Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне вядзецца расьсьледаванне супраць «Башырава» і «Пятрова»


«Башыраў» і «Пятроў»
«Башыраў» і «Пятроў»

У Нямеччыне вядзецца расьсьледаваньне супраць меркаваных супрацоўнікаў расейскай вайсковай выведкі — Галоўнага ўпраўленьня Генштабу Расеі, вядомага як ГРУ, — якіх у Вялікабрытаніі падазраюць у атручэньні падвойнага агента Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў Солсбэры. Пра гэта паведамляе Der Spiegel.

Паводле дадзеных выданьня, расьсьледаваньне вядзе генэральная пракуратура Нямеччыны і фэдэральная крымінальная паліцыя. Яно адкрытае ў сувязі з тым, што расейскія грамадзяне, якія ў справе аб атручэньні Скрыпалёў фігуруюць пад імёнамі Руслан Башыраў і Аляксандар Пятроў, у 2014 годзе правялі тры дні ў Нямеччыне, у раёне Франкфурту-на-Майне.

Акрамя таго, журналісты Spiegel і расьсьледнай групы Bellingcat мяркуюць, што ў Нямеччыне былі кантакты ў камандзіра расейскай вайсковай часткі 29155, меркаванага кіраўніка «Башырава» і «Пятрова». Гаворка ідзе пра генэрал-маёра Андрэя Авяр’янава, героя расьсьледаваньняў шэрагу СМІ, у тым ліку Радыё Свабода.

Spiegel нагадвае пра расьсьледаваньне забойства грамадзяніна Грузіі Зэлімхана Хангашвілі, застрэленага летам сёлета ў Бэрліне. 3 сьнежня Bellingcat і іх партнэры паведамілі, што, паводле іх дадзеных, Хангашвілі застрэліў расейскі грамадзянін Вадзім Красікаў, які прыехаў у Нямеччыну з пашпартам на чужое імя. У пятніцу ў новым расьсьледаваньні Bellingcat сьцьвярджаецца, што ён мог служыць у спэцназе ФСБ «Вымпел». Нямецкія ўлады раней абвінавацілі Маскву ў недастатковым супрацоўніцтве са сьледзтвам у справе аб забойстве Хангашвілі.

Сяргей і Юлія Скрыпалі былі атручаныя ў сакавіку 2018 году рэчывам «Навічок». Яны выжылі пасьля доўгага лячэньня. Сьледзтва ў Брытаніі падазрае ў атручэньні расейскіх грамадзян, якія прыехалі ў краіну па пашпартах на імёны Башырава і Пятрова. Bellingcat і іх партнэры ў расьсьледаваньнях сьцьвярджаюць, што за гэтымі імёнамі хаваюцца афіцэры ГРУ — Анатоль Чапіга і Аляксандар Мішкін. «Башыраў» і «Пятроў» восеньню летась давалі інтэрвію тэлеканалу RT, у якім адмаўлялі дачыненьне да замаху на Скрыпалёў. З тых часоў яны не зьяўляліся на публіцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG