Ізраільцянку Нааму Ісахар, якую ў Расеі асудзілі на 7 з паловай гадоў пазбаўленьня волі за кантрабанду наркотыкаў і якую напярэдадні памілаваў прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін, вызвалілі з калёніі ў Падмаскоўі, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на Фэдэральную службу выкананьня пакараньняў.
Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу захацеў асабіста забраць з Расеі памілаваную ізраільцянку. Пра гэта паведаміў яе адвакат Аляксей Дабрынін, піша ТАСС. 30 студзеня Нэтаньягу прыбывае ў Маскву з кароткім візытам для перамоваў з Пуціным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраільцянка, асуджаная ў Расеі за наркотыкі, папрасіла памілаваньня ў ПуцінаУ кастрычніку 2019 году расейскі суд прыгаварыў Ісахар да 7,5 года калёніі за нібыта кантрабанду наркотыкаў. У красавіку 25-гадовая ізраільцянка ляцела з Індыі ў Тэль-Авіў зь перасадкай у Маскве, у яе багажы знайшлі амаль 10 грамаў гашышу. Ісахар прызнала факт захоўваньня наркотыку, але катэгарычна адпрэчыла абвінавачаньне ў кантрабандзе і настойвала, што не перасякала мяжу Расеі.
23 студзеня Уладзімір Пуцін падчас афіцыйнага візыту ў Ізраіль сустрэўся з маці ізраільцянкі і паабяцаў улічыць яе просьбу аб памілаваньні дачкі. У той жа дзень ізраільскія СМІ паведамілі аб перадачы Расеі правоў на Аляксандраўскае падвор'е ў Ерусаліме ў абмен на памілаваньне Ісахар. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі не было.
Увечары 29 студзеня Пуцін падпісаў прашэньне аб памілаваньні ізраільцянкі Наам Ісахар.