Генпракуратура Баўгарыі сёньня афіцыйна абвінаваціла трох грамадзянаў Расеі ў спробе атруціць баўгарскага гандляра зброяй Эміліяна Гебрэва, а таксама ягонага сына і супрацоўніка ягонай кампаніі Emco.
Імёны расейцаў улады краіны не называюць. Аднак у Баўгарыі ўжо дамагліся выдачы эўрапейскага ордэру на арышт падазраваных і ўнесьлі іх у сьпіс асобаў, якіх шукае Інтэрпол.
Гебрэў раней заяўляў, што яго спрабавалі атруціць агенты расейскага ГРУ (Галоўнага разьведнага ўпраўленьня Генштабу РФ). Паводле яго, гэта адбылося 28 красавіка 2015 году ў баўгарскім горадзе Бургасе, дзе ён жыў. Экспэртыза ўстанавіла, што пры замаху на бізнэсоўца выкарыстоўвалі рэчыва клясы «Навічок». Аднак у прэсавым рэлізе генпракуратуры Баўгарыі пазначана «неапазнанае фосфараарганічнае рэчыва».
Дасьледнікі Bellingcat і The Insider называлі датычнымі да атручваньня Гебрэва агента ГРУ Сяргея Фядотава (яго сапраўднае імя можа быць Дзяніс Вячаслававіч Сяргееў). Дасьледчыкі выявілі, што Фядотаў знаходзіўся ў некалькіх краінах адначасова з агентамі Пятровым (Аляксандрам Мішкіным) і Башыравым (Анатолем Чапігам), якіх брытанскія спэцслужбы лічаць датычнымі да атручваньня Сяргея і Юліі Скрыпалёў у брытанскім Солсбэры. Фядотаў наведваў Баўгарыю якраз у тыя дні, калі там атруцілі Гебрэва.
На відэа з карпаратыўнага гаража кампаніі Гебрэва, якое некалькі дзён таму распаўсюдзіла баўгарская генпракуратура, відаць чалавека ў масцы, які перасоўваецца паміж некалькімі машынамі супрацоўнікаў кампаніі. Яго асоба афіцыйна не раскрывалася.
Гебрэў зьвязваў замах з тым, што яго кампанія займалася пастаўкамі зброі Ўкраіне, а таксама імавернай цікавасьцю Расеі да яго бізнэсу, а менавіта да вайсковага заводу «Дунарыт». Завод выпускае дэтануючыя шнуры, супрацьтанкавыя і супрацьпяхотныя міны, артылерыйскія і авіяцыйныя боепрыпасы, ручныя гранаты, а таксама прамысловыя выбуховыя рэчывы і іншую прадукцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура Баўгарыі апублікавала відэа падазраванага ў атручэньні «Навічком»Да гэтага прадпрыемства, паводле генпракуратуры Баўгарыі, выяўляў цікавасьць блізкі да Крамля расейскі алігарх Канстанцін Малафееў. У Баўгарыі ён быў зьвязаны з кіраўніком палітычнага руху «Русафілы» Мікалаем Малінавым, якога Пуцін нядаўна ўзнагародзіў расейскім Ордэнам Дружбы. У Баўгарыі Малінаў абвінавачваецца ў шпіянажы на карысьць Расеі, абвінавачваньні яму былі выстаўленыя ў верасьні 2019 года.
Пасьля атручваньня невядомым рэчывам Гебрэў доўгі час знаходзіўся ў коме, з сымптомамі, вельмі падобнымі на тыя, якія былі ў Юліі і Сяргея Скрыпалёў, атручаных «Навічком» у сакавіку 2018 году ў Солсбэры. Затым яго стан палепшыўся. Ён зьвяртаўся да ўладаў, патрабуючы расьсьледаваць, хто яго атруціў, але расьсьледаваньне справы было прыпыненае ў 2016 годзе праз адсутнасьць дадзеных пра злачынцу. Толькі празь некалькі гадоў, калі сьледзтва атрымала дадзеныя аб падабенстве сымптомаў атручваньня Скрыпалёў з сымптомамі, якія былі ў Гебрэва, баўгарскія сьледчыя аднавілі сьледзтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне вядзецца расьсьледаванне супраць «Башырава» і «Пятрова»Брытанскія ўлады лічаць, што ў Солсбэры былога расейскага разьведчыка Сяргея Скрыпаля і яго дачку Юлію спрабавалі атруціць рэчывам «Навічок» Анатоль Чапіга і Аляксандр Мішкін, супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў. Яны, на думку ўладаў Вялікабрытаніі, у сакавіку 2018 году заехалі ў Вялікабрытанію па пашпартах на імёны Руслан Башыраў і Аляксандр Пятроў. Ахвярай атручваньня «Навічком» таксама стала жыхарка брытанскага горада Эймсбэры Дон Стэрджэс, а пацярпелі ад дзеяньняў расейскіх агентаў яшчэ два чалавекі.