«Папярэдні дыягназ — грып». Мінздароўя пра дзяўчыну, шпіталізаваную з падазрэньнем на кітайскі каранавірус

Прэс-служба Міністэрства здароўя пацьвердзіла, што ў Менску 22 студзеня шпіталізавалі дзяўчыну, якую правяралі на новы кітайскі каранавірус. Але падазрэньні пакуль не пацьвярджаюцца: папярэдне дыягнаставалі грып.

Дзяўчыну даставілі ў Менскую інфэкцыйную лякарню са скаргамі на болі ў цягліцах, тэмпэратурай 38,5°С. Яна расказала, што 20 студзеня вярнулася з Шанхаю.

На момант публікацыі яе трымаюць у асобным боксе, як і іншых пацыентаў зь непацьверджанымі дыягназамі. У яе ўзялі аналізы на рэсьпіраторную групу вірусаў.

Кансыліюм з удзелам галоўнага лекара інфэкцыйнага шпіталя Мікалая Юроўскага і прафэсара, загадчыка катэдры інфэкцыйных хваробаў БДМУ Ігара Карпава паставіў дыягназ, пацьверджаны цяпер лябараторна: грып B сярэдняй ступені цяжкасьці. Але, каб выключыць напластаваньне каранавіруснай інфэкцыі, праводзіцца дадатковае лябараторнае дасьледаваньне.

«Паўтары гадзіны чакала ў прыёмным пакоі з тэмпэратурай каля 39»

Пра тое, што ў дзяўчыны падазраюць кітайскі каранавірус, паведаміў карыстальнік, які назваўся ейным хлопцам. Яго раней правяралі на гэты вірус, калі ён прыляцеў з Кітаю ў Санкт-Пецярбург, але папярэдне дыягнаставалі звычайную вострую рэсьпіраторна-вірусную інфэкцыю. Хлопец наракаў, што ў Менску дзяўчыне дапамагаюць, але недастаткова, каб "высьветліць хутчэй дыягназ і прыступіць да лячэньня».

Сама дзяўчына, 20-гадовая Ганна Ільніцкая, расказала Tut.by, што цяпер ёй зьбіваюць тэмпэратуру іньекцыямі. Мэдыкі заходзяць у ейную палату «ледзь не ў хімабароне».

«Прымалі дзьве з паловай гадзіны, — кажа яна. — Паўтары гадзіны трэба было чакаць у прыёмным пакоі з тэмпэратурай каля 39. У гадзін сем мяне паклалі ў палату. Хацелі спачатку ў агульную, але потым я стала пярэчыць, маўляў, раптам гэта вірус, заражу ўсіх. Паклалі ў трохмесную, але пустую, так што я была адна.

Пракапалі глюкозу, зрабілі ўкол ад тэмпэратуры. Раніцай узялі кроў. І зьбілі зноў тэмпэратуру, якая была 39. Пасьля таго, як узялі ўсе аналізы, перавялі ў асобны ізаляваны бокс і паведамілі, што ў мяне проста грып».

***

Мінздароўя запэўнівае, што адсочвае сытуацыю з каранавірусам 2019-nCoV, які выклікаў успышку пнэўманіі ў раёне кітайскага гораду Ўхань. Беларускія ведамствы працуюць дзеля прафіляктыкі захворваньня сярод тых, хто ўяжджае ў краіну з рэгіёнаў зь «неспрыяльнай» сытуацыяй і папярэджваюць беларускіх турыстаў пра такія рэгіёны. На мяжы і ў нацыянальным аэрапорце ўзмоцнены санітарны кантроль.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ