Свабода публікуе разьдзелы новай кнігі Сяргея Астраўцова «Спадар Свабода. Жыцьцё і сьмерць Ігара Герменчука».
«Спадар Свабода» — драматычны аповед пра Ігара Герменчука, журналіста і палітыка, аднаго з бацькоў незалежнасьці Беларусі, рэдактара газэты «Свабода». Газэта пісала праўду пра чынавенства, таму выходзіла пад пастаянным ціскам з боку кіраўніка ўраду Кебіча, а ў часы прэзыдэнта Лукашэнкі была забароненая. Рэдактара-прафэсіянала звольнілі з пасады «за непрафэсіяналізм», што, магчыма, прычынілася да ягонай раньняй сьмерці.
Дэпутат парлямэнту
Уключаю аднойчы БТ, у студыі Ігар Гермянчук. Патэлефанаваў напярэдадні: паглядзі. Ён хоча стаць дэпутатам, кампанія цяпер у Вярхоўны Савет, і яго запрасілі ў студыю. І «чигирикает» наш сябра, не ўспамінаючы аб існаваньні беларускіх слоў. І крыху ніякавата ад гэтага. Але ж Ігар.
Ён ня мог быць у сьпісах кандыдатаў з шуфляды начальства. Ніякіх гарантый ніхто не даваў. Быў азарт, авантурнае адчуваньне прыгоды. І стрыманасьць. Не паведамляць на кожным рагу, што Гермянчук ідзе ў дэпутаты. Каб не сурочыць. Але аднойчы патэлефануе: дзядзька, я буду ў выбарчай студыі на БТ, уключы паглядзі... А калі я сам патэлефанаваў назаўтра, яго цікавіла мая рэакцыя. Выпытваў: як выглядаў, якое зрабіў уражаньне, што думаю пра выступ у студыі.
Акруга была Бараўлянская, 71-я. Зарэгістравалі 14 кандыдатаў. Галава кругам пойдзе ў савецкага выбаршчыка, які прывык да аднаго прозьвішча ў бюлетэні.
Дык за каго галасаваць, сапраўды? Вось вам падказка: сярод 14 кандыдатаў «ёсьць толькі адзін, хто вылучаны непасрэдна насельніцтвам. Гэта Гермянчук Ігар Іванавіч». Так ва ўлётцы кандыдата. Улётка на расейскай мове.
Хто ён такі? Уласны карэспандэнт Агенцтва друку «Навіны» па Беларускай ССР, у дужках — газэта «Московские новости». 29 гадоў. Зь сялянскай сямʼі. Беларус. З 16 гадоў пачаў працаваць на будоўлі цесьляром. Што яшчэ? У 1988-м уступіў у КПСС з мэтай «спрыяць абнаўленьню ў грамадзтве і ў самой партыі».
«Памятайце, што, аддаючы голас за Ігара Герменчука, вы галасуеце за будучыню сваёй рэспублікі — свабоднай і дэмакратычнай, эканамічна квітнеючай і сацыяльна справядлівай».
Акруга была па ранейшых паняцьцях «зарэзэрваваная» за міністрам аховы здароўя Ўлашчыкам. Каб яму, дэпутату Вярхоўнага Савету, застацца на наступны тэрмін. Запасным гульцом меў быць, як вынікала са сьпісу, старшыня прафкаму Баговіч з Навукова-дасьледчага інстытуту анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі. Гучала даткліва: радыяцыя, дозы, рак, усё гэта на вуснах, у газэтах, самая беларуская тэма, а ў інстытуце з гэтым вучацца змагацца, дбаюць пра дапамогу людзям.
Гермянчук з Баговічам трапілі ў другі тур. І такое супадзеньне: яны былі раўналеткамі. Галасавалі 25 102 выбаршчыкі. За Герменчука 14 976, перамог. У другім туры, 18 сакавіка 1990 году (першы адбыўся 4 сакавіка).
Для тых, хто ведаў яго раней — навіна, нечаканасьць. Таксама і для Вячоркі. Ён сам балятаваўся, але не прайшоў. Гермянчук зрабіў усё без эмоцый, зь цьвярозай галавой. Як з разьлікам запісаўся ў партыю. Штосьці пралічыў, з чымсьці проста пашанцавала. Час быў такі. Для рашучых і хвацкіх. Хто рашыў стаць уладай. Што зь беларускай мовай? Трэба менавіта для яе заняць вырашальныя пазыцыі. Таму пакуль — па-расейску. Ёсьць мэта, трэба на ёй засяродзіцца. Як лучнік, які перш у думках пасылае стралу ў мішэнь. Мэта перш за ўсё. Дый рэдакцыйнае пасьведчаньне тады было на выбарах казырным, журналісты апынуліся на хвалі папулярнасьці.
Улёткі прыедуць «Чайкай»
Калі ў другой палове 1980-х некаторым знаёмым Ігара будзе здавацца, што ён зьмяніўся, адышоў ад руху, ад беларушчыны, у гэты час у Герменчука будзе пастаянны абмен думкамі, ідэямі, марамі пра свабоду, дэмакратыю з эстонскім сябрам Маргусам. І ў размовах зь ім будзе высьпяваць рашэньне пайсьці на выбары. Пайсьці і перамагчы.
Гэта былі часы, калі балтыйскія народы крочылі ў тым напрамку хутчэй за іншых, калі пачалі ўзьнікаць народныя франты. Маргус Вялья стараўся перадаць беларускаму сябру эстонскі досьвед.
Я не падазраваў, што рашэньне балятавацца ў дэпутаты яны будуць папярэдне абгаворваць менавіта з Маргусам:
«Я ня ведаю, што з нашага вопыту было выкарыстана, аднак гэта была тады агульная прастора, мы ўсе былі ў гэтым працэсе, унутры яго. І як журналісты, і як грамадзяне. І так паступова Ігар усьвядоміў, што ён можа нешта рабіць і па-за журналістыкай. Непасрэдна ў палітыцы, калі яна ўжо стала сфэрай сапраўдных -дзеяньняў, ня так, як было заўсёды ў тым Вярхоўным Савеце ў савецкія часы. Такім чынам, у яго высьпела ідэя — паспрабаваць стаць дэпутатам. Але грама-дзтва ўсё-ткі не было яшчэ гатовым да занадта сьмелых ідэяў, да зьменаў. Нават, скажам, не было гатова друкаваць яму перадвыбарчыя ўлёткі, з гэтым узьнікла праблема».
Пачатак 1990 году. Абсалютная манаполія ўлады на друкарскі варштат. Асабліва ў Беларусі. Хаця так ужо было не паўсюль. Што рабіць? І яны з эстонскім сябрам вырашаюць: добра, тады мы выкарыстаем былы рэвалюцыйны вопыт з падручніка. Калі ніводная беларуская друкарня нават такую бяскрыўдную агітацыйную ўлётку для выбараў у Вярхоўны Савет не надрукуе, тады будзем рабіць гэта ў Эстоніі. І зрабілі.
«І памятаю, — апавядае Маргус, — што гэта было сапраўды як у нейкім савецкім рэвалюцыйным фільме. Калі надрукавалі наклад, тысячу асобнікаў ці колькі там было, нейкі чалавек прыехаў зь Беларусі цягніком у Талін, „Чайкай“. І я прыйшоў на вакзал з пачкам гэтых улётак і перадаў яму. Ён прыехаў толькі для гэтага. Ігар знайшоў нейкага памочніка».
Яны былі надрукаваныя, зразумела, не падпольным чынам, проста ў Эстоніі ўжо можна было друкаваць каго хочаш. Справа тэхнікі.
«Так што я нейкім чынам удзельнічаў», — з усьмешкай заканчвае эстонскі сябар Ігара.
Гермянчук мне паказваў некалі: Маргус надрукаваў у адной эстонскай газэце «разварот» пра Менск, пра Беларусь, наклеіў акуратна на ватман і даслаў яму. Ігар хваліўся: паглянь, як ён у Траецкім прадмесьці добра ўсё сфатаграфаваў — дробныя дэталі, дахоўку... Маргус апублікаваў нямала матэрыялаў пра Беларусь. Каб ня ён, эстонскі чытач шмат пра што ніколі б не даведаўся. Маргус стаў нібы добраахвотным карэспандэнтам у Менску, іншых не было.
У верасьні 1992-га ў «Свабодзе» Герменчука зьявілася публікацыя пра расейскія войскі, якія заставаліся ў краінах Балтыі і якія Гарбачоў назваў «адзіным стабілізуючым чыньнікам». Падпісана яна была: Маргус Вялья, уласны карэспандэнт «Свабоды».
Аўтар падсумоўваў: «Імпэрскае мысьленьне жыве. Але наўрад ці пераможа».
Пазьней, у другім нумары часопіса «Курʼер» пад рэдакцыяй Герменчука ў траўні 2000-га будзе разварот Маргуса «10 лет без закона о печати» пра Эстонію:
«На эстонскім газэтным рынку ўжо цесна, — пісаў ён. — У краіне, дзе жыве ўсяго 1,3 мільёна чалавек, выходзіць 7 цэнтральных штодзённых газэт і 12 штотыднёвікаў».
Галоўнымі ўладальнікамі эстонскай прэсы цяпер былі нарвэскія і швэдзкія канцэрны. Роля дзяржавы на газэтным рынку адна-адзіная — своечасова і добра інфармаваць, ня ціснуць, не рэгуляваць, не навязваць, пісаў Маргус. У Герменчука было толькі ў марах зрабіць свой «Курʼер» штотыднёвым. Ігар з Маргусам сябравалі да апошніх дзён.
Для большасьці гэта адна з загадак Герменчука: як за дзьвярыма філіі АПН змог сфармавацца беларускі апазыцыйны палітык? Які адразу ў парлямэнце далучыцца да фракцыі БНФ, як толькі яе створаць. Адзін з найбольш баявітых змагароў. Працуючы ў АПН, ён ня меў дачыненьня да Фронту.
Яшчэ раз: гэтае сталеньне, рыхтаваньне сябе да магчымай палітычнай дзейнасьці магло нагадваць рух падводных плыняў. Нябачны звонку. Дражджамі стала менавіта сяброўства Ігар — Маргус. І аснова, якую Ігар заўсёды меў у душы, — БНР.
Пастаянная інфармацыя, зьвесткі ад эстонскага сябра — той «хлеб», неабходны досьвед, які ўжо быў у Герменчука на той момант, калі ў СССР адбыліся першыя і апошнія сапраўдныя выбары. У сакавіку 1990 году.
Можна назваць першыя этапныя падзеі, якія паўплывалі на фармаваньне палітычных поглядаў будучага дэпутата Вярхоўнага Савету БССР Ігара Герменчука.
11 верасьня 1988 году. У Таліне на палітычным фэсьце, які меў форму вялікага музычнага фальклёрнага сьвята, сабралася трыста тысяч чалавек. Гэта трэцяя частка ўсіх эстонцаў! Ігар па-добраму зайздросьціў Маргусу. Сапраўды народ, не насельніцтва. Гэта ж усё роўна, што ў полі зьбяруцца тры мільёны беларусаў.
Па ўсёй Балтыі тым часам адбываліся мірныя акцыі пратэсту, названыя адразу прыгожа «сьпеўнай рэвалюцыяй».
16 лістапада 1988 году Вярхоўны Савет Эстонскай ССР прыме Дэклярацыю аб сувэрэнітэце. Большасьцю галасоў. Гэта стане пачаткам канца «імпэрыі зла».
Ігар ганарыўся эстонцамі, радаваўся за іх і разам перажываў, каб не пачалі закручваць гайкі. Бо эстонцы, што было відавочна, падстаўляліся першымі. Так, змагаліся за сябе, але тым самым — і за ўсіх тых, хто марыў пра сваю рэспубліку без рукі Масквы, пра незалежнасьць.
Наступнай падзеяй на шляху балтыйцаў да незалежнасьці стане незвычайная масавая акцыя на ўгодкі пакту Молатава-Рыбэнтропа.
23 жніўня 1989 году. Два мільёны чалавек, стаўшы на ўзбочыне шашы, узяліся за рукі. Яны злучылі жывым ланцугом тры сталіцы захопленых у 1940 годзе балтыйскіх краінаў. Вільню, Рыгу і Талін. Ланцуг даўжынёю шэсьцьсот кілямэтраў! У многіх тэлегледачоў ён выклікаў захапленьне, у іншых — нянавісьць.
8 траўня 1990 году Эстонія абвесьціць аб выхадзе з СССР. Эстонцы сталі першымі. Ігар Гермянчук толькі што атрымаў пасьведчаньне дэпутата парлямэнту Савецкай Беларусі. Ужо маючы ў душы моцны зарад эстонскага досьведу барацьбы за незалежнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 нечаканых фактаў пра ЭстоніюТанкаў больш, чым трактароў
12 чэрвеня 1990 году ў Вярхоўным Савеце вылучалі кандыдатуры: хто будзе на чале парлямэнцкай камісіі міжнародных спраў і зьнешнеэканамічных сувязяў? Зянон Пазьняк быў за Валянціна Голубева, намэнклятура прапанавала свайго чалавека. Пятро Садоўскі вылучыўся сам. Падтрымаў яго дэпутат Гермянчук, выступіў з прамовай. Садоўскі прайшоў.
16 ліпеня стварылі дэпутацкую групу БНФ «Адраджэньне» з дваццаці чалавек.
Крыху раней, 30 траўня 1990 году, Сойм БНФ прыняў рашэньне: галоўная мэта — дамагацца поўнай незалежнасьці Беларусі.
27 ліпеня дэпутаты парлямэнту прынялі Дэклярацыю аб сувэрэнітэце БССР. Беларусь стала фармальна незалежнай!
Гермянчук сказаў бы з усьмешкай: хто дбае, той мае, дзядзька. Або: хто рана ўстае, таму Бог дае...
Гісторыя пачынае набываць выразны беларускі прысмак. За што раней НКВД фабрыкаваў працэсы «нацдэмаў», за што катаваў, трымаў у турмах, расстрэльваў. Самых лепшых беларускіх сыноў. А сёньня інакш. Беларускі Народны Фронт у Вярхоўным Савеце. Беларуская мова нарэшце гучыць у Авальнай залі як у сябе дома.
24 кастрычніка. Старшыня дазваляе дэпутату Герменчуку растлумачыць прысутным праект дэкрэту аб уладзе ад фракцыі БНФ. Гермянчук, аднак, папярэджвае: ён выступае аднаасобна, не падумайце, што ад апазыцыі. Проста як народны дэпутат.
Няцяжка ўявіць, дапускае прамоўца, што найбольшыя спрэчкі будуць датычыць апошняга артыкула, восьмага. Дзе гаворка аб дэпалітызацыі арміі, КДБ, міліцыі і іншых праваахоўных органаў, суду, пракуратуры і гэтак далей. У нармальных краінах, у сэнсе краінах дэмакратычных, такога пытаньня нават не стаіць. Якая можа быць партыйная арганізацыя на прыватным прадпрыемстве? Хіба што калі дазволіць сам прыватнік. А ў казарме? У фінскай арміі, напрыклад, партыйная дзейнасьць забароненая (зьвесткі ад Маргуса з Эстоніі).
За дэпалітызацыю сто адсоткаў фракцыі БНФ, а сто адсоткаў дэпутатаў-вэтэранаў рашуча супраць. Ну хіба так можна? Нельга быць такімі рэтраградамі. Ну якая розьніца пэнсіянэру, ці будзе партыйная ячэйка на заводзе або ў калгасе? Урэшце, трэба адпавядаць свайму месцу. Патрабаваньням выбаршчыкаў. За неадкладную дэпалітызацыю колькі народу? Восемдзесят адсоткаў. Чаму менавіта ён патрабуе? Таму што абяцаў у сваёй выбарчай праграме. Людзі гэтага чакаюць, хоць у ягонай акрузе мноства вайскоўцаў, падкрэсьлівае Гермянчук.
БНФ прапануе забраць партыйную маёмасьць. Нацыяналізаваць. І гэта нармальна. Так і павінна быць. А тым, хто супраць, хачу адказаць прымаўкай, што на злодзеі шапка гарыць, зухава вымаўляе дэпутат Гермянчук. Прымаўка зацёртая. Але як можна ў Вярхоўным Савеце? Пра якіх такіх ён злодзеяў? Занадта малады, непачцівы, пажыві з нашае, стань заслужаным, каб такімі словамі раскідацца. Але праглынулі. Ніхто з сабой не атаясаміў.
У дэкрэце аб уладзе гэта яшчэ ня ўсё. Гаворка пра вайсковыя фармаваньні. Пагляньце, што адбываецца: войскі, якія выходзяць з былых таталітарных краін Усходняй Эўропы, садзяцца ў Беларусі. Гермянчук так і сказаў: садзяцца ў Беларусі. І яна ператвараецца ў буфэр. А што можа здарыцца зь ёю ў выпадку нейкага канфлікту, мы ўсе добра разумеем.
Козыр падрыхтаваны на канец. Гермянчук абводзіць скептычным поглядам Авальную залю:
«Шаноўныя дэпутаты, так атрымліваецца, што танкаў у нас напэўна больш, чым трактароў. І ўжо ледзь ня кожны калгас мае ракетную базу».
Як танкаў?! Як трактароў? Чаго больш? Няўжо праўда?.. Ён іх прыгаломшыў. Такой мовай у парлямэнце не размаўлялі, такімі аргумэнтамі не карысталіся. Такіх высноваў не рабілі! І не зразумець — зьдзекуецца ён? Кепікі строіць зь іх? Ці гэта такі эпатаж?
У гэтых словах увесь Гермянчук. Прымружаныя вочы. Ідзе на абвастрэньне. У душы пасьміхаецца. Зь бясьсільнага абурэньня іхнага. І бездапаможнасьці адначасова. І «ледзь ня кожны калгас мае ракетную базу». Ёрніцтва з трыбуны — найвышэйшы пілятаж.
У рэчаіснасьці Беларусь — парахавая бочка Масквы. І ў яе працягваюць пхаць зброю і «жывую сілу». Герменчука вучылі на журфаку бязьлітаснаму стылю Ільліча. Зьедліваму, пякучаму, зьдзекліваму. Вучылі як эталёну ў публіцыстыцы. Да таго ж у «Голасе Радзімы» ён рана трапіў пад крыло да Вацлава Мацкевіча, а той вядомы фэльетаніст.
«Першае наша пяро»
Задумалі часопіс «Парлямэнцкая трыбуна». Сэсіі трансьлявалі радыё і тэлебачаньне. А трэба, каб зьмест быў і ў друкаваным выглядзе. Гэтага больш хацела апазыцыя. І кандыдата свайго мела. Што запомнілася Лявону Баршчэўскаму, дэпутату.
Да глыбокага і сапраўднага знаёмства з Герменчуком у іх дайшло менавіта на глебе «Парлямэнцкай трыбуны». Вакол «Трыбуны» і магчымага рэдактара ішла барацьба. Спрачаліся, пераконвалі, ставілі на галасаваньне. Не хапіла трыццаці галасоў. І каб часопіс паўстаў, і каб Гермянчук узначаліў. Можа, гэта і добра, разважае Лявон Баршчэўскі. Пазьнейшае рэдактарства ў «Свабодзе» было больш карысным для Беларусі.
Пра падзеі 1990–1991 гадоў пазьней раскажа Зянон Пазьняк:
«Са шчымленьнем згадваю Ігара Герменчука. Ён ужо не жыве. Памёр у росквіце жыцьця і творчасьці. Першае наша пяро — рэдагаваў знакамітую „Свабоду“. Ігар быў чалавекам сьціплым і нешматслоўным, заўсёды ўдзельнічаў у парлямэнцкіх дыскусіях і паседжаньнях апазыцыі. Зь вялікімі выступамі выходзіў ня часта, але прамаўляў добра, асабліва на эмацыйным уздыме. Памятаю, аднойчы на такім уздыме ён гаварыў гэтак даходліва, саркастычна, з гумарам і сэнсоўна, што раскалоў намэнклятуру ў залі, частка яму нават пляскала. Гэта стыль, якім ніхто з намэнклятуры не валодаў».
Іншым разам, успамінаючы Герменчука, Пазьняк выказаўся сьцісла:
«Ён быў і вельмі здольным палітыкам, удзельнічаў у распрацоўцы ўсіх нашых законапраектаў. Ён меў талент аратара, мог добра аналізаваць, добра выступаць».
Алег Трусаў быў яшчэ ў БССР вядомым археолягам, часта праводзіў раскопкі. У Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня працаваў у фракцыі БНФ. Герменчука добра памятае. Яшчэ з тых часоў, калі карэспандэнт «Голасу Радзімы» прыяжджаў на раскопкі ў Мірскі замак, браў у яго інтэрвію.
Хлопец быў высокі, вясёлы. Дзяўчаты з археалягічнай экспэдыцыі адразу зьвярталі на яго ўвагу. Цудоўная беларуская мова.
Трусаў таксама стаў дэпутатам, быўшы камуністам. Кажа, і выходзілі з КПСС разам. Гэта адбылося неўзабаве. Выйшлі цэлай групай. Рашэньне ўзьнікла пасьля выхаду з партыі Барыса Ельцына ў Маскве (гэта адбылося 12 ліпеня 1990 году на XXVІІІ зьезьдзе КПСС). Той выхад паслужыў штуршком. Алегу Трусаву запомнілася, што гэта якраз было ў ліпені, яны, дэпутаты-апазыцыянэры Вярхоўнага Савету БССР, «вырашылі разьвітацца з камуністычнай партыяй, таму што ясна было, яна ў сацыял-дэмакратыю ператварацца ня хоча. І мы прынялі адпаведную заяву, і з партыі амаль усе (з фракцыі БНФ) выйшлі». Астатнія выйшлі ўжо ў наступным годзе, пасьля падзей у Вільні, кажа Алег Трусаў: «А Гермянчук выйшаў разам з намі. Я выходзіў, Заблоцкі, Папкоў і іншыя. У Вярхоўным Савеце зачыталі на сэсіі заяву, што мы выходзім».
Рэдактарам «Свабоды», якую Дубавец стварыў у 1990-м, Ігар стане праз год — у красавіку, самога Дубаўца захопіць тады наступная справа — адрадзіць «Нашу Ніву».
Ён успамінаў: «Але й „Свабода“ тым часам пачала афармляцца ў самастойнае выданьне, хаваць якое не было сэнсу. Тады й прыйшла ў галаву думка перадаць гэты даробак іншаму рэдактару — Ігару Герменчуку, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савету. Заўважу, што перадавалася не прадпрыемства і ня ў поўнай меры газэта, а толькі эскіз, брэнд, які, праўда, ужо меў сваю публіку».
Так мінуў год дэпутацтва. Гермянчук — малады, прычым апазыцыйны, палітык. Новая дзейнасьць яго натхняе. Вярхоўны Савет становіцца асноўным месцам працы. У АПН, як тады лічылася — па месцы асноўнай працы, ён зьяўляецца пераважна, каб атрымаць карэспандэнцкі заробак. Ён ня мусіць цяпер шукаць людзей, дамаўляцца на інтэрвію, сьпісваць з дыктафона, рыхтаваць публікацыі. Журналістыка робіцца для яго выразна менш важнай справай. Ён папросту фізычна пачынае адчуваць, што сыходзіць у палітыку як такую, у дэпутацкія абавязкі перад выбаршчыкамі.
І менавіта ў той момант паступіць прапанова ад Дубаўца ўзяць «Свабоду».
Колішнія думкі-мары завіравалі: пра «Вястун», падпольны друк. Патаемныя пляны і з асабістай рызыкай вынесеныя з паліграфкамбінату шрыфты. Успыхнуў у душы агонь былых жаданьняў, юначыя летуценьні пра сваю газэту. Для якіх сёньня — усе магчымасьці. Бяры і рабі.
Доўга не раздумваў. «Калі ня я, то хто?» — запытаўся ў сябе. І «Свабода» забярэ яго з палітыкі, не адразу, але забярэ з палітычнага фронту на газэтны, на фронт барацьбы за свабоду слова і за саму Беларусь, але іншымі сродкамі. Парлямэнцкую трыбуну памяняе на газэтную. Сваімі рукамі стане ўмацоўваць, пашыраць, ператвараць у гучны звон на беларускай вежы. «Я гатовы».
«Свабода» яго ўзвысіць, узьнясе на газэтны Алімп, але ў канцы, можна сказаць, і пагубіць. Не сама яна, і пад іншай ужо назвай, а чужы гвалтоўны чын — калі яе ў яго забяруць.
«Спадар Свабода». Кніга Сяргея Астраўцова пра Ігара Герменчука
1. «Час пісталетаў»
2. Як у Менску ў канцы 1970-х ладзілі падпольную друкарню
3. Як будучыя дэпутаты незалежнасьці сустрэліся па дарозе з Салаўкоў
4. Аўтаспынам на журфак
5. Такой мовай у парлямэнце яшчэ не прамаўлялі
6. Як Лукашэнка Кебічу паціснуў два пальцы, а Пазьняк не падаў рукі
7. Пацалунак Кебіча і Чарнамырдзіна
8. «Ноч доўгіх нажэй»
9. Думкі аб прэзыдэнцтве
10. Газэта зь пятлёй на шыі
11. Газэта зь пятлёй на шыі
12. «У нашым краі пануе чужак»