Каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II ўхваліла законапраект аб выхадзе краіны з Эўразьвязу, прыняты раней парлямэнтам. Дакумэнт набыў моц закону. Ён прадугледжвае, што Вялікая Брытанія пакіне Эўразьвяз 31 студзеня а 23-й гадзіне паводле лёнданскага часу (у менску будзе 2 гадзіны ночы 1 лютага).
Закон заснаваны на пагадненьні, заключаным раней прэм'ер-міністрам Борысам Джонсанам і лідэрамі Эўразьвязу. Гэтае пагадненьне яшчэ павінен ухваліць Эўрапарлямэнт. Напэўна, што гэта адбудзецца 29 студзеня. Хаця многія прадстаўнікі краін ЭЗ заяўляюць, што не вітаюць Брэксыт, яны, як чакаецца, ухваляць узгоднены дакумэнт і ня будуць чыніць перашкодаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанскі парлямэнт зацьвердзіў умовы Brexit з 31 студзеняВялікая Брытанія пакідае ЭЗ праз тры з паловай гады пасьля рэфэрэндуму аб Брэксыце, на якім большасьць выбарнікаў нечакана для многіх выказалася за выхад з Эўразьвязу. Дату Брэксыту тройчы пераносілі, бо брытанскі парлямэнт адмаўляўся ўхваліць складзенае з ЭЗ пагадненьне.
Борыс Джонсан, які стаў прэм'ерам летась, заключыў новы варыянт пагадненьня з ЭЗ, а затым дамогся датэрміновых выбараў у брытанскі парлямэнт і атрымаў на іх перамогу. У Палаце грамадаў цяпер большасьць маюць кансэрватары, якія без праблем ухвалілі законапраект.
Пасьля выхаду Брытаніі з ЭЗ пачнецца пераходны пэрыяд да канца гэтага году. Да 31 сьнежня павінна быць заключана новае гандлёвае пагадненьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія захавае санкцыі адносна Беларусі пасьля Brexit