаў. Альбо непасрэдна, альбо праз камунікацыю са сваімі саюзьнікамі. Таму падтрымка ЗША і ў гэтым пытаньні можа істотна ўзмацніць пазыцыі Менску ў супрацьстаяньні з Расеяй.

— Стаўленьне Менску да вучэньняў NATO і да пашырэньня прысутнасьці NATO ў рэгіёне, найперш у Польшчы і Літве, даволі неадназначнае. Прынамсі, мы чулі розныя заявы беларускіх вышэйшых чыноўнікаў наконт гэтага. Наколькі гэта можа стаць складанай тэмай у адносінах ЗША і Беларусі?

— Думаю, сур’ёзнай праблемай гэта ня стане. Наўрад ці ў Беларусі разглядаюць прысутнасьць NATO ў рэгіёне як рэальную пагрозу. Тут пагроза хутчэй ускосная. Бо чым большая прысутнасьць NATO ў рэгіёне, тым больш Расея будзе ціснуць на Беларусь, каб павялічваць вайсковае супрацоўніцтва, напрыклад, адкрыць расейскую базу.

Таму стратэгічна Беларусі такія захады NATO не патрэбныя, і ў гэтым крыніца нэгатыўнай рэакцыі на гэтыя падзеі. Але я ня думаю, што Беларусь сапраўды разглядае рост прысутнасьці NATO як рэальную ваенную пагрозу для сябе (у адрозьненьне ад Расеі).

— Ці была рэальная інтрыга ў тым, што Пуцін запрашаў Лукашэнку на сустрэчу ў Сочы менавіта на гэтыя дні, на дні візыту ў Менск Пампэо? Ці паставіла Масква Лукашэнку перад пэўным выбарам? І ён зрабіў выбар?

— Я такой інтрыгі ня бачу. Мяркую, у Расеі разумеюць, што ня так важна, ці будзе гэты візыт, бо гэта ўжо факт — Беларусь мае прамыя стасункі з ЗША і будзе іх разьвіваць. Больш істотна, што там будзе абмяркоўвацца. Гэта сапраўды можа хваляваць Расею, і наконт гэтага была нейкая гульня паміж Менскам і Масквой.

Сам візыт Пампэо даўно быў прызначаны, яго перанесьлі з прычыны іранскіх падзей. Тым больш цяпер кантакты паміж Лукашэнкам і Пуціным адбываюцца рэгулярна. Думаю, што каб там быў прадмет для істотнай размовы, яны б знайшлі час для сустрэчы, не перашкаджаючы прыезду Пампэо ў Менск.