63-гадовы жыхар Бабруйску Ўладзімер Ашмянскі, які правёў 18 год у турме за забойства, расказаў, што яго з «асабістай непрыязі» зьбіў міліцыянт. Пасьля інцыдэнту мэдыкі дыягнаставалі ў мужчыны закрытую траўму брушной поласьці і разрыў селязёнкі, якую яму выразалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Білі, катавалі, мачыліся на галаву — 10 фактаў гвалту, у якіх падазраюць беларускіх міліцыянтаў
Пацярпелы: міліцыянт забараніў хадзіць у цэнтры гораду
Уладзімер Ашмянскі ў 2017 годзе вызваліўся з мазырскай калёніі, дзе адбываў 18-гадовае пакараньне за забойства. Ён інвалід 3 групы, пастаяннага жытла ня мае. Часова зарэгістраваны ў цэнтры начнога знаходжаньня «Бомж» ды наведвае дабрачынную арганізацыю «Справядлівая дапамога». Атрымлівае 173 рублі пэнсіі. З сынам, які жыве ва Ўкраіне, і зь сястрой стасункаў ня мае.
Па словах Уладзімера Ашмянскага, яго пабілі ўвечары 29 сьнежня ў міліцэйскім пастарунку № 12 Бабруйску. Міліцыянт нібыта прычапіўся, што ён часта ходзіць па вуліцы Крылова ў цэнтры гораду, а гэта яму не падабаецца. Гэтага міліцыянта Ашмянскі ня раз бачыў, але як завуць, ня ведае. Пэнсіянэр кажа, што яго завезьлі ў пастарунак і там цягам пяці хвілін білі нагамі. Каб ня выклікаў хуткай дапамогі, кажа пацярпелы, міліцыянты з тэлефона вынялі сім-карту. Адзначае таксама, што ў пастарунку зьнікла ягонае пасьведчаньне інваліда.
Мужчына называе прычынай зьбіцьця «асабістую непрыязь участковага».
«Калі мяне прывезьлі ў міліцыю, то ён адразу нагадаў, што папярэджваў пра вуліцу Крылова, — згадвае пэнсіянэр. — Калі ж я яму адказаў: „Дзе хачу, там і хаджу“, то ён мяне пачаў біць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыянта адправілі ў калёнію ўзмоцненага рэжыму за зьбіцьцё двух чалавек
«Прыходзіў экспэрт і зафіксаваў пабоі»
У траўмапункт Ашмянскі зьвярнуўся праз два дні пасьля зьбіваньня — 31 сьнежня. Траўмы зафіксаваныя ў дакумэнтах аб абсьледаваньні. У выпісцы з Бабруйскай бальніцы хуткай дапамогі пазначана, што 1 студзеня пацыенту зрабілі апэрацыю і два тыдні ён ляжаў у хірургічным аддзяленьні.
Суразмоўца кажа, што па факце выяўленых цяжкіх цялесных пашкоджаньняў супрацоўнікі Бабруйскага міжраённага аддзелу Сьледчага камітэту завялі крымінальную справу. Але сьледчыя не пакінулі яму ніякіх папер.
«Я хачу, каб чалавек, які зрабіў мяне яшчэ большым інвалідам, панёс за гэта пакараньне», — кажа Ўладзімер Ашмянскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі беларусы дазваляюць міліцыі біць і катаваць затрыманых. Дасьледаваньне
СК: падазраваны не зьвязаны з міліцыяй
Афіцыйны прадстаўнік Упраўленьня Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці Анастасія Лаўрыновіч пацьвердзіла Свабодзе, што «па факце прычыненьня мужчыну цяжкіх цялесных пашкоджаньняў» завялі крымінальную справу (ч. 1 артыкула 147 Крымінальнага кодэксу).
«Падазраваным па крымінальнай справе прызнаны 49-гадовы жыхар Бабруйска, зь якім у пацярпелага Ашмянскага напярэданьні была бойка, і які не зьвязаны ніякім чынам з органамі ўнутраных спраў», — сказала прадстаўніца СК.