«Я проста хацеў зарабіць грошай». Бабруйскіх юнакоў-«мінэраў» пазбавілі свабоды на 4–6 гадоў

Суд Рэчыцкага раёну вынес рашэньне ў крымінальнай справе так званых «мінэраў». Судзілі пяць жыхароў Бабруйску. На момант злачынства ім было 16–​17 гадоў. Старэйшаму — 18.

Суд пакараў іх пазбаўленьнем волі на 4–6 гадоў з прымяненьнем амністыі.

Найбольшыя тэрміны (7 гадоў пазбаўленьня волі) атрымалі 17-гадовы Ільля, які не прызнаў віны, і 18-гадовы Мікіта. Яго абвінавацілі таксама ва ўцягваньні непаўналетніх у злачынную дзейнасьць. Па амністыі суд скінуў Ільлю 2 гады. У выніку 5 гадоў пазбаўленьня волі ён будзе адбываць у калёніі для непаўналетніх.

Мікіту суд зьняў па амністыі адзін год. Сядзець яму давядзецца 6 гадоў.
Астатнія атрымалі 4–5 гадоў пазбаўленьня волі з прымяненьнем амністыі.

«Прашу прабачэньня ў сваіх бацькоў за тое, што я сюды трапіў. Я проста хацеў зарабіць грошай, але ня ведаў, як», — сказаў у апошнім слове адзін з абвінавачаных.

Яго саўдзельнік даводзіў на судзе, што за час, праведзены ў СІЗА, ўсьвядоміў сваю віну ў злачынстве, прасіў строга не караць яго. Ён тлумачыў свае дзеяньні тым, што «пагадзіўся, як малое дзіця, на бясплатныя цукеркі».

«Паддаўся на лёгкія грошы... Калі магчыма, прымяніце да мяне амністыю», — сказаў трэці абвінавачаны.

Наймалодшы віны не прызнаў

Самы малады з групы, 17-гадовы Ільля, зусім не прызнаў віны. Ягоная маці расказвала журналістам перад паседжаньнем, што зь яе сына «робяць арганізатара групы», хоць толькі ў яго аднаго не знайшлі пры вобшуку псыхатропных рэчываў.

«Яго знаёмыя абгаварылі. З адным з групы ён вучыўся ў каледжы. Яшчэ дваіх проста знаў, можа, недзе перасякалі ў кампаніях. У іх знайшлі пры затрыманьні псыхатропныя рэчывы», — лічыць маці.

«Паверце, што я ня маю ніякага дачыненьня да наркотыкаў. Я праўда гэтага не рабіў. У вас павінна быць шмат сумненьняў у маёй вінаватасьці. Нельга судзіць чалавека толькі са слоў іншых людзей. Я зрабіў глупства, калі мяне затрымалі апэратыўнікі. Яны мяне білі, пагражалі мне — і я паддаўся, пачаў казаць пра тое, чаго я не рабіў», — сьведчыў на судзе непаўналетні.

Пры затрыманьні забралі тысячу дозаў

Хлопцаў затрымалі 3 сакавіка 2019 году ў Рэчыцы дзякуючы пільнаму грамадзяніну. Жыхар райцэнтру заўважыў, што нейкія хлопцы ходзяць ад дома да дома, рыюць ямкі ля кустоў і дрэў. На месца здарэньня выехалі міліцыянты. Яны затрымалі аднаго маладога чалавека. Той сказаў, што дзейнічаў не адзін. У аднаго з саўдзельнікаў пры затрыманьні знайшлі пакунак з псыхатропным рэчывам альфа-PVP. Яго хапіла б на 800 дозаў. Агульнай колькасьці знойдзенага пры вобшуках рэчыва хапіла б на тысячу дозаў.

Сьледчыя ня выявілі асобу, якая пастаўляла падлеткам буйныя партыі псыхатропных рэчываў праз інтэрнэт-краму.

Публікацыя падрыхтавана пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Двое трымаюцца, двое сарваліся». Як у Менску былых зьняволеных прывучаюць хадзіць на працу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За маці мне дзякавалі на каленях». Сыны актывістак матчынага руху вярнуліся дахаты