«Сэкс-цацкі выкідаць у плястык ці ў агульнае сьмецьце?» Пра што жартавалі на першым фэмінісцкім стэндапе

Першы беларускі ФэмСтэндап у Менску

Жарты пра дзіцячыя траўмы, месячныя, мастурбацыю і крыху пра мужчын на першым беларускім жаночым стэндапе сабралі ў Менску поўную залю.

«Выступаць будуць толькі дзяўчаты. Ня ўсе яны фэміністкі, тым ня менш яны тут чамусьці. І гэта выдатна!» — кажа ва ўступным слове вядоўца і адна з камікэс, Маша Пархімчык. 23 студзеня на пляцоўцы Lo-Fi Customs жартавалі толькі дзяўчаты.

«Быць беларусам у Беларусі — гэта жорстка»

Народу было безьліч, сапраўдны аншляг. Людзі сядзелі, стаялі і нават навісалі з гаўбцоў. Гумарысткі жартавалі пра стасункі, сям’ю, пра «папсовую папулярнасьць» фэмінізму і яго выклікі.

Адзіная беларускамоўная выступоўца Марыя Грыц прынесла сапраўдную беларускую азбуку. Мала таго, што літары там разьмеркаваныя не па парадку. Дык і ў канцы кніжкі для маленькіх дзетак яшчэ і верш Францішка Багушэвіча пра хмаркі як сымбаль сьмерці. Відаць, таму што быць беларусам у Беларусі — гэта жорстка.

Марыя Грыц

Прайшлася Марыя і па рэкляме для маладых маці: напрыклад, пра 38 пунктаў, як прымусіць дзіця заснуць, ці сьпіс месцаў на Тайвані, дзе можна набыць пампэрсы. А замест платных квэстаў прапанавала схадзіць у любую дзяржаўную ўстанову і паспрабаваць вырашыць сваю справу — абсалютна бясплатна.

Бацька Дашы быў Рак паводле гараскопу, і маці ад яго пасьпяхова сышла, — так Даша падзялілася добрай гісторыяй барацьбы з ракам, бо аднойчы зразумела, што ў яе анкафобія.

Даша Чурко да 10 гадоў думала, што ў яе вось-вось мае вырасьці чэлес. А падчас першай мэнструацыі вырашыла, што ў яе спарон. Вось што бывае, калі ў дзіцяці няма належнага полавага выхаваньня.

Даша Чурко

Пра мужчын амаль не жартавалі. Толькі Ганна Філістовіч дапусьціла, што пісуары маглі прыдумаць жанчыны — бо мужчыны заўжды псуюць сьцены. Але ня ўсе — аднойчы хлопчык падчас рамантычнага спатканьня адышоў у кусты і «вывеў жоўтым» яе імя на сьнезе.

Ганна Філістовіч

Каця ж нядаўна шукала, дзе зрабіць аналізы на генэтычныя хваробы, а знайшла аналіз на інтымную здраду. Для гэтага ў мэдыцынскі цэнтар трэба прынесьці выкарыстаны прэзэрватыў.

Каця

Віка разважала, куды можна падзець не патрэбныя ўжо сэкс-цацкі. Калі выкідаць, то ў кантэйнэр з плястыкам ці з агульным сьмецьцем? Альбо даць аб’яву ў суполкі сацсетак «Аддам дарам»? Аднесьці на фры-маркет ці ў Чырвоны крыж?

Віка

Дзяўчыны прайшліся па дзіцячых траўмах, месячных, мастурбацыі. Зноў прыгадалі рак. Дзевяностыя. Фэмінізм. Сьмерць. Фэмінізм. Працу і беднасьць. Экалёгію. Фэмінізм. Ніводная з актуальных цяпер фэміністычных тэмаў не засталася незакранутай.

Каму і навошта патрэбен фэмінісцкі стэндап

FemStandUp — асабістая ініцыятыва Марыі Колб і Ганны Філістовіч. Марыя займаецца ініцыятывай «Больш цела», якая прасоўвае бодыпазытыў і дапамагае справіцца з разладам харчовых паводзінаў. Ганна працуе адміністратаркай у Цэнтры прасоўваньня правоў жанчын «Яе права».

Гэты выступ — ужо трэці этап праекту FemStandUp. На першым этапе ўдзельніцы глядзелі відэа расейскамоўных і замежных выступоўцаў. На другім да іх з майстар-клясай прыяжджала піцерская стэндапэрка Туяна Харавіц. Але да ўдзелу ў выступе запрашалі і «непадрыхтаваных».

«Мы хочам даць пляцоўку, дзе жанчыны змогуць жартаваць бясьпечна, — тлумачыць ідэю адна з арганізатарак Марыя Колб. — Такое месца, дзе можна паказаць сябе, свой гумар. Тое, што жанчыны таксама могуць! Жанчын, якія крута жартуюць, багата».

Марыя Колб