Крыху больш за траціну беларускіх жанчын фэртыльнага ўзросту (15-49 гадоў) хацелі б нарадзіць дзіця.
Такія зьвесткі, паводле БелаПАН, абнародавала сёньня начальніца галоўнага ўпраўленьня статыстыкі ўзроўню жыцьця насельніцтва Белстату Іна Канашонак на прэзэнтацыі дасьледаваньня хатніх гаспадарак.
Дасьледаваньне ацэнкі становішча дзяцей і жанчын у Беларусі праводзілася ў 2019 годзе. У ім узялі ўдзел амаль 8 700 хатніх гаспадарак з усіх рэгіёнаў краіны. Было апытана больш за 5 500 жанчын ва ўзросьце ад 15 да 49 гадоў, і каля 2 800 мужчынаў ад 15 да 59 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзяржава дала зялёнае сьвятло на рэпрадуктыўны ціск». Дыскусія пра забарону абортаўКанашонак паведаміла, што падчас дасьледаваньня былі вывучаныя рэпрадуктыўныя намеры жанчын ад 15 да 49 гадоў, а таксама цяжарных на момант апытаньня.
«Толькі 36% жанчын фэртыльнага ўзросту хацелі б нарадзіць дзіця, 50% аддалі перавагу таму, каб ня мець наагул дзяцей ці ня мець больш дзяцей. Ня могуць зацяжарыць 3% беларусак і 11% ня вызначыліся ў сваіх намерах у будучыні», — паведаміла яна.
Сярод жанчын, якія хацелі б нарадзіць дзіця, больш за палову плянуюць нарадзіць у бліжэйшыя пяць гадоў. Сярод замужніх жанчын, у якіх ужо ёсьць адно дзіця, хочуць нарадзіць у бліжэйшыя пяць гадоў 77%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скарачай дэкрэтны адпачынак — ратуй краінуАсноўная частка рэспандэнтак, якія плянуюць нарадзіць дзяцей, знаходзіцца ва ўзроставай групе 15-29 гадоў. Тым ня менш, плянуе нараджаць і кожная пятая ва ўзросьце 35-39 гадоў і 6% жанчын ва ўзросьце 40-49 гадоў.
Паводле папярэдніх зьвестак Белстату, у 2019 годзе ў Беларусі нарадзілася 87 851 дзіця, што на 6,6% менш, чым у папярэднім годзе.