Свабода публікуе разьдзелы новай кнігі Сяргея Астраўцова «Спадар Свабода. Жыцьцё і сьмерць Ігара Герменчука».
«Спадар Свабода» — драматычны аповед пра Ігара Герменчука, журналіста і палітыка, аднаго з бацькоў незалежнасьці Беларусі, рэдактара газэты «Свабода». Газэта пісала праўду пра чынавенства, таму выходзіла пад пастаянным ціскам з боку кіраўніка ўраду Кебіча, а ў часы прэзыдэнта Лукашэнкі была забароненая. Рэдактара-прафэсіянала звольнілі з пасады «за непрафэсіяналізм», што, магчыма, прычынілася да ягонай раньняй сьмерці.
Белыя армейскія ночы
У ваенкамаце сказалі: або Ўкраіна, або Ленінград. А пасадзілі ў цягнік — і як пайшоў, пайшоў... І зусім не ў паўднёвым кірунку. Значыць, суседняя Ўкраіна адпадае. Але што тады? Ленінград? Абяцалі ж. Але пайшлі чуткі, што ніякі Ленінград ім ня сьвеціць. «Архара» вам, хлопцы! Што такое «Архара»? Архангельск.
Рана журыцца, запэўніў афіцэр. Калі ў Архангельску пакінуць, лічы, шчасьлівы білет дастаўся. Архангельск — гэта яшчэ не канец. Іншыя з вас паедуць, куды Макар цялят не ганяў. Да белых мядзьведзяў. Як трапіце на кропку, у дывізіён, у завею па вяроўцы ў сарцір хадзіць будзеце, каб не згубіцца. Струмень на марозе замярзае. Навокал толькі тундра. І нікога, і нічога.
Архангельск? Значыць, на моры, як спачатку здалося? (Горад стаіць у дэльце Паўночнай Дзьвіны, што ўпадае ў Белае мора.) Гермянчук паспрабаваў утрымаць настрой у руках.
«Купацца будзем, таварыш капітан?» — «Купацца? Калі для цябе пятнаццаць градусаў не пытаньне, можна і акунуцца. Улетку, калі разагрэе».
На гэтым размова абарвалася. Сустрэў горад за Палярным кругам. Эмблемы і шаўрон са скрыжаванымі гарматамі часоў Пятра І. Такія мелі што артылерысты, што ракетчыкі. Для «маскіроўкі». У 10-й арміі супрацьпаветранай абароны яны таксама былі самымі распаўсюджанымі.
Сокалаў-Воюш успамінаў пазьней пра адраджэнскія, «майстроўскія» часы:
«Гермянчук у той час служыў у войску. У Архангельску, ягоная мянушка была Архангел, адпаведна. І я ведаю, што каб ён не выпадаў зь беларускага кантэксту, каб не выпадаў зь беларускага жыцьця, Вячорка і Дубавец досыць часта адсылалі яму беларускую прэсу. Набывалі ўсё, што выдаецца ў Беларусі, і пасылалі яму туды ў войска».
Сам Ігар напіша, перад тым як пайсьці ў ваенкамат:
«Я ўжо амаль лысы. Заставіў толькі 2–3 см... Слухай, Сяргей, у партыю табе трэ ўступіць абавязкова, і мне таксама. Таму што першым пакараньнем нашым у якім-небудзь выпадку будзе выключэньне з партыі. Strata nievialikaja».
Гэта будзе 10 траўня 1979-га. Яшчэ не салдат, а ўжо такія, зусім «не адраджэнскія» думкі. А мне здавалася, што першы раз такое прыйдзе яму да галавы пазьней, калі апынецца ў вайсковай рэдакцыі, калі будзе нагода задумацца: а ці не застацца ў газэце? Табе і за пасаду, і за званьне, і ганарар, а тым жа часам ты рэальна не на службе, як астатнія.
З уласнай «партыйнай» парады ён з часам і скарыстаецца. Пазьней і ў іншых акалічнасьцях.
А гэта пачатак першага вайсковага ліста ад Герменчука:
«Дзень добры, браце. Вось ужо з 14 траўня я сапраўды твой калега. Але самае горшае, што лёс закінуў мяне за цэльных дзьве тысячы кілямэтраў ад родных мясьцін. Як тут называюць, у „город трески, город тоски“. Зараз стаю днявальным. Тры гадзіны ночы. А на вуліцы сапраўдны дзень».
З шараговым, пазьней яфрэйтарам Герменчуком ліставаліся некалькі адрасантаў, вузкае кола прыяцеляў, якія рабілі гэта на беларускай мове, што ў тыя часы выглядала амаль архаічна. У пэўным сэнсе і лісты тыя нярэдка нагадваюць сваім ладам стылізацыю пад вясковыя гутаркі даўнейшых пісьменьнікаў. Альбо прыпадабненьне да стылю, скажам, «Хрыста», які «прызямліўся ў Гародні». Бо не абысьціся было без падспуднага пытаньня: калі пісаць «не як усе савецкія людзі», то тады як?
Вінцук Вячорка ўспамінае: калі Герменчука забралі ў войска, слаў яму газэтныя выразкі, што датычылі беларушчыны, культуры, пісаў пра свае знаходкі ў віленскіх бібліятэках. Вінцука абавязковасьць службы абмінула, бо вучыўся на дзённым філфаку.
Пачак карэспандэнцыі, атрыманай Ігарам у архангельскай казарме, захаваўся. Ён стане парлямэнтарыем, затым рэдактарам самай значнай апазыцыйнай газэты, а лісты захаваюць для яго сваю пачатковую каштоўнасьць. Большасьць пошты была ад Дубаўца.
18.9.79. «Ты, спадзяюся, напішаш нарэшце падрабязнае апісаньне пра гэты Архангелагорск, бо ўжо войска — мне зразумела, а вось як места і людзі — не», — рабіў запыт Герменчуку Дубавец наконт наступнага ліста — пра што хацелася б даведацца.
І — крыху высакамоўна — парада ці заклік — трымаць у галаве іхні Мір у далёкім Архангельску:
«Бо — Як Мір скажа,
Як Мір асудзіць —
так і будзе».
Насамрэч гэта народная прыказка, ад якой нібыта паходзіць назва мястэчка Мір.
Цяпер даводзіцца пісаць шмат на вайсковыя тэмы, «хлусіць», называе гэта Дубавец. Але такая ахвяра вартая іхнай будучыні, і вось чаму: у астатнім пісаць неабходна толькі тое, што падказваюць сэрца, сумленьне, твая самасьвядомасьць! Галоўнае: не падмануць сябе!
І парада-развага, што пісаць наогул варта пра ўсё. Але. Большасьць «пісак» цяпер пішуць «несьвядомыя творыкі». Таму што і сам народ ня мае ні самавызначэньня, ні сьвядомасьці. Чаму ж тады самавызначыўся Караткевіч? Адказ-дапушчэньне:
«Ведаеш, вельмі хворы чалавек. Хвароба пазбавіла яго ўсялякае пэрспэктыўнае думкі. Яму няма чаго губляці, і таму ён піша сумленна, сьмела».
І нечаканая настойлівая парада пад заслону — пісаць вершам, наогул спрабаваць пісаць вершы.
Пісаць пра парцянкі
Мора, што ні кажы, цешыла. Не бываў ён на моры ніколі. А чаму Белае? Бо вечна пад ільдом. Больш за паўгода.
Вятры дзьмуць. Але назвы іх цікавыя, блізкія нават чымсьці.
- «Сіверка» — што значыць паўночны — з найгоршых.
- «Поўнач» — гэта паўночна-ўсходні, нічым ня лепшы.
- «Полудзен», «летнік» — значна весялейшы, бо паўднёвы. Назва сагравала.
На палітзанятках, потым у газэце, давялося спасьцігаць усю армейскую геаграфію.
10-я асобная армія супрацьпаветранай абароны. Поўная назва такая. Архангельская, карацей. Называлі яшчэ «паўночнай». Паўночны тэатар ваенных дзеяньняў. Тэарэтычна-патэнцыйны. Зона адказнасьці: ад мяжы зь фінамі і Нарвэгіяй да самай Чукоткі. Чукотка ўжо належыць Хабараўскай арміі, адзінаццатай. А тут табе Ледавіты акіян, Зямля Франца-Іосіфа, Новая таксама. Увесь гэты бясконцы край, неабсяжныя льды і сьнягі. Вечны мароз. Бязьлюдныя суцэльна абшары, толькі часам чумы аленяводаў. Унутры калатун. То палярны дзень, то палярная ноч. Ні дарог, нічога. Надзея толькі на лётчыкаў і ў цяплейшы час — на рачных капітанаў. Такая экзотыка. Хай сабе не зусім па-добраму, але маштаб захапляў.
«Пісаць пра парцянкі» Ігар не любіў. Хочаш ня хочаш, галава напаўнялася непатрэбнай інфармацыяй. Але цяпер гэта было яго жыцьцём, калі, вядома, служба і жыцьцё — гэта тое самае.
Самая горшая — чацьвёртая дывізія. Палярная. Штаб на Новай Зямлі. Як там можна жыць? Гэта як пакараньне.
Самая лепшая — тая, што лічыцца Петразаводзкай. А «наша» — гэта якой штаб у Васькове, пасёлак такі. Ардэнаносная, «сувораўская». Паветраны шчыт штаба арміі. Баявы шлях на палітзанятках вучылі на памяць. Сталінград, Курская дуга, «Багратыён». Твае мясьціны, Гермянчук, вызваляла, ганарыся, нагадваў камузвода. Сапраўды, называлася «Гомельскай».
Авіячасьці арміі калісьці дайшлі з баямі да Бэрліну і Прагі. У Ленінскім пакоі ўсе этапы былі адзначаныя.
Але штурм Бэрліну быў даўно. Цяперашнія гераічныя старонкі складаліся ў тым ліку зь неафіцыйнай часткі: армія абараняла ад падступнага праціўніка Салаўкі і Беламорканал. Ужо нястрашныя Салаўкі. І Беламорканал больш не называўся ўдарнай гулагаўскай будоўляй. Але Гермянчук ужо нешта чуў пра кнігу Францішка Аляхновіча «Ў кіпцюрох ГПУ».
Барадаты зь беларускім вымаўленьнем
Апошнія дні лета. 1980 год. Надворʼе гарачэйшае, чым звычайна. Сухмень. Гараць тарфянікі. Па Белым моры плыве цеплаход. Курсам на Архангельск. На борце група менскіх турыстаў. Вяртаюцца з Салавецкіх астравоў. Уражаньне пасьля былой сталінскай турмы ў манастырскіх мурах прыўзьнятым не назавеш. Зь цеплахода — у сталоўку. Называлася яна прымяншальна-ласкава: «Лебёдушка».
Згаладнелі ў дарозе па-сапраўднаму. І зьнянацку турысты чуюць беларускую гаворку, і вачам цяжка даць веры — зьвяртаецца салдат. Пагоны чорныя, сам сьветлы.
— Смачна есьці ды быць дабру, — як вам расейскія прысмакі? І называецца затым: — Ігар Гермянчук, студэнт журфаку БДУ, шараговец тэрміновай службы.
Салдат! «Ды гаворыць неяк так з фасонам, не раўнуючы Лёсік ці Станкевіч, — успамінае Пятро Садоўскі. — Так і сказаў — шараговец. Я тады гэтае слова не ўжываў. Вось, думаю, як трапна лягло». А сам салдацік — «худзенькі-худзенькі, шыйка, як у жорава, што выглядае, як кветка з гарлачыка, аздобленага зьверху вайсковым „падваратнічком“».
Што яшчэ ў памяці захавалася? За сталом усе, нават хто ніколі слова беларускага не сказаў, пачынаюць хапацца за родную мову, не адставаць. «Нарадзілася нейкая пяціхвілінная архангелагародзкая беларуская дыяспара...» Размаўлялі нядоўга, Гермянчук сьпяшаўся ў казарму. Пра што? Пра беларускія навіны, пра любімую газэту «Літаратура і мастацтва». «Мы пазнавалі сваіх аднадумцаў па чытаных кнігах, па роднай мове, якая тады гучала менш, чым цяпер», — падсумуе Садоўскі.
27 верасьня 1980 году Гермянчук напіша Дубаўцу:
«Прывітаньне, братка. Зь месяц таму ў мяне была адна з самых прыемных сустрэч за апошнія паўтара года. Неяк зайшоў павячэраць у сталовую. Стаю ў чарзе. Уперадзе невялічкая група. З выгляду турысты. І тут пачуў, што барадаты, які стаіць наперадзе мяне, павёў гаворку на мове, з прыемнейшым беларускім вымаўленьнем. Я да яго. Сапраўды, зь Менску. Яго і астатніх зьдзівіла, што на мове размаўляю. У іх было дужа мала часу. Сьпяшаліся ў аэрапорт. Ужо дамоў ляцелі. З хвілін дзесяць-пятнаццаць (пакуль стаялі ў чарзе і елі) гаварыў зь імі. У асноўным з гэтым барадатым. Назваўся Садоўскім, навуковы супрацоўнік з інстытуту мовазнаўства. Да халеры знаёмае прозьвішча, думаю. Толькі адкуль, не магу ўспомніць. А неяк, перачытваючы „ЛіМы“, якія апошні раз даслаў Вінцук, зноў праглядзеў артыкул аднаго з чэрвеньскіх нумароў, у якім ідзе гаворка аб мове і вымаўленьні дыктараў бел. радыё, TV, артыстаў тэатра і г. д. Аўтар — гэты ж Садоўскі. Яшчэ больш стаў паважаць яго».
Пра тую сустрэчу Ігар нагадае Садоўскаму празь пятнаццаць гадоў. Яны, дэпутаты Вярхоўнага Савету, разам будуць удзельнічаць у галадоўцы супраць першага рэфэрэндуму прэзыдэнта Лукашэнкі. Галадаць не дадуць. Уначы іх чакаў хапун.
«Брутальна выцягнулі ва ўнутраны двор Дому ўраду, зьбівалі дручкамі і ботамі і запіхалі, кідаючы адзін на аднаго, у цесныя закратаваныя варанкі. Я аказаўся ў адной кампаніі з Алегам Трусавым, Лявонам Баршчэўскім, Аляксандрам Шутом ды Ігарам, — напіша пазьней Садоўскі. — На нас з Трусавым зьверху кінулі Баршчэўскага і Герменчука. „Ну, Вінцэнтавіч, мы з вамі і сустракаемся, як у хапун, — пажартаваў Ігар, — то на Салаўках, то ў міліцэйскім варанку“. На другі дзень у жывым эфіры прэзыдэнт скажа, што нас вывозілі з будынку Вярхоўнага Савету на мяккіх аўтобусах...»
«Спадар Свабода». Кніга Сяргея Астраўцова пра Ігара Герменчука
1. «Час пісталетаў»
2. Як у Менску ў канцы 1970-х ладзілі падпольную друкарню
3. Як будучыя дэпутаты незалежнасьці сустрэліся па дарозе з Салаўкоў
4. Аўтаспынам на журфак
5. Такой мовай у парлямэнце яшчэ не прамаўлялі
6. Як Лукашэнка Кебічу паціснуў два пальцы, а Пазьняк не падаў рукі
7. Пацалунак Кебіча і Чарнамырдзіна
8. «Ноч доўгіх нажэй»
9. Думкі аб прэзыдэнцтве
10. Газэта зь пятлёй на шыі
11. Газэта зь пятлёй на шыі
12. «У нашым краі пануе чужак»