У раскладзе візытаў дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Майка Пампэо зноў зьявілася Беларусь. Пра гэта стала вядома Свабодзе з дыпляматычных крыніц. У прэсавай службе МЗС Беларусі пацьвердзілі візыт Майка Пампэо ў Менск 1 лютага.
Майк Пампэо наведае Лёндан 29–30 студзеня, пасьля будзе ў Кіеве 30 студзеня і 1 лютага, адтуль прыедзе ў Менск, дзе будзе толькі некалькі гадзін, і 1–2 лютага паляціць у Нур-Султан, 2–3 лютага будзе ў Ташкенце.
МЗС Беларусі пацьвердзіў Свабодзе дату візыту Пампэо ў Беларусь.
«Так. Пацьвярджаем візыт Пампэо ў Менск 1 лютага», – сказаў намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі і лічбавай дыпляматыі МЗС Беларусі Андрэй Шупляк.
Спачатку плянавалася, што Пампэо наведае Беларусь раней: сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных справаў Уладзімерам Макеем 4 студзеня. Ды ўсё эўрапейскае падарожжа дзяржаўнага сакратара давялося адкласьці з прычыны падзеі ў Іране.
Пра візыт у Менск тады пісалі, што Пампэо падчас візыту мае «падкрэсьліць прыхільнасьць ЗША да суверэннай, незалежнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі і пацьвердзіць наша жаданьне нармалізаваць адносіны, каб прасунуць нашы двухбаковыя дачыненьні наперад».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША: візыт дзяржсакратара ў Менск — гістарычны паваротны пункт у дачыненьнях Беларусі і ЗШАПампэо — другі за гісторыю дзяржаўны сакратар ЗША, які наведвае Рэспубліку Беларусь. Да яго ў пачатку 1990-х у Беларусь прыяжджаў Уорэн Крыстафэр. Але гэта ня самыя высокапастаўленыя амэрыканскія госьці ў гісторыі Беларусі: у 1994 годзе Беларусь наведаў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.
17 верасьня мінулага году ў Беларусь прыляцеў намесьнік дзяржаўнага сакратара Дэвід Гэйл. На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ён абвясьціў пра рашэньне вярнуць амэрыканскага амбасадара ў Беларусь.
Беларусь выслала амбасадара ЗША ў 2008 годзе пасьля таго, як Вашынгтон наклаў на яе санкцыі за парушэньні правоў чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю