Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік паведаміў БелТА, што беларускія мэдыкі атрымалі «ўсе рэактывы», якія дазваляюць выявіць менавіта новы штам каранавірусу 2019-nCoV, выяўленага ў Кітаі.
Дзеля прафіляктыкі новага захворваньня, запэўнівае міністар, прынятыя ўсе неабходныя захады. У менскім аэрапорце празь цеплавізар выяўляюць людзей з высокай тэмпэратурай, дзяжурыць санстанцыя.
Міністар пацьвердзіў, што ў дзяўчыны, якая нядаўна прыехала з Кітаю і была шпіталізаваная ў Менску з падазрэньнем на кітайскі каранавірус, дыягнаставалі звычайны грып сярэдняй цяжкасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Папярэдні дыягназ — грып». Мінздароўя пра дзяўчыну, шпіталізаваную з падазрэньнем на кітайскі каранавірусКаранік сьцьвярджае, што адносна яе «былі прынятыя ўсе проціэпідэміялягічныя захады». Сама хворая расказала, што ёй давялося працяглы час чакаць, пакуль яе пакладуць у палату, і дамагацца, каб з падазрэньнем на новы вірус яе паклалі не ў агульную, а ў асобную палату. У лякарню яе забралі ў 17 гадзінаў вечара, да канца дня толькі зрабілі ўкол ад тэмпэратуры і ўкол глюкозы, а кроў на аналіз узялі толькі зранку.
Хоць сродкі дыягностыкі новага вірусу ўжо распрацаваныя, але да стварэньня вакцыны можа прайсьці яшчэ ня менш за 6 месяцаў, адзначалі раней расейскія мэдыкі. Сусьветная арганізацыя здароўя цяпер разглядае рашэньне аб абвяшчэньні надзвычайнай сытуацыі ў сувязі з распаўсюдам вірусу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.