У Магілёве 29 студзеня з падазрэньнем на каранавірусную інфэкцыю тэрмінова шпіталізавалі мужчыну і жанчыну. Паводле інфармацыі Свабоды, гэта сямейная пара.
Вярнуліся з адпачынку і адчулі недамаганьне
Двое жыхароў Магілёва адпачывалі непадалёк ад узьбярэжжа Кітаю на астравах, — паведаміла Свабодзе прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун. — Па вяртаньні ў Беларусь яны адчулі недамаганьне. На радзіму магілёўцы вярталіся зь перасадкай у Кітаі.
Таму яны вырашылі адразу зьвярнуцца ў мясцовую паліклініку. У іх узялі пробы, якія вывучаюць у Рэспубліканскім цэнтры эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі. Вынікі тэстаў будуць вядомыя на працягу 12 гадзінаў.
Мужчыну і жанчыну маглі пакласьці ў магілёўскую інфэкцыйную больніцу, сказалі Свабодзе супрацоўнікі паліклінікі. Спраўдзіць гэту інфармацыю ў больніцы на момант публікацыі не ўдалося.
Як спрацавалі ў паліклініцы?
Паліклініка не працавала каля гадзіны, калі прыйшлі пацыенты з падазрэньнем на вірус. Мужчыну і жанчыну ізалявалі, дзьверы ў паліклініку зачынілі. Мэдыкі начапілі маскі і адмысловую ўніформу. Панікі не было, сказала Свабодзе супрацоўніца паліклінікі. Яна лічыць, што зьяўленьне такіх пацыентаў магло быць праверкай гатоўнасьці ўстановы да форсмажорных сытуацыяў.
Па стане на 18:00 29 студзеня магілёўская паліклініка №4, дзе шпіталізавалі двух пацыентаў з падазрэньнем на каранавірус, працуе ў штатным рэжыме. Супрацоўнікі паліклінікі адмовіліся гаварыць пра сытуацыю. У мэдычнай установе было шмат людзей: у рэгістратуры вялікая чарга на запіс па працэдуры, ля кабінэтаў таксама стаялі людзі. Паліклініка месьціцца на вуліцы Гарбарнай, гэта ў 10-15 хвілінах ад цэнтру Магілёва.
28 студзеня ў Менскім раёне шпіталізавалі з падазрэньнем на каранавірус беларускага дальнабойніка. Сёньня стала вядома, што падазрэньне не пацьвердзілася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекары не пацьвердзілі выяўленьня каранавіруса ў беларускага кіроўцы, які вярнуўся з КітаяМіністэрства аховы здароўя, а таксама міністэрства спорту і турызму параілі беларусам ня езьдзіць у Кітай. Паводле апошняга ведамства, людзі, якія ўжо набылі туры ў Кітай, маюць права зьвярнуцца ў турфірмы для:
- замены даты падарожжа на пазьнейшыя;
- скасаваньня дамовы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ