«Сакратар Пампэо пацьвердзіў моцную прыхільнасьць ЗША да сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі», — заявіла прэсавая сакратарка Дзярждэпартамэнту ЗША.
6 студзеня адбылася тэлефонная размова міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея зь дзяржаўным сакратаром ЗША Майкам Пампэо.
Як гаворыцца ў паведамленьні на сайце МЗС Беларусі, у гутарцы Пампэо растлумачыў прычыны пераносу тэрміну свайго візыту ў Беларусь.
«Зь беларускага боку пацьверджана гатоўнасьць прыняць Дзяржаўнага сакратара ЗША зь візытам у ўзаемапрымальныя даты, адзначана важнасьць адкрытага абмену думкамі па пытаньнях разьвіцьця двухбаковых адносінаў, сытуацыі ў рэгіёне і сьвеце ў цэлым».
На сайце таксама адзначаецца, што падчас абмеркаваньня сытуацыі на Блізкім Усходзе Ўладзімер Макей «выказаў асуджэньне любых дзеяньняў, якія парушаюць прадугледжаныя Венскай канвэнцыяй аб дыпляматычных зносінах прывілеі і імунітэты дыпляматычных прадстаўніцтваў».
У сваю чаргу прэсавая сакратарка Дзярждэпартамэнту ЗША Морган Артагус заявіла: «Дзяржсакратар высока ацаніў падтрымку Беларусі ў асуджэньні нападу на амбасаду ЗША ў Багдадзе. Сакратар Пампэо пацьвердзіў моцную прыхільнасьць ЗША да сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі, і падкрэсьліў нашы ўзмоцненыя двухбаковыя адносіны».
Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо адклаў заплянаваную на пачатак году паездку ва Ўкраіну, Беларусь, Казахстан, Узбэкістан і на Кіпр, каб засяродзіцца на сытуацыі ў Іраку, дзе дэманстранты напалі на амбасаду ЗША. Пампэо адклаў паездку «ў сувязі з неабходнасьцю сакратара знаходзіцца ў Вашынгтоне, каб працягваць маніторынг бягучай сытуацыі ў Іраку і гарантаваць бясьпеку амэрыканцаў на Блізкім Усходзе», — заявіла тады Артагус.
Прыхільнікі ірацкіх ваенізаваных груповак, якія падтрымлівае Іран, у канцы мінулага году штурмавалі пэрымэтар амбасады ЗША. Яны адступілі 1 студзеня пасьля таго, як Вашынгтон накіраваў дадатковыя войскі і пагражаў рэпрэсіямі супраць Тэгерану. А 3 студзеня ў выніку паветранага ўдару па міжнародным аэрапорце Багдаду, сталіцы Іраку, быў забіты генэрал Касэм Сулеймані, кіраўнік сілаў «Кудс» — падразьдзяленьня Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, адказнага за спэцыяльныя апэрацыі на тэрыторыі замежных дзяржаваў.
Візыт Пампэо ў Менску, паводле прэс-рэлізу Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, меўся «падкрэсьліць прыхільнасьць ЗША да суверэннай, незалежнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі, і пацьвердзіць наша жаданьне нармалізаваць адносіны, каб прасунуць нашы двухбаковыя дачыненьні наперад».